Як спрацавала раённая жывёлагадоўля ў мінулым годзе, расказала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Вольга Умрыхіна

10:00 / 07.02.2025

На Астравеччыне, як і ў цэлым па краіне, жывёлагадоўля актыўна развіваецца. Упер­шыню ў нашым раёне ад каровы надаілі рэкордныя 7 800 кілаграмаў з невялікім хвосцікам. Чым быў адметны мінулы год для гэтай сельскагаспадарчай галіны, дзякуючы якім фактарам атрымалася дасягнуць такіх вынікаў, якія планы і задачы стаяць на бягучы год перад жывёлагадоўляй – пра гэта і не толькі карэс­пандэнт пагутарыў з першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання – начальнікам аддзела арганіза­цыі вытворчасці Вольгай Умрыхінай. 

– Чым вас, як першага намесніка начальніка райсельгасхарчу, парадаваў мінулы год?

– Мы спрацавалі са станоўчай дына­мікай практычна па ўсіх асноўных жывё­лага­доўчых паказчыках. Вытворчасць малака за мінулы год па раёне склала 79,6 тысячы тон (113% да ўзроўню 2023-га). Лідарам па-ранейшаму застаўся КСУП «Гудагай», дзе валавы надой склаў 31 455 тон (113%), затым ідзе КСУП «Гервяты» 24 023 (112,2%).

Самы высокі тэмп нарошчвання вытвор­часці прадэманстраваў КСУП «Міхалішкі» – 132,5%, самы нізкі – КСУП «Варняны» – 101,9%. Не магу не адзначыць РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе валавую  малочную вытворчасць за мінулы год павялічылі на 109,3% да аналагічнага перыяду 2023-га.  

Усцешана, што мы занялі 6 месца ў вобласці па надоі ад каровы, які склаў 7 838 кілаграмаў. Больш таго, у нас самая вялікая прыбаўка – 855 кілаграмаў. Неаспрэчным лідарам па гэтым паказчыку зноў стаў КСУП «Гудагай» (9 933 кг, ці 928 кг да пазамінулага года). На другім месцы КСУП «Гервяты» – 8 709 (+862 кг), на трэцім – РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 7 810 (+646 кг). 

Для параўнання, сярод 130-ці гаспадарак Гродзенскай вобласці па надоі ад каровы КСУП «Гудагай» заняў 20 месца, КСУП «Гервяты» – 35-е, РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 50-е. 

– А як выглядае сітуацыя ў разрэзе малочна-таварных комплексаў?

– Найлепшы вынік паказаў МТК «Германішкі» – 11 132 кг (+671), затым МТК «Малі» – 11 039 кг, хоць варта зазначыць, што яны крыху «змінусавалі» да ўзроўню 2023-га, тым не менш, лічу, гэта вельмі годны вынік. Тройку лідараў замкнуў яшчэ адзін «гудагайскі» комплекс – «Смілгі» (10 720,+120). 

Толькі станоўча магу адзначыць работу былых «варнянскіх» комплексаў, якія цяпер належаць іншым гаспадаркам. Пра прагрэс сведчаць і лічбы. Мяркуйце самі, на МТК «Газа» КСУП «Гервяты» ад каровы надаілі 10 677 кілаграмаў (прыбаўка за год склала 3 818), а на МТК «Кярняны» КСУП «Гудагай» – 10 033 (+4 195).

Сярод невялікіх малочна-таварных ферм у лідарах МТК «Сакалойці» КСУП «Гервяты» (цяпер гэта комплекс) – 6 818 кілаграмаў малака і МТФ «Дравянікі», якая таксама хутка стане комплексам, – 6 741 кілаграм. 

Адзначу, што па даручэнні Прэзідэнта перад нашай галіной пастаўлена задача да канца 2030 года сканцэнтраваць усё малочнае пагалоўе на комплексах. Гэта вельмі правільнае і рацыянальнае рашэнне з пункту гледжання эканомікі і эканоміі. 

– Калі  некалькі дзясяткаў гадоў назад галоўнай была валоўка малака, то цяпер на першую пазіцыю выходзіць яго якасць…

– Безумоўна, і над яе паляпшэннем мы пастаянна працуем. За 2024-ты гатункам экстра прадалі 78,8%, што на 7,8% больш за пазалеташні перыяд, у тым ліку за снежань – 87,4%.

Радуе, што ў КСУП «Варняны», дзе ў апошнія гады назіраліся праблемы з якасцю малака, сітуацыя выпраўляецца. За мінулы год сортам экстра гаспадарка рэалізавала 23,2%, а ў снежні – 46,5%. 

Хачу адзначыць КСУП «Міхалішкі», дзе 67% малака на перапрацоўку адправілі найлепшым гатункам, у тым ліку за сне­жань – 96,2%. Гэтую планку яны ўтрымліваюць і ў новым годзе, практычна ўвесь прадукт адпраўляюць сортам экстра.

Акрамя гэтага, мы выканалі планавае заданне па павелічэнні колькасці буйной рагатай жывёлы. На 1 студзеня ў раёне налічвалася 33 870 галоў, у тым ліку 10 190 малочных кароў (+100 галоў да аналагічнага перыяду 2024-га). За год рэалізавана 5 681 тона ялавічыны, што складае 103% да ўзроўню 2023. На Ашмянскі мясакамбінат пастаўлена 4 620 тон, ці 85,3%, ад агульнай рэалізацыі пры заданні не ніжэй за 80%.

– Як дасягнулі такіх вынікаў?

– Лічу, што гэта атрымалася зрабіць дзякуючы каманднай рабоце, трывалай кармавой базе, прадуманай селекцыйнай рабоце, а таксама назапашанаму патэнцыялу нашай галіны. Будзем старацца ўтрымаць дасягнуты вынік і палепшыць яго. 

У Астравецкім раёне па планавым за­данні, вытворчасць малака за 2025-ты павінна скласці 107,3% – дастаткова высокі паказчык. Калі летась мы надаілі звыш 79 тысяч кілаграмаў малака, то да канца гэтага года павінны звыш 85 тысяч тон. Для гэтага трэба больш пільна сачыць за тэхналогіяй, якасцю кармоў, а таксама рабіць акцэнт на аднаўленні і цёлачным пагалоўі – за гэтым будучыня нашай жывёлагадоўлі. 

– Якія планы і задачы стаяць перад жывёлагадоўчай галіной на гэты год і за кошт чаго плануеце іх рэалізоўваць? 

– На 2025 год запланаваны рэканст­рукцыя і будаўніцтва навесаў, прафілак­торыяў для ўтрымання цялят. Работы па будаўніцтве чатырох такіх аб’ектаў вядуцца на МТК «Рымдзюны» КСУП «Гервяты», МТК «Маркуны» КСУП «Міхалішкі», МТК «Падольцы» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», МТФ «Дравянікі» КСУП «Гудагай». На МТК «Дайлідкі» працягваецца рэканструкцыя памяшкання для ўтрымання маладняку на 228 галоў, на МТФ «Варона» – на 250 галоў, на МТК «Смілгі» будуецца паднавес для прафілакторных цялят. Запланавана ўзвядзенне прафілакторыя на 136 галоў на МТК «Сакалойці». Перад кожнай гаспадаркай стаіць задача зрабіць па адной тэхналагічнай ёмістасці для захоў­вання травяністых кармоў. 

Акрамя гэтага, мы стараемся рабіць многае, каб людзям было лягчэй працаваць. У бягучым годзе плануем набыць малочнае таксі, транспарціроўшчыкі малака, устаноўкі для мыцця абсталявання, спецыяль­ную цялежку для ўзважвання цялят. 

Лічба

Тэмп росту валавай прадукцыі па вобласці склаў 104,1%, па Астравецкім раёне – 125,5%. У тым ліку ў жывёлагадоўлі ў вобласці – 104,2%, па раёне – 111,2% (з улікам фермерскіх гаспадарак).



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Елена Ярошевич, из архива АП