Па сцяжынцы да школьнага парога Бабраўніцкай васьмігадовай школы прайшліся яе былыя вучні Тарэса Стакун і Генрых Калтан
10:00 / 15.01.2025
Праект «АП» і РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
З гісторыі школы
- Па інфармацыі, якая захоўваецца ў музеі Варнянскай СШ, школа ў Бабраўніках была адкрыта ў 1937 годзе – на той час яна была пачатковая. Першым настаўнікам быў Арлоўскі.
- Пасля вайны навучальная ўстанова стала сямігадовай. Першы выпуск навучэнцаў тут адбыўся ў 1949 годзе.
- У 1960-м школа пашырылася: з’явіліся два класных памяшканні, майстэрня і буфет.
- За час існавання навучальнай установы адсюль выпусцілі 250 вучняў. Першым камсамольцам школы стаў Іван Свіла.
- З 1977 года школа зноў стала пачатковай, а ў 1992 годзе ў яе будынку размясцілася бібліятэка-музей.
– Родам з Карлаўшчыны – ад Бабраўнік 3 кіламетры. Хадзілі ў школу пешшу. Зімы былі марозныя і снегу шмат, але ішлі. Апраналі мамін кажух, завязвалі паяском – і адпраўляліся. А вясной – разводдзе. Ісці трэба было асцярожна, каб вада не панесла. Зімой – у вайлаках, вясной – у ботах, восенню – у бацінках.
Рвала я іх вельмі хутка – бацькі сварыліся. А што зраблю?
У школу пайшла ў 1957 годзе – на той час мне было 7 гадоў. Столькі гадоў мінула, а я нават месца помню, дзе і з кім сядзела. На той час не ведала ні літар, ні лічбаў. Бацькі былі непісьменнымі.
Настаўніца спытала маё прозвішча, а я кажу: «Янкава». Так нас звалі ў вёсцы. Добра, што жанчына знаёмая была, яна і сказала, што я Тарэса Субаткевіч.
Першую настаўніцу мы называлі Міхайлаўна. Мама гаварыла, што я старалася вучыцца. У першым класе раблю хатняе заданне, а потым забуду літару і пытаю ў мамы, а тая не ведае і, узяўшы «Буквар», выпраўляецца пытаць у суседзяў.
Запомніўся навагодні ранішнік ў другім класе. Мне пашылі ружовую кофтачку, спаднічку прыгожую. На свяце за вучобу атрымала казку пра залатую рыбку. Якое гэта было шчасце! Колькі радасці! І не таму, што Новы год, і не таму, што абноўкі пашылі, а таму, што кніжку падарылі!
Настаўнікаў помню цудоўна: Галіна Раманаўна Крывалап выкладала рускую мову і літаратуру. Усё жыццё працавала ў Бабраўніцкай школе, а калі яе закрылі, пераехала ў Гомельскую вобласць. Людміла Іванаўна Разумова вяла хімію і біялогію; дырэктарам быў і вучыў нас гісторыі Зянон Вацлававіч Аўгуль, потым ён працаваў у Вароне і ў Варнянах; Тарэса Сільвестраўна Сайкоўская – настаўніца беларускай мовы і літаратуры; удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік Беларусі Мікалай Іванавіч Багачоў вёў фізіку, працу і фізкультуру, ён таксама быў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
1 рад: Ядвіга Шэміс, Галіна Раманаўна Крывалап, Людміла Іванаўна Разумова, Зянон Вацлававіч Аўгуль, Тарэса Сільвестраўна Сайкоўская, Мікалай Іванавіч Багачоў, Яніна Сінкевіч;
2 рад: Леанід Мажэйка, Галіна Садоўская, Валерый Бразевіч, Часлава Кайрыс, Вацлаў Рацкевіч, Марыя Субаткевіч, Тарэса Субаткевіч, Ядвіга Петрык, Марыя Шкіруць;
3 рад: Генрых Лукша, Тадэвуш Мажэйка, Станіслаў Субаткевіч.
Ведаю, што ён у 1971 годзе перайшоў у Гірскую школу.Нашым класным кіраўніком была Марыя Адамаўна Аўгуль.
Прыязджалі да нас і настаўнікі з Варнян: Ніна Міхайлаўна Русакова вяла чарчэнне і маляванне; Іван Іосіфавіч Дарашкевіч падмяняў Марыю Адамаўну, калі яна была ў дэкрэтным, – выкладаў матэматыку.
Настаўнікі былі вельмі добрымі. І хто хацеў, той атрымаў веды. А хто не хацеў... Што яму настаўнік мог зрабіць?! Хаця на ўроках заўсёды была дысцыпліна: вучні паводзілі сябе добра, настаўнікаў тады паважалі.
У Бабраўніцкую школу хадзілі мясцовыя, а таксама дзеці з Гродзь, Карлаўшчыны і бліжэйшых хутароў.
Некаторых вучняў з-за нездавальняючай вучобы пакідалі на другі год, таму склад класаў ледзь не штогод абнаўляўся.
Пісалі мы чарнільнымі ручкамі, прадмет у нас быў «Чыстапісанне» – стараліся, акуратна выводзілі літары. І кляксы ставілі – усяго было.
На фізкультуры займаліся на пляцоўцы. Зімой хадзілі на лыжах. І сёння памятаю тое месца, дзе каталіся.
І акцябратамі мы былі – зорачку насілі не такую, як цяпер, а пашытую з тканіны. І цудоўна помню, як прымалі ў камсамольцы ў Варнянах у будынку, дзе пазней размяшчалася калгасная кантора. Я настолькі хвалявалася, што аднакласнікі чулі, як стукала маё сэрца.
Яшчэ адна падзея са школьнага жыцця, якая не збылася, – пуцёўка ў Артэк. Далі мне яе за добрую вучобу, ды бацькі не пусцілі, бо жылі бедна, адзення добрага не мела…
Каля школы быў агарод – даглядалі яго. З 6-га класа дапамагалі калгасу падымаць лён – гэты занятак падабаўся. Найбольш, канешне, тое, што падвозілі нас на машыне.
Помню і выпускны вечар. Мама недзе пазычыла мне ружовую капронавую сукенку – і я была, пэўна, самай шчаслівай у той момант.
Калі вучылася ў школе, марыла стаць настаўніцай, ды не ведала, як ехаць у вялікі горад, дзе і што шукаць. А потым нас, траіх аднакласніц, адна з маці завезла ў Ашмяны ў тэхнікум – паздавалі экзамены і паступілі. Пачалося новае жыццё.
Расказвае былы вучань Генрых Генрыхавіч Калтан:
– Пачатковую адукацыю атрымаў у Валэйкунскай школе. У класе было два вучні: я і мая суседка. А першай настаўніцай была Луцыя Францаўна Субаткевіч. Калі мы вучыліся ў Валэйкунах, былі падшэфнымі Бабраўніцкай школы – і яе старэйшыя вучні прымалі нас, акцябрат, у піянеры. Адбывалася гэтая цырымонія ў ляску паміж Валэйкунамі і Бабраўнікамі – цяпер там чыгуначная станцыя пры АЭС.
Дзве школы выходзілі насустрач, у лесе раскладвалі вялікае вогнішча, мы прамаўлялі клятву і нам павязвалі гальштук. Гэта былі вельмі моцныя ўражанні. І гэта было першае спатканне з вучнямі і настаўнікамі Бабраўніцкай васьмігодкі, у якую я прыйшоў у 1970-м, у 1975 годзе скончыў яе і прадоўжыў вучобу ў Варнянскай сярэдняй школе.
Вучоба мне давалася лёгка і вучыўся я нядрэнна: у Бабраўніцкай школе было толькі 3 «чацвёркі». Клас у параўнанні з Валэйкунамі быў вялікі – 12 вучняў: Галіна Калтан, Віктар Казлоўскі, Тадэвуш Яновіч, Таццяна Карэйва, Ірына Шэміс, Уладзімір Аўгуль, Ганна Бразевіч, Віктар Тункевіч, Часлаў Калтан, Яніна Кайрыс, Ганна Стэх і я.
Класным кіраўніком была Марыя Уладзіславаўна Кісялевіч, якая выкладала беларускую мову і літаратуру і нямецкую мову.
Кіраваў школай Зянон Вацлававіч Аўгуль, родам ён быў з вёскі Вашкуны. Жонка Зянона Вацлававіча, Марыя Адамаўна, была матэматыкам.
Рускую мову выкладала Галіна Раманаўна Крывалап, якая настолькі «выдрэсіравала» нас, што пры паступленні ў вну я вырашыў пісаць сачыненне па-руску. Галіна Раманаўна трымала клас у яжовых рукавіцах – і не дай бог было зрабіць што-небудзь няправільна – сораму не абярэшся. Таму па яе прадметах у мяне былі адны «пяцёркі».
На фота злева направа: Галіна Калтан, Віктар Казлоўскі, Тадэвуш Яновіч, Таццяна Карэйва, Генрых Калтан, Ірына Шэміс, Уладзімір Аўгуль, Ганна Бразевіч, Віктар Тункевіч, Часлаў Калтан, Яніна Кайрыс з настаўніцай Марыяй Уладзіславаўнай Кісялевіч.
Хімію і біялогію вяла Тамара Васільеўна Сібірцава. Працаваў у школе Рыгор Кузьміч Скубілаў – ён вёў фізкультуру, працу, маляванне і чарчэнне. Класны быў настаўнік! Рыгор Кузьміч быў цудоўным мастаком – вы б бачылі, які ён бюст Леніна вырабіў! Гаварылі, што зрабіць гэта было няпроста – перад тым настаўнік здаваў нейкія тэсты і атрымаў дазвол.Працаваў у нас і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Іванавіч Багачоў. Здаецца, што і жонка яго таксама ў нас працавала.
Школа складалася з асноўнага будынка – у ім размяшчаліся 4 класы і дадатковых, дзе былі сталовая і майстэрні.
У школе стаялі печкі з прыгожай кафлі. Яны заўсёды былі гарачыя – праз дарогу жыла жанчына, якая іх паліла, і сваю работу яна выконвала старанна.
Ездзілі мы і ў паездкі. Асабліва запомнілася двухдзённая экскурсія ў Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу і Белую Вежу у Камянцы. Былі мы і ў Вільнюсе, наведвалі цырк. Мне здаецца, што ўсё гэта было бясплатна – думаю, аплочваў калгас. А мы, у сваю чаргу, дапамагалі гаспадарцы капаць бульбу.
Каля школы меўся школьны агарод.
Самае любімае месца школьнікаў – гэта, вядома, сталовая. А што мы бачылі дома?! Мама працавала на ферме, часам спала па 4 гадзіны. І рабіць катлеты ці гатаваць іншую смакату ёй проста не было калі. А ў школе нам іх давалі і яшчэ – пюрэ з падлівай. Як жа гэта было смачна!
З мерапрыемстваў найбольш запомніўся выпускны вечар: нам уручылі пасведчанні, а потым у школьнай сталовай была вячэра з настаўнікамі і бацькамі і сустрэча ўсходу сонца.