Крещение Господне в Островце: традиции и прихожане

10:30 / 22.01.2025


Адно з 12-ці галоўных царкоўных святаў Вадохрышча сабрала праваслаўных вернікаў на літургію ў астравецкай царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла.

У народзе лічыцца, што вада з любой крыніцы, нават з крана, у гэты дзень набывае цудадзейныя якасці.

Аднак хрысціяне ведаюць: над сапраўднай святыняй святар чытае малітву, асвечаная вада аздараўляе – духоўна і цялесна, але без сапраўднай веры гэтага не адбудзецца.

Чын асвячэння вады настаяцель храма пратаіерэй Георгій Савіцкі праводзіў двойчы: напярэдадні і ў дзень Багаяўлення – 18 і 19 студзеня.

– Вадохрышчанская вада, або вялікая агіясма, – гэта вялікая святыня, якую нам даў Гасподзь, і ставіцца да яе трэба суадносна. Такая вада павінна быць у нас дома, і не для таго, каб проста стаяла ў сасудзе і чакала часу, каля ёй скарыстаюцца па выключнай патрэбе. Піце яе, памаліўшыся, шторанак нашча, можна і ў іншы час дня – калі адчуваеце сябе дрэнна, хварэеце, – настаўляў прыхаджан айцец Георгій. Ужывайце гэтую ваду самі, дзяліцеся ёй з тымі, каму яна патрэбна, і не забывайцеся пра галоўнае – за ўсё дзякуйце Богу!







-- Багаяўленне важнае свята для нашай сям’і, таму, па магчымасці, абавязкова ўдзельнічаем у боскай літургіі, набіраем у храме асвечаную ваду. Акунацца не буду, а вось таварышаў маральна падтрымаю, -- гаворыць Савелій Слабадзянік.

…І БЛАГАСЛАВЕННЕМ

Востраў кахання, дзе абсталявалі месца для сыходжання ў іардань, было яшчэ адной кропкай прыцягнення вернікаў – і ў першую чаргу для тых, хто з чыстымі думкамі і моцнай верай прыйшоў акунуцца ў гаючую ваду.

Пасля літургіі настаяцель царквы асвяціў ваду ў купелі. І толькі пасля гэтага, а таксама цалавання крыжа і благаславення жадаючыя аздаравіць цела і дух па чарзе спускаліся ў ваду і, хрысцячыся, тройчы акуналіся. Рабілі гэта пад пільным наглядам работнікаў таварыства выратавання на водах.


– Мы праваслаўныя. Ходзім на царкоўныя службы, на свята Багаяўлення абавязкова бяром у храме асвечаную ваду. П’ём яе, калі патрэбу ў гэтым адчуваем, ці прыхварэем, напрыклад, або дзіцятка дрэнна сябе адчувае, – з Божай міласцю і малітвай дапамагае, – дзеліцца Юлія Шымковіч. – Пасля літургіі, па звычцы, ідзём паглядзець на акунанні.


Караліна і Дзмітрый Мілашэўскія прывялі да купелі сына Мікіту і пляменніка Максіма. Хлопчыкі кажуць, што вырашылі загартаваць характар – а калі гэта пачынаць рабіць як не на Вадохрышча, калі вада набывае асаблівую сілу.   

 Калі дзеці спыталі дазволу акунацца, мы не працівіліся. Муж з маленства прывучае іх да заняткаў фізкультурай і спортам – хлопцы загартаваныя. Праўда, мы ўсё ж прапанавалі ім паспытаць адчуванні пад халодным душам – паэтапна, пачынаючы з ног. Хлопчыкі паспрабавалі і сказалі, што гатовы – і маральна, і фізічна, – усміхаецца Караліна.


-- Гэта было і холадна, і класна адначасова! І дух захоплівала, і ногі трэслі, калі стаў у купель, -- так, што нават падумаў пасля першага апускання ў ваду, што больш не змагу. Але ўзяў сябе ў рукі, – узгадвае Максім. – А калі выйшаў, раптам стала цёпла. На наступны год ізноў буду акунацца.

Падобныя адчуванні былі ў Мікіты:


 Думаў, хутчэй бы выйсці. Як толькі апынуўся ў вадзе, ад холаду на нейкі час нават забыў, што рабіць трэба. Выйшаўшы з купель адразу пайшоў у палатку – там хутка ля печкі адагрэўся. (Усміхаецца.) Лічу, што выпрабаваў сябе на трываласць. Цяпер ў мяне будзе вадохрышчанская традыцыя: акунацца.

Адной з першых зайшла ў іардань Юлія Шыльвян. Дзяўчына зазначае, што, падобна, для яе гэта стане традыцыяй:


– Другі год запар прыходжу сюды, таму ведала, што гэта неверагодныя адчуванні. А пачалося ўсё са знаёмства -- з хлопцам, у якога амаль уся сям’я акунаецца на Вадохрышча, – далучылі і мяне. Каб не змерзнуць, выйшаўшы з вады, абавязкова трэба разагрэцца – хаця б расцерці цела ручніком. Гарачыя юшка і чай, якія ўсім жадаючым прапаноўваюць выратавальнікі, таксама дарэчы. Смачна супрацоўнікі РАНС гатуюць!

Да слова, смачны пачастунак для гасцей свята падрыхтавалі і вайскоўцы часці 7434: іх сакавітыя чабурэкі і чай разыходзіліся таксама на “ўра”.

– Гэта ідэя нашага камандзіра, – расказваюць дзяжурныя па палявой кухні. – Больш за 200 чабурэкаў насмажылі. Бачна, што людзям даспадобы наша печыва – значыць, папрацавалі мы не дарма.



Нягледзячы на непрыветнае надвор’е, нетаропкім крокам да палаткі з адзеннем ішоў яшчэ адзін удзельнік акунання – Віталь Баранчык. На здзіўленае пытанне “няўжо не змерз?”, малады чалавек усміхнуўся:

– Я ж чалавек вайсковы! Не першы раз прыходжу на Вадохрышча. Хтосьці да акунання ставіцца як да спосаба праверыць сябе на трываласць, нехта – святочнай традыцыяй альбо спосабам аздараўлення – гэта справа кожнага. Лічу, што калі чалавек веруючы, то гэтаму абраду павінен папярэднічаць удзел у боскай літургіі.


Няхай цудадзейная сіла веры робіць наш свет дабрэйшым, а малітва, вадохрышчанская вада аблягчаюць душэўныя і фізічныя хваробы!

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо