Выхаванцы дома сямейнага тыпу атрымалі навагоднія падарункі ад савета ветэранаў

12:30 / 01.01.2025

Сяброўству Астравецкага раённага савета ветэранаў і дома сямейнага тыпу не адзін год. Прадстаўнікі старэйшага пакалення частыя госці ў вялікай дружнай сям’і, дзе цяпер выхоўваецца 12 дзяцей. Напярэдадні Новага года з сертыфікатам і падарункамі да хлопчыкаў і дзяўчынак завітала лідар ветэранскай арганізацыі Ірына Шляхтун і яе намеснік Віктар Ярмак.

Гасцей тут былі бязмежна рады бачыць. З абдымкамі дзеці навыперадкі беглі да сваіх дабрадзеяў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі старэйшым сябрам уручылі самаробныя фігуркі са скульптурнага пластыліну.


Расповед пра вялікую краіну Савецкі Саюз, дзе ў згодзе і міры жылі 15 сясцёр, дзеці слухалі з затоеным дыханнем.

– Калі прыйшла вайна, яны аб’ядналіся і перамаглі фашыстаў. Дзякуючы гэтаму мы жывём у суверэннай і прыгожай краіне, – сказала Ірына Баляславаўна і запытала: – Любіце нашу Беларусь?

Па ўтульным пакоі разнеслася дзіцячае шматгалосае “Так!”.

Па традыцыі напрыканцы пераднавагодняй сустрэчы прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі, дзеці і іх прыёмныя бацькі зрабілі на памяць фота ля святочна ўпрыгожанай ёлкі.





Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич