Вучні і педагогі Астравеччыны трапілі ў лік прызёраў абласнога этапу конкурсу “Ствараючы, не разбурай!”

15:00 / 20.01.2025

На Гродзеншчыне падвялі вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Ствараючы, не разбурай!”. У лік прызёраў трапілі вучні і педагогі Астравеччыны.

У намінацыі “Фатаграфія: экалагічная праблема побач з намі” 2 месца занялі вучаніца Гудагайскай СШ Сафія Ендза і яе кіраўнік Таццяна Азацян.


– У школе выкладаю біялогію, таму ў розных конкурсах экалагічнай накіраванасці з вучнямі ўдзельнічаем пастаянна, – расказала Таццяна Станіславаўна. – Я класны кіраўнік класа, дзе вучыцца Сафія. З дзецьмі мы ладзім невялікія пешыя вылазкі на прыроду. Падчас адной з іх і зрабілі здымак, які пазней адправілі на конкурс.

У намінацыі “Прырода супраць цыгарэт” 3-е месца журы прысудзіла настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Гервяцкай СШ Таццяне Сыс за яе аўтарскую распрацоўку.

– На адным з урокаў з вучнямі 8 класа абмяркоўвалі праблему курэння, якое наносіць шкоду не толькі чалавеку, але і навакольнаму асяроддзю, – падзялілася Таццяна Віктараўна. – Пазней даведаліся пра конкурс, у якім вырашылі паўдзельнічаць. Прадставілі агітбрыгаду “Мы за экалагічную бяспеку”. Вершаванае выступленне школьнікаў прызналі лепшым у раёне, а на вобласці нашай распрацоўцы аддалі 3-е месца.

Віншуем вучняў і іх педагогаў!


Фота з архіва суразмоўцаў.


Текст: Алёна Ганулич