З якімі сэрцам, душой і думкамі свята Божага Нараджэння сустракае пробашч гервяцкай парафіі ксёндз Павел Ствол
15:00 / 25.12.2024
Прапануем паглядзець на Каляды вачыма святара, верніцы, якая пражыла доўгае і напоўненае радасцямі і выпрабаваннямі жыццё, і шматдзетнай сям’і.
Ксёндз Павел Ствол: «Бог нас прымае любымі»
Нездарма кажуць, што шляхі Гасподнія неспавядальныя… Ніхто не можа прадбачыць Божага правіду, але што, калі ні гэта, прывяло нашага земляка, ураджэнца Міхалішак, на Астравеччыну ў адзін з самых прыгожых і ўнікальных храмаў Беларусі? Некалькі месяцаў назад пробашчам гервяцкай парафіі прызначаны ксёндз Павел Ствол, якога мы папрасілі адказаць на 5 пытанняў аб галоўным.
1. Раскажыце пра галоўныя калядныя традыцыі і сімвалы. Якія з іх вам падабаюцца найбольш і чаму?
– Таямніца нараджэння Дзіцяткі Езуса нагадвае нам пра пачатак збавення: сын Божы прыходзіць у гэты свет дзеля выратавання чалавецтва і кожнага з нас ад грахоў і зла.
Заўважу, што менавіта гэтае свята пачынаецца не так, як іншыя ўрачыстасці: не ў храме, а ў коле сям’і. Вечарам усе сваякі збіраюцца на сумесную вігілійную вячэру. Згодна з традыцыяй, яна распачынаецца пасля таго, як на небе з’явіцца першая зорка – напамін пра віфлеемскую зорку, якую ўбачылі мудрацы і вельмі ўзрадаваліся гэтаму знаку нараджэння Месіі.
На вігілійны стол пад белы абрус абавязкова кладзецца сена – памяць пра тое, што Сын Божы нарадзіўся на сене ў яслях. Тут мы знаходзім і дванаццаць страў, якія сімвалізуюць апосталаў, а таксама выражаюць біблейскі сімвал паўнаты.
Сярод месцаў за сталом абавязкова павінна застацца свабоднае – для неспадзяванага госця. Гэта напамін пра тое, што Святой Сям’і не знайшлося месца ні ў адным з дамоў Віфлеема. Таксама гэта паказвае хрысціянскую любоў і гатоўнасць гасцінна прыняць кожнага патрабуючага ці падарожнага ў сваім доме.
Сабраная за вігілійным сталом сям’я спачатку слухае ўрывак з Евангелля, які звычайна чытае галава сям’і ці хтосьці з найстарэйшых родзічаў. Пасля малітвы ўсе дзеляцца аплаткай – хлебам, які сімвалізуе Хрыста, дабрыню Бога і добразычлівасць да бліжняга, і адрасуюць адзін аднаму калядныя віншаванні і пажаданні.
Пасля спажывання поснай вячэры сям’я накіроўваецца ў касцёл на начную святую імшу, якая называецца Пастэркай, – гэта напамін пра пастушкоў, якія першымі пачулі ад анёлаў радасную навіну пра нараджэнне Збавіцеля.
Адметным момантам святочнай літургіі становіцца адкрыццё сімвалічнай стаенкі ў храме, якая адлюстроўвае сцэну нараджэння Хрыста ў стайні-пячоры сярод хатніх жывёл.
Асаблівую атмасферу на Божае Нараджэнне стварае сумеснае спяванне калядак – песень, якія раскрываюць сэнс свята і адлюстроўваюць радасць ад усведамлення гэтай значнай падзеі.
Для мяне асабліва шчымлівым момантам свята з’яўляецца вігілійная вячэра ў непаўторнай атмасферы сямейнай цеплыні, калі ўсе між сабой дзеляцца аплаткай, дзякуюць за ўсё добрае, просяць прабачэнне за слабасці, складаюць шчырыя віншаванні і выразы любові. Гэта момант, калі мы, людзі, праяўляем свае найлепшыя якасці: шчырасць і добразычлівасць.
2. Як святкавалі Нараджэнне Хрыста ў вашай сям’і і як вы робіце гэта зараз?
– Я вырас у асяроддзі, дзе заўсёды была вельмі жывая і моцная каталіцкая традыцыя пражывання Божага Нараджэння. Стаўшы святаром, па меры магчымасці, нягледзячы на тое, што маю шматлікія душпастырскія абавязкі, стараюся быць у коле родных на кожнай вігілійнай вячэры. Гэта глыбокая хрысціянская традыцыя продкаў для мяне мае велізарнае значэнне і як для верніка, і як для святара, і як для сына, і як для чалавека.
3. Прыгадайце самыя памятныя Каляды ў вашым жыцці.
– Кожнае свята Божага Нараджэння мае асаблівае і непаўторнае значэнне, адметнасць, унікальную атмасферу, спатканні, перажыванні… З усяго гэтага, як з цаглінак, складаецца маё жыццё.
4. З якімі думкамі сёлета будзеце сустракаць Сына Божага?
– Гэтыя Каляды будуць для мяне першымі на новым месцы душпастырскага служэння. Таму, напэўна, ад усёй душы буду прасіць моцы і мудрасці Божых, каб Дзіцятка Езус паблаславіў месца майго служэння Богу, а таксама тых вернікаў, якіх Ён давярае маёй духоўнай апецы.
5. Што б вы сказалі Езусу і кожнаму, хто з радасцю Яго прывітае ў храме, доме і сваім сэрцы?
– Богу, які прыходзіць да нас, як маленькае дзіцятка, падзякую за Яго неспасцігальную любоў, міласэрнасць і адкрытасць да людзей. А кожнаму чалавеку пажадаю не баяцца прыходзіць да Хрыста такім, які ты ёсць. Бог прымае ўсіх без выключэння і дапамагае раскрыцца самым лепшым нашым якасцям, аздаравіцца ад ўсяго слабага і грэшнага. У гэтым і тояцца хрысціянскія радасць і надзея. Такой радасці, даверу і духоўнага аптымізму жадаю кожнаму з нас. Хрыстос нарадзіўся – славім Яго!
Фота з архіва святара.