Па выніках работы за мінулы год ветурач МТК “Малі” Андрэй Калпак прызнаны адным з лепшых спецыялістаў вобласці

10:00 / 25.01.2025
Работа людзей гэтых пра­фесій часта незаў­важная, таму што ўспры­маецца як нешта само сабой зразумелае. А, між іншым, не будзе каму прыбіраць пакінутае смецце, сачыць за бяспекай, клапаціцца пра адзінокіх, выносіць за хворымі пасудзіны, кіраваць аўтобусам, гатаваць школьныя абеды, стаяць за прылаўкам, рамантаваць… – і гэта стане сапраўднай праблемай.

Вось і вынікае, што кожны з нас на рабочым месцы бы звяно вялікага механізма: здаецца, і нябачнае, а выпа­дзе – камфорт і звыклы рытм жыцця парушыцца.

Цягам апошніх гадоў КСУП «Гуда­гай» з’яўляецца нязменным лідарам ў малочнай вытвор­часці раёна, а яе працаўнікоў пры­знаюць лепшымі 
ў прафесіі. 

Па выніках работы за 2024-ты Андрэй Калпак заняў 2-е месца сярод тэхнікаў па штучным асемяненні жывёлы ў абласным спаборніцтве ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. 

Ветэрынарны ўрач малочна-таварнага комплексу «Малі» КСУП «Гудагай» Андрэй Калпак:

Комлекс у Малях адзін з самых «узрос­тавых»: мясцовую ферму дабудавалі, завезлі новае абсталяванне і з 2008 года аб’ект стаў называцца МТК. 

– Тут працую 18 гадоў, – расказвае муж­­чына. – У прафесію прыйшоў выпадкова. За кампанію з аднакласнікам адвучыўся на ветэрынарнага фельчара ў Ільянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Размер­ка­­ваўся ў родны калгас – тады гэта быў СВК «Варняны». Пачынаў працоўны шлях на першым у раёне малочна-таварным комплексе «Кярняны». Праз тры гады перайшоў у СВК імя Гашкевіча на «Малі», з таго часу тут. Жонка, з якой гадуем трох дзяцей, дарэчы, працуе ў нашай гаспадарцы бухгалтарам. 

На комплексе, дзе цяпер утрым­лі­ваецца звыш 1 700 галоў, увесь ветэрынарны накірунак закрываюць два спецыялісты. Андрэй Калпак адказвае за лячэнне гінекалагічных захворванняў і штучнае асемяненне кароў, а яго напарнік Анатоль Даўляш займаецца мастытамі і ўрачаваннем цялят.

– У нашай прафесіі, ды і ўвогуле, жывё­ла­гадоўлі, выпадковасцяў не бывае, – пра­цягвае Андрэй. – Малочна-таварны комп­лекс – гэта жывы арганізм, функцыя­наванне якога залежыць ад кожнага. У новы год мы ўвайшлі з добрым паказчыкам: надой ад каровы за 2024-ты перавысіў 11 тысяч кілаграмаў малака – гэта другі вынік па гаспадарцы і ў раёне. Многія кажуць, што малако ў каровы на языку – і з гэтым не паспрачаешся. Кармы павінны быць збалансаванымі і якаснымі. Але многае залежыць і ад такога паказчыку, як выхад цялят, – ён ў нас склаўся на ўзроўні 83%. Гэта нядрэнна, але ёсць куды імкнуцца далей: над гэтым і бу­ду працаваць. 

Упэўнена, што планы Андрэя Калпака наконт нарошчвання вытворчых паказ­чыкаў, абавязкова спраўдзяцца. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич