Якія падзеі адбываліся ў раёне ў першай палове нулявых – гартаем “Астравецкую праўду”

12:00 / 15.01.2025


Нядаўна Гродзеншчына ўра­чыста адзначыла 80-годдзе ўтварэння нашай вобласці – да гэтага юбілею мы падрыхтавалі шэраг артыкулаў па матэрыялах «Астравецкай праўды» пад руб­рыкай «Гісторыя газетным радком». 

Але набліжаецца яшчэ адзін юбілей: 85-годдзе адзначыць Астравецкі раён, які, нагадаем, быў утвораны 15 студзеня 1940 года і напачатку ўваходзіў у склад Вілейскай, затым – Маладзечанскай вобласці. Таму мы прадоўжым гартаць старонкі газеты, якую вядомы нямецкі філосаф  Шапэнгауэр трапна назваў секундамерам гісторыі, каб успомніць, якія значныя падзеі адбываліся ў нашым краі, і нагадаць пра гэта чытачам.  

Тагачасныя жыхары Астравеччыны сталі сведкамі эпахальнай падзеі – міленіума: змены не толькі стагоддзя, але і тысячагоддзя.

Насуперак чаканням і прадказанням нічога адметнага ў гэты момант не адбы­лося: гэтак жа, як і заўсёды, за свя­точ­нымі сталамі жыхары Астравеччыны разам са сваімі суседзямі па планеце ўзнялі келіх шампанскага за шчасце – не толькі ў надыходзячым годзе, але і ў стагоддзі і тысяча­годдзі, калі не за сваё ўласнае, то будучых пакаленняў. Перад тым, праўда, крыху паспрачаліся, калі ж пачынаецца міленіум: у першы дзень 2000-га ці 2001 года? Самыя прадбачлівыя адзначылі двойчы.

І пачаліся так званыя нулявыя… Якія, нягледзячы на скептычныя адносіны да гэтай пустой круглабокай лічбы, усё ж былі насычаны многімі падзеямі, добрымі і не вельмі, у свеце, краіне і ў нашым раёне.

Мы пісалі, нас чыталі…

Трэба сказаць, што інфар­мацыйных нагод для асвятлення на старонках раённай газеты ў той час было больш чым дастаткова: у палітычным, эканамічным, сацыяльным, культурным жыцці раёна адбывалася шмат падзей. 

Вынікі перапісу насельніцтва, які прайшоў у 2000 годзе, ана­лізаваліся ў артыкуле «Колькі нас? Якія мы?», Паведамлялася, што на 16 лютага 1999 года ў раёне пражывала 29,5 тысячы чалавек, у Астраўцы – 8,8 тысячы. Адзначалася, што з 1959 года колькасць насельніцтва на Астравеччыне зменшылася на 28%. 

У 2000 годзе ў раёне з’явілася новае лясніцтва – Спондаўскае. «Астравецкая праўда» паведа­міла навіну ў нумары за 16 верасня. Узначаліў яго Войцех Лукашэвіч, які, да слова, працуе на гэтай пасадзе і цяпер. 

У лістападзе таго ж года ўрачыста адкрылі новае аддзяленне сувязі на станцыі Гудагай – да таго яно месцілася ў прыстасаваным старым будынку. Адметна, што Гудагайскае аддзяленне сувязі ўсялілася ў спецыяльна для яго пабудаваны будынак – калі ўстановы ў асноўным пераязджалі ў былыя ў карыстанні. 

21 сакавіка 2001 года раённая газета паведаміла аб  адкрыцці ў Рымдзюнах цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі. Да таго часу тут ужо дзейнічалі сярэднія школы і прышкольны інтэрнат. У сакавіку ўвялі ў эксплуатацыю Дом культуры. Комплекс жыў насычаным рознабаковым жыццём. У 2003 годзе тут адбыўся міжнародны турнір па баскетболе, аргані­за­тарамі якога выступілі раённы выканаўчы камітэт і гервяцкая суполка беларускай абшчыны літоўцаў, у якім прынялі ўдзел баскетбалісты з Мінска, Віль­нюса, Астраўца, Гервят, Варнян, Пелясы Воранаўскага раёна. («Усе баскетбалісты ў госці да нас», «АП» за 16 сакавіка 2003 года). У 2004-м годзе – першы фестываль-конкурс «Песні памежжа», які стаў традыцыйным. («Першы блін – на «біс»!» ,«АП» за 8 снежня 2004 года).

У ліпені 2001 года ў Астравецкім раёне з’явіўся першы і да гэтага часу адзіны заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь – ганаровае званне прысвоілі выкладчыцы дзіцячай музычнай школы Дануце Блашкевіч. Віншаванні з гэтай нагоды  газета змясціла ў нумары за 11 ліпеня. 

У 2001 годзе калгас імя Чапае­ва (сённяшні КСУП «Варняны») аднавіў архітэктурны помнік гісторыі – вежу-альтанку, якая стала сімвалам не толькі гэтай вёскі, але і ўсяго раёна. Навіну газета паведаміла ў нумары за 5 верасня.  

У 2002 годзе ў Гудагайскай школе адкрыўся музей. Стварыла яго настаўніца гэтай школы Марыя Васілёнак. (Назву «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае» ён атрымаў пазней.) На адкрыцці экспазіцыі прысутнічалі яе ге­роі: старшыня калгаса «Шлях Леніна» Мечы­слаў Валуевіч, мастак Алег Драбы­шэўскі, заслужаны ра­бот­нік аховы здароўя Ганна Гра­бян­цова, першая піянер­важатая Элеа­нора Ажгі­рэ­віч. Рэпартаж аб гэтай падзеі газета змясціла 1 чэр­веня.

29 лістапада 2003 года раённая газета паведамляла: «Новая камендатура – у страі»   і расказвала пра адкрыццё Гудагайскай пагранкамендатуры, пабудаванай за сродкі Саюзнай дзяржавы.

А 9 чэрвеня 2004 года ў інтэр­в’ю раённай газеце «Гім­назія: што? як? чаму?» загадчык раённага аддзела адукацыі Лілія Янкоўская расказвала, што з новага навучальнага года СШ №2 рэарганізуецца ў гімназію. 

У 2004 годзе на Астравеччыну вярнулася купалаўская «Паў­лін­ка»: Нацыянальны акадэ­міч­ны тэатр імя Янкі Купалы паставіў ле­­гендарны спектакль на беразе возера Кайміна. Пра «купалаўскія вакацыі»  «Астравецкая праўда» расказвала ў нумары за 28 жніўня.  

У тым жа годзе школьнае ляс­ніцт­ва «Пралеска» Спон­даў­скай СШ, якім кіравала настаўнік біялогіі Вольга Карат­кевіч, стала пераможцам першага юніёрскага міжна­роднага ляснога конкурсу, які праходзіў у Маскве. 

Некаторыя асабліва цікавыя навіны ўдастойваліся панарамнага здымка на першай паласе. Такім чынам «Астравецкая праўда» 8 снежня 2004 года паведаміла, што з’явіўся новы знак «Астравец» работы Рычарда Грушы на ўездзе ў горад з боку Гудагая. А 15 снежня таго ж года – што да нас прыйшла мабільная сувязь. 

У 2004 годзе ў раёне з’явілася фермерская гаспадарка «Астравецкая», якая займалася вырошч­ваннем індыкоў; Віталь Бандарэнка стаў уладальнікам кубка рэспублікі па боксе – раней дасягнуць падобнай вышыні не ўдавалася ніводнаму гродзенскаму спартсмену; былі адрамантаваны плошча і вуліца Ленінская ў Астраўцы; пера­ўт­варыліся амфі­тэатр у лесапарку і плошча ў Гервятах; адкрыўся комплекс прыватных магазінаў каля Дома быту і гандлёвы дом «АнаСтасіЯ»… 

Усе гэтыя і многія іншыя падзеі сталі нагодай для публікацый у раённай газеце.  

…пра эканоміку

У 2000 годзе па ініцыятыве старшыні райвыканкама Адама Кавалькі  ў раёне была створана новая грамадская ар­га­­нізацыя – раённы савет кіраўнікоў. Кіраўніком яго абралі старшыню праўлення райспа­жыўтаварыства Юрыя Кацнельсона. Кожнае пасяджэнне савета – а былі яны, як правіла, выязнымі – шырока асвятлялася ў раённай газеце. Да прыкладу, у лютым 2003 года пасяджэнне савета кіраўнікоў адбылося ў калгасе імя Чапаева, на той час лепшай гаспадарцы раёна, дзе шырока ўкаранялі перадавыя тэхналогіі. «У калгаснікаў ёсць чаму павучыцца» – пад такой назвай 22 лютага «АП» змясціла рэпартаж.

Адначасова паведамлялася, што па выніках работы за папярэдні год Астравецкі раён стаў трэцім у абласным спаборніцтве ў аграпрамысловым комплексе. 

У 2004 годзе былі дасягнуты новыя рэкорды ў сельскай гаспадарцы: валавы намалот збожжа склаў 64 тысячы тон, ура­джайнасць – 36,9 цэнтнера з гектара, сярэднясутачны надой малака ад каровы – 3 470 кг, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы– 625, свіней – 506 грамаў. Пра гэта раённая газета паведамляла ў нумары за  30 снежня, падводзячы вынікі года ў матэрыяле «Вясковыя рэкорды».

Напачатку 2002 года прайшоў сход прадстаўнікоў сярэдняга і малога бізнесу, пра які «Астравецкая праўда» расказвала ў матэрыяле «У малога бізнесу ёсць будучыня», змешчаным 9 лютага. Адзначалася, што ў раёне зарэгістравана 316 індывідуальных прадпры­мальнікаў, 272 з іх займаліся гандлёва-закупачнай дзейнасцю, 25 аказвалі паслугі па перавозцы грузаў, 6 – бытавыя, 3 – рытуальныя, 5 ажыццяўлялі рамонт аўтамабіляў, 2 – праектаванне электрасетак, 3 – іншыя віды па­слуг. У тым годзе дзейнічала 6 фермерскіх гаспадарак, 33 прыватныя гандлёвыя кропкі, 32 з якіх прадавалі прадукты. Было зарэгістравана 10 прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі (толькі 4 з іх працавалі), 13 камерцыйных прадпрыемстваў. 

…пра палітыку

У 2000 годзе «Астравецкая праўда» шырока асвятляла выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспуб­лікі Беларусь. Дарэчы, тады наша Смаргонская выбарчая акруга насіла нумар 61, а не 59, як цяпер. Вылучалася 5 кандыдатаў, пе­раважна са Смаргонскага раёна, але ўжо ў першым туры пераканаўчую перамогу атрымаў Роберт Часнойць, на­чальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, ура­джэнец Астравеччыны. 

21 красавіка 2001 года ад­быўся другі Усебеларускі народны сход. Астравеччыну на ім прадстаўляла 8 дэлегатаў: Галіна Грамбоўская, загадчык вытворчага ўчастка калгаса «Шлях Леніна»; Валянцін Далговіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання; Адам Кавалька, старшыня райвыканкама; Юрый
Кацнель­сон, старшыня праўлення рай­спа­жыўтаварыства; Віталь Лян­кевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў; Наталля Мароз, старшыня Гервяцкага сельскага Савета, Павел Туманаў, старшыня раённага суда; Ста­ніслава Шушко, дырэктар Спондаўскай СШ.

У 2001 годзе прайшлі чарговыя выбары Прэзідэнта краі­ны. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі Сяргей Гайдукевіч, Уладзімір Ганчарык, Сямён Домаш, Аляксандр Лукашэнка. У чар­говы раз пераканаўчую пера­могу атрымаў Аляксандр Рыго­ра­віч.

У 2004 годзе выбары ў пар­ламент праходзілі адначасова з рэспубліканскім рэ­фе­рэндумам, на якім народу прапаноўвалі ўнесці змены ў частку першую арты­кула 81 Канстытуцыі, якая абмя­жоўвала знаходжанне адной асобы на пасадзе прэзідэнта краіны двума тэрмінамі. 77% выбаршчыкаў краіны (у Астра­­­вецкім раёне – 88,5%) прага­ласавалі за тое, каб зняць гэтае абмежаванне. Дэпутатам парламента тады была абрана Таццяна Голубева.

…пра гісторыю роднага краю

У кастрычніку 2002 года ў раёне з удзелам навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадскасці з Японіі, Польшчы, Беларусі прайшлі Другія міжнародныя Гашкевічаўскія чытанні – аб гэтай падзеі газета расказвала ў нумары за 19 кастрычніка ў матэрыяле «Белавалосы консул яднае народы». Пачынаючы з таго нумара і да канца 2002 года «Астравецкая праўда» друкавала матэрыялы гэтых чытанняў:  «Бе­ла­рускія мясціны старажытнай Вільні» (Ганна Чакур, 23 каст­рычніка) «Вікенцій Ягела – народны ўмелец са Страчы» (Іалан­та Валуевіч, 20 лістапада), «Іосіф Гашкевіч і яго дзейнасць», (Дзмітрый Лянкевіч, 4 снежня). У 2003 годзе выйшлі артыкулы «Трагедыя міхалішскіх яўрэяў» (Ігар Усціменка, 11 студзеня), «Даўніна Астравеччыны ў святле гістарычных фактаў» (Георгій Штыхаў, 5 лютага), «Гісторыя паселішча Малі ў 16 – пачатку 20 стагоддзя» (Герман Брэгер, 30 ліпеня). У 2003 годзе «АП» паведамляла, што матэрыялы Другіх Гашкевічаўскіх чытанняў выйшлі асобным зборнікам накладам 600 асобнікаў. 


Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива АП