Пра службу ў Афганістане расказвае воін-інтэрнацыяналіст Франц Рудзінскі
12:00 / 15.02.2025
Грозны – Кабул – Кандагар
Воін-інтэрнацыяналіст Франц Рудзінскі ў школе да апошняга не мог вызначыцца з будучай прафесіяй: і тэхніка вабіла, і майстраваць падабалася, і нечаму новаму навучыцца хацелася. У выніку ў старэйшых класах хлопец прыняў філасофскае рашэнне: прыйду з арміі, тады і вызначуся.
Родам мужчына з Анкудаў, што ў Ашмянскім раёне. Пасля заканчэння «васьмігодкі» ў сваёй вёсцы, у сярэднюю школу хадзіў у Ашмяны. Таксама ад ваенкамата адвучыўся на вадзіцеля грузавіка і нават паспеў крыху папрацаваць слесарам у мясцовым саўгасе. Павестку прыняў як належнае.
Пытання служыць ці не ў моладзі 80-х нават у думках не ўзнікала. Прайсці армейскую навуку лічылася не толькі абавязкам, але і справай гонару. І 21 красавіка 1986 года Франц пайшоў у войска.
Расказвае Франц Рудзінскі:
Усё вырашылася ў Грозным: не паспелі прыбыць у часць, як аб’явілі пастраенне, дзе нам паведамілі: будзеце рыхтавацца да адпраўкі ў Афганістан. Пачалася вучоба: страявая, бег па роўнай мясцовасці і па гарах. Ды не ў красоўках і шортах з майкай, а ў ботах, бронежылеце і з заплечнікам з неабходным вайсковым наборам. Дадайце сюды яшчэ нязвыклую для нас спёку – было складана. Але мы, беларусы, народ трывалы – нас так проста не возьмеш! (Усміхаецца.) Мінуў тыдзень – прывыклі.
Вучэбка ў Грозным працягвалася з мая да кастрычніка. Затым адправілі ў Ташкент, адтуль на самалёце – у Кабул. А там на аэрадроме ўжо «купцы» чакалі. Памятаю, падышоў да нас капітан і кажа, што патрэбны 2 вадзіцелі. Я і яшчэ хлопец са Смаргоні рукі паднялі. Вось так і трапіў у полк сувязі, што размяшчаўся ля Кабула і дзе прайшла мая служба.
Першыя паўгода мы, так бы мовіць, праходзілі адаптацыю: хадзілі ў каравулы, у нарады па сталовай – звычайныя армейскія будні. А пасля пачаліся выезды. Ездзілі невялікімі калонамі – машын 15. Спачатку ў мяне быў ГАЗ, на якім вазіў апаратуру для сувязі. Пазней перасеў на ЗІЛ, дзе ўнутры стаялі волгаўскія маторы і давалі ток для сувязі.
Выезды былі працяглымі, таму ў сваёй часці затрымліваўся ненадоўга. Напрыклад, спачатку паехалі ў Кандагар. Колькі былі ў дарозе ўжо не помню, бо ехалі днём і ноччу, прыбыўшы ў пункт прызначэння, затрымаліся там на некалькі месяцаў. Такіх выездаў за час службы было некалькі. Усе больш-менш спакойныя.
Акрамя апошняга, які дакладна ніколі не забуду.
Гэта было 24 снежня 1987 года. Мы тады ехалі калонай непадалёк мяжы з Пакістанам. Шлях да пункта прызначэння ляжаў праз поле – лепшай мішэні не трэба. Душманы не прымусілі сябе доўга чакаць – пачаўся мінамётны абстрэл. Спачатку наступіла секундная разгубленнасць, а затым – загад адступаць да бліжэйшых гор. Аднак гэта асабліва не дапамагло, таму вырашылі, што трэба вырывацца з засады. Я паспеў скочыць у машыну, завесці яе і націснуць на газ. А двое хлопцаў, што былі непадалёк, толькі паспелі залезці ў кабіну, як побач разарвалася міна – яны загінулі. Мне ўдалося падчапіць адну нашу машыну і выцягнуць з гэтага пекла, а пасля вярнуцца яшчэ за адной. Пра што думаў у той момант? Ды ні аб чым! Трэба было проста ратаваць сваіх і хутчэй пакідаць месца абстрэлу. Атакавалі з-за гор, дзесьці сядзеў карэкціроўшчык і камандаваў, куды цэліць, таму нам трэба было тэрмінова знікнуць з яго поля зроку. І праўда, як толькі мы ад’ехалі далей, абстрэл спыніўся. Але на тым полі назаўсёды засталіся нашы хлопцы…
Што ўразіла падчас службы? Да спёкі прывыклі яшчэ ў Грозным. Дзіўна, але ў Афганістане мы нават не абгаралі на сонцы, проста паступова пачарнелі. (Усміхаецца.) З вадой было напружана. Нам яе піць проста так не давалі – варылі ў ёй вярблюжую калючку і ўжывалі толькі гарачай. А ўсё таму, што студзёнай вып’еш безліч – і ўсё роўна піць хочацца, а вось гарачая ці цёплая вада цудоўна наталяе смагу.
Больш за ўсё ўразілі горы: унізе спавітыя зялёным дываном, а зверху пакрытыя бялюткім снежным капелюшом. Ганарыстыя, непахістыя, непакорныя… Дзе б пасля ні бываў, такой прыгажосці не бачыў…
Франц Эдуардавіч дэмабілізаваўся ў маі 1988-га. Са свайго прызыву пакідаў часць амаль апошнім – чакаў, пакуль прышлюць змену. Мужчына прызнаецца, што ляцець на самалёце з Кабула было страшна – былі выпадкі, што такія борты ў паветры збівалі. Таму калі ім паведамілі, што яны перасеклі мяжу, – усе дружна выдыхнулі і радасна ўскрыкнулі « Ура-а-а!»
Бацькі Рудзінскага ведалі, дзе служыў сын. Па суседстве жыў хлопец, які таксама прайшоў Афганскую вайну, і ледзь толькі ўбачыў здымкі, што Франц прыслаў дадому, тут жа заўважыў форму без пагонаў – такую насілі толькі ў адным месцы. Ці трэба казаць, што бацькі з нецярпеннем чакалі сына дахаты. А калі ён вярнуўся – ноч не спалі, не маглі нарадавацца, што ён дома, што жывы.
Пасля арміі Франц Эдуардавіч крыху працаваў у Вільнюсе, а затым вярнуўся на радзіму, ажаніўся і пераехаў у Астравец. Доўгі час быў станочнікам, піларамшчыкам, а калі арганізацыю расфарміравалі – уладкаваўся ў жыллёва-камунальную гаспадарку, дзе працуе і цяпер.
– Армія навучыла быць дысцыплінаваным, стрыманым, адказным – не толькі за сябе, але і за таварыша, – прызнаўся воін-інтэрнацыяналіст. – Армейскае сяброўства сапраўднае, для яго няма паняцця выгада карысць, здрада, нязручнасць. У нашай роце было 30 чалавек з усіх 15-ці рэспублік Савецкага Саюза, і мы жылі адной сям’ёй. Вось такія моманты і захоўваю ў памяці з Афганскай вайны. Мабыць, таму яна і адпусціла – ужо не сніцца. Але 15 лютага нездарма называецца Днём памяці – абавязкова ўспомню ўсіх, з кім служыў, – памерлых і жывых.