Дзед Мароз і Снягурка розных гадоў расказваюць пра сваю работу
10:00 / 01.01.2025
Ларыса Тарашкевіч, іграла Снягурку напачатку 2000-х гадоў:
– Усё жыццё аддала раённай культуры: агульны стаж, з улікам часу, калі падпрацоўвала на пенсіі, набяжыць да 50-ці гадоў.
Кім я толькі ні была на навагодніх святах! На памяць аб тых урачыстасцях, праўда, не ўсіх, засталіся фотаздымкі. Тут я ў ролі парасяці – ставілі пастаноўку па матывах казкі Сяргея Міхалкова «Тры парасяці». На гэтым здымку я ёлачка, мой касцюм упрыгожаны жывымі галінкамі. Была і цыганкай, якая варажыла кожнаму ахвочаму: камусьці прадказала хуткае замужжа, іншаму – шмат грошай. Але не ведаю, ці спраўдзіліся мае пажаданні. (Усміхаецца.)
Калі толькі пачынала ў раённай культуры, Дзед Мароз і Снягурка аб’язджалі тых, хто іх чакаў, на запрэжаных у каня санях. Людзі на вуліцах і тады глядзелі на нас як на сапраўдны цуд.
2000 год.
А аднаго разу ў навагоднюю ноч ліў дождж бы з вядра. У мяне боцікі модныя былі, прыгожыя, на абцасіках. Паслізнулася – і села ў лужыну. Пабегла ў клуб пераапранацца (у мяне былі там і спадніца, і хустка) – і Снягурка стала Бабай Ягой.Аднойчы гаспадар кафэ папрасіў, каб навагоднія героі з культуры павіншавалі са святамі наведвальнікаў. А ў нас самы пік – хоць ты разарвіся: ранішнікі, віншаванні ў арганізацыях… Я ўбралася ў Снягурку, Ядзя Зорына – у Дзеда Мароза, і пайшлі на карпаратыў, як цяпер кажуць. Кожны столік павіншавалі, песні паспявалі, нават хараводы павадзілі. Справіліся на «ўра»! Стомленыя, але задаволеныя пешшу вярталіся, а на вуліцы ўжо цёмна было. Прыпыніўся ля нас міліцэйскі экіпаж. Не паспелі мы напалохацца, як хлопцы прапанавалі падвезці на работу да цэнтра. Дзякуй ім вялікі за гэта! Дом культуры ўжо быў зачынены, а там усе нашы рэчы. Так з напарніцай у навагодніх касцюмах і разышліся па дамах.
2001 год.
А якое раней святкаванне Новага года было! Да цэнтральнай ёлкі прыганялі трактар, пакідалі прычэп, адкладвалі бакавіны, упрыгожвалі жывымі яловымі галінкамі – сцэна гатова.Яшчэ запомніўся адзін Новы год, калі пасля праграмы, дзе я іграла ролю Снягуркі, вярталася пешшу дадому. Было каля 5-ці раніцы. Людзі, адсвяткаваўшы, ужо адпачывалі – наўкола стаяла цішыня. Паволі ў паветры кружылі сняжынкі і падалі на зямлю. Падумала тады: якое хараство! Тут ля мяне спынілася міліцэйская машына, адчыніліся дзверы: «Ларыса Іванаўна, вас Кабрынец шукае!» Думаю, што ж такога магло здарыцца, што самому начальніку міліцыі спатрэбілася: мабільнікаў тады не было. Аказваецца, аднаго з нашых работнікаў, хоць ён і цвярозы быў, на аўтобусным прыпынку нейкія хлопцы пабілі. Зразумела, што ўсіх забралі ў аддзяленне, а калегу трэба было ратаваць. Хапіла майго сведчання, што ён працуе ў культуры. Так я ў ролі Снягуркі дапамагла чалавеку. Яго адпусцілі, а мяне машына даставіла прама пад дом.
2003 год.
Падчас навагодніх святкаванняў заўсёды жадала здароўя і дабрабыту, каб у кожнага абавязкова ажыццявіліся мары. А цяпер усім нам хачу пажадаць мірнага неба. Яно ёсць – можна радавацца, смяяцца і быць шчаслівымі. З надыходзячым Новым годам, дарагія землякі!Павел Букель, іграў Дзеда Мароза пачынаючы з сярэдзіны 2000-х:
– Першую ролю Дзядулі-Чараўніка выканаў у 5 гадоў. Мы жылі ў Вільнюсе ў так званай маласямейцы, таму Новы год адзначалі заўсёды весела і дружна. З суседскай дзяўчынкай вырашылі стаць навагоднімі героямі, хоць, канешне, ніякіх касцюмаў і атрыбутаў у нас не было. Знайшлі чырвоную шапку – і пайшлі віншаваць усіх са святам. Нас сустракалі радасна, давалі невялікія падарункі. Мы пайшлі толькі з вершамі, а вярнуліся з цэлым мехам прысмакаў.
Падчас вучобы ў Гродзенскім каледжы мастацтваў пастаянна ўдзельнічаў у навагодніх і зімовых пастаноўках. Паралельна з гэтым у ролі Дзеда Мароза добра зарабляў, тады стала ўваходзіць у моду заказваць на дом казачных персанажаў для віншавання дзяцей.
Калі пераехаў з Гродна ў Астравец, уладкаваўся ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. У 2010 годзе мы перамаглі на вобласці, а потым і на рэспубліцы ў конкурсе «Ёлка-фэст». На роўных спаборнічалі з калектывамі з абласных і сталічных палацаў творчасці, але наша зімовая акадэмія і аўтарскія гульні і конкурсы скарылі журы і гледачоў. Частка тагачаснага калектыву і сёлета працуе са мной. Ілона, якая тады была яшчэ школьніцай, танцавала, а сёлета была Снягуркай. У гэтым годзе мы таксама перамаглі: нас прызналі лепшымі ў рэспубліцы Дзедам Марозам і Снягуркай!
У ролі Снягуркі – Наталля Янкоўская
Складана быць казачнымі героямі, асабліва на карпаратывах. На ранішніках – зусім іншая справа, бо дашкаляты вераць у белабародага чараўніка ад душы.Прыкольны выпадак здарыўся, калі мы пайшлі віншаваць на дом дзяцей. У той дзень я толькі набыў новы мабільны тэлефон, які нават не паспеў распакаваць. Кішэні ў касцюме былі невялікія, таму папрасіў пакласці Снягурку яго
ў мех. Павіншавалі хлопчыка, аддалі падарункі, у тым ліку мой новы тэлефон. Добра, што бацька дзіцяці своечасова выявіў «лішні» прэзент. (Усміхаецца.)
Было ў маёй дзедамарозаўскай практыцы, што з «унучкай» памыляліся паверхам: віншавалі спачатку тых, хто нас не чакаў, а потым – сапраўдных заказчыкаў.
У спешцы ў пераднавагоднія дні, калі шмат ранішкаў, забываў бараду. Выхад знаходзіў на месцы: разразаў парык на дзве часткі, адну з якіх прымацоўваў з дапамогай стужкі на твар.
Запомніліся словы адной дзяўчынкі пасля таго, як яе павіншаваў і ўручыў падарункі.
– Дзеда, вось ты сапраўдны! Я гэта дакладна ведаю! – шчыра сказала дзяўчынка.
Я пацікавіўся, чаму яна так лічыць.
– Ты ў валёнках, – і паглядзела на мае ногі. – А той Дзед Мароз быў у чаравіках, як у дзядзі Мішы!
І што тут скажаш! Дзяцей ніколі не падманеш. Вобраз стараюся прадумаць да дробязей і ніколі не забываць пра валёнкі.
…Дзеці розныя і жаданні ў іх розныя. Некаторыя хочуць, каб тата любіў маму ці мама не крычала на тату. У ролі Дзеда Мароза я ў пэўнай ступені выступаю псіхолагам, таму што хлопчыкі і дзяўчынкі давяраюць самыя патаемныя жаданні.
А яшчэ яны хочуць гаджэты, канструктары, кнігі, але толькі не цукеркі. У маім маленстве мандарыны былі за шчасце.
Запамінаюцца таленавітыя дзеці. Па тым, як яны спяваюць ці расказваюць на ранішніку вершы, бачу, што бог пацалаваў іх і даў талент.
Самае цудоўнае ў рабоце Дзеда Мароза – шчырыя эмоцыі людзей, якія мяне чакаюць. У такіх кватэрах, здаецца, нават пахне чараўніцтвам. Ты атрымліваеш зваротную сувязь – і гэта дарагога каштуе.