Як астраўчане здавалі экзамен на трактарыста ў цэнтры райсельгасхарчу ў Варнянах
Летам наша газета пісала пра тое, што цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перакваліфікацыі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, які ў народзе па-ранейшаму называюць вытворча-вучэбным камбінатам, прайшоў сертыфікацыю і атрымаў дазвол для навучання трактарыстаў-машыністаў катэгорыі “С”. Для гэтага спецыялісты ўстановы з дапамогай зацікаўленых у падрыхтоўцы падобных рабочых кадраў прадпрыемствыаў і арганізацый раёна за месяц пабудавалі ўласны аўтадром.
Дырэктар цэнтра Аляксандр Багдановіч запрасіў журналістаў на першы пасля непрацяглага перапынку экзамен на атрыманне пасведчання вадзіцеля калёсных трактараў і самаходных машын.
Зазначу, што ў Гродзенскай вобласці з 5-ці вучэбных цэнтраў толькі Астравецкі і Мастоўскі на сёння маюць дазвол на падрыхтоўку і перападрыхтоўку трактарыстаў.
На працягу 4-х месяцаў 15 чалавек, у тым ліку адна дзяўчына, у тэорыі і на практыцы спасцігалі прамудрасці трактарысцкай справы. У вызначаны дзень яны павінны былі пацвердзіць, што не гублялі часу на занятках.
Напачатку ў аўдыторыі кожны экзаменуемы атрымаў індывідуальную карту і білет з 10-цю заданнямі па правілах дарожнага руху. На яго выкананне адводзілася 15 хвілін. Залік можна было атрымаць і з адной памылкай. Адзначыла для сябе, што многія літаральна за некалькі хвілін, справіліся з тэорыяй. Як потым паведамілі члены камісіі, усе кандыдаты ў трактарысты правільна рашылі білеты.
Практычная частка экзамену праходзіла на аўтадроме цэнтра райсельгасхарчу ў Дубніках непадалёк ад былога панскага маёнтка. Пляцоўка пабудавана па ўсіх правілах і падыходзіць для практычных заняткаў з будучымі вадзіцелямі легкавых, грузавых аўтамабіляў, сельгасмашын і трактараў любога класа.
На аўтадроме навучэнцам трэба было здаць 4 практычных элементы, на кожны давалася 2 спробы. Заехаць на трактары ў “дворык” і развярнуцца; задам загнаць сельгасмашыну і “падчапіць” навясны агрэгат; заехаць у гараж; адолець эстакаду з прыпынкам, выкарыстаннем ручніка і працягам руху наперад без дапушчэння адкату. Як з тэорыяй, так і з ваджэннем усе кандытдаты справіліся на “выдатна”, а таксама атрымалі адпаведныя пасведчанні.
Кампетэнтна
Вячаслаў Яроміч, галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
– Адзначу добрую падрыхтоўку навучэнцаў. На тэарэтычным экзамене некалькі чалавек зрабілі па адной памылцы, але гэта дапускаецца. Ваджэнне на трактары здаюць на высокім узроўні, у тым ліку пачынаюць рух па нахіленай паверхні амаль без адкату, хоць ён дапускаецца да 50-ці сантыментраў. Неспяшаючыся, акуратна выконваюць усе элементы.
З першых вуснаў
Вадзім Янкойць, Астравец:
– Здорава, што ў нас у раёне існуе такая ўстанова, як варнянскі цэнтр, дзе можна адвучыцца на трактарыста. Я газазваршчык і працую па прафесіі, але вырашыў яшчэ атрымаць правы трактарыста-машыніста катэгорыі “С”. І тэорыя, і выкананне элементаў ваджэння на аўтадроме цяжкасцей не выклікалі.
Дзіяна Сінкевіч, в. Гіры:
– Гэта мара з дзяцінства – навучыцца едзіць на якой-небудзь вялікай машыне. Мы з мужам займаемся сельскай гаспадаркай: ёсць свінні, парасяты, куры. У далейшым плануем набыць карову, быка. Тата ў мяне механізатар, кіруе “Кіраўцам”, дзядуля і муж вадзіцелі, таму вырашыла папоўніць гэтыя рады. (Усміхаецца.)
Некалькі слоў пра цэнтр
Аляксандр Багдановіч, дырэктар:
– Па спецыяльнасці “вадзіцель калёсных трактараў і самаходных машын катэгорыі “С” абучана 15 чалавек: па 3 – ад фермерскіх гаспадарак і КСУПаў, 2 – Смаргонскага ДРБУ, 7 атрымалі першую прафесію. Сітуацыя такая, што пакуль адбываецца навучанне адной групы, дзве чакаюць.
Нядаўна пачалі перападрыхтоўку трактарыстаў на катэгорыі “D”, “Е”, “F”, якія дазваляюць працаваць на трактарах з магутнасцю рухавіка звыш 80 кВт : збожжаўборачных, буракаўборачных, кормаўборачных камбайнах, дарожна-будаўнічых машынах, экскаватарах, пагрузчыках.
Акрамя гэтага, паралельна з падрыхтоўкай трактарыстаў, выпусцілі групы машыністаў кацельных установак, вадзіцеляў аўта-электрапагрузчыкаў,стропальшчыкаў. З другой палавіны лютага распачнём падрыхтоўку газаэлектразваршчыкаў.
Дапамагаем і суседнім раёнам. Так, напрыклад, са Смаргонскага пададзенф заяўкі на навучанне 98 чалавек розным спецыяльнасцям.
Дзякуючы дальнабачнасці кіраўніцтва райсельгасхарчу і дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў атрымалася захаваць нашу вучэбную арганізацыю. На сёння ёсць толькі адзіная складанасць: у штаце няма майстра па жывёлагадоўлі. Хацелася б і з работнікамі гэтай галіны праводзіць навучанне і павышэнне іх кваліфікацыі.