Каго ўзнагародзілі ў КСУП “Міхалішкі” ў межах прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”
На Астравеччыне працягваецца рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”. Падчас зімне-стойлавага перыяду прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу наведаюць усе гаспадаркі раёна, каб адзначыць лепшых і з першых вуснаў даведацца, чым жывуць на фермах і комплексах вяскоўцы і што іх хвалюе.
Па традыцыі да прафсаюзнага лідара аграрыяў Юрыя Адулы і галоўнага бухгалтара Марыі Станкевіч далучыўся карэспандэнт “раёнкі”, дзе ў аграгарадку кампанію нам склалі старшыня прафсаюзнай пярвічкі Ірына Мацкела і галоўны спецыяліст па ахове працы Людміла Казлоўская.
Асноўны пасыл, які нясе ў сабе акцыя, гэта не толькі адзначыць працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны, але і паспрыяць таму, каб палепшыліся ўмовы іх работы, асабліва на невялікіх малочна-таварных фермах.
Сустракаючыся з калектывамі, Юрый Адула зрабіў акцэнт на некалькіх тэмах. Па-першае, на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Старшыня райкама параіў кожнаму прыняць удзел у гэтай важнай для краіны і кожнага беларуса палітычнай кампаніі. Ён заўважыў, што прагаласаваць можна як у асноўны дзень, так і датэрмінова.
Таксама старшыня райкама расказаў пра нюансы забеспячэння работнікаў спецыяльнымі аддзеннем і абуткам, а таксама нагадаў, што ўсё гэта з’яўляецца ўласнасцю наймальніка. Па вялікім рахунку, рабочая “ўніформа” жывёлаводаў павінна заставацца на аб’ектах, дзе створаны ўмовы для яе догляду: ёсць пральныя машыны, мыючыя сродкі і іншае… Аднак на справе гэта не так.
Адна з тэм, якую закраналі падчас акцыі, – аздараўленне. У кожнага члена прафсаюза ёсць магчымасць скарыстацца турам выхаднога дня і бясплатна адпачыць у санаторыях “Нарач” і “Нарачанка”.
Акрамя гэтага, Юрый Аляксандравіч пацікавіўся, ці ёсць у калектывах грамадскія інспектары па ахове працы, і параіў, як мага хутчэй абраць іх.
– У райкаме працуе толькі два чалавекі, і пры ўсім маім жаданні я фізічна не магу адразу ахапіць усе фермы, комплексы, механічныя майстэрні, раслінаводчыя ўчасткі і іншыя аб’екты, на якіх абавязкова павінен быць кантроль, у першую чаргу для таго, каб недапрацоўкі і парушэнні хутка выпраўлялі. Наймальнік ці мы, прадстаўнікі прафсаюза, гэтага не заўважым, затое гэта аператыўна зробіць грамадскі інспектар. Такія людзі павінны быць на месцах, каб дапамагаць рабіць вашу працу больш камфортнай, – падкрэсліў Юрый Адула.
МТФ “Страча”
На гэтай ферме ўсім работнікам выдадзены святлоадбівальныя камізэлькі. Іх значнасць зімой, калі светлавы дзень самы кароткі, складана пераацаніць. Загадчык фермы Ірына Міхновіч зазначыла, што варта было абсталяваць святлоабівальнымі элементамі конныя павозкі. Гэтае пытанне ўзяла на кантроль Людміла Казлоўская.
Таксама ініцыятары акцыі паглядзелі ўмовы працы: прынамсі, у памяшканні для пераапранання ішоў рамонт – тут, па іх меркаванні, варта было б усталяваць пральную машыну і прадумаць пытанне пра душавую кабіну. Усе неабходныя мыючыя сродкі людзям выдадзены.
Падзякі за працу і віншаванні ад раённых гасцей і калег прымала аператар машыннага даення Любоў Барысоўская. Некалькі дзесяцігоддзяў назад жанчына пераехала ў Беларусь: спачатку жыла на Брэстчыне, потым перабралася на Астравеччыну. На ферме яна падмяняе іншых даярак, а дома займаецца вырошчваннем куранят.
Вартаўніку Чаславу Канчаніну, які быў на выхадным, Падзяку і падарункавы сертыфікат пакінулі на ферме.
МТФ “Страчанка”
Як і на папярэднім аб’екце, умовы працы, па меркаванні наведвальнікаў, варта палепшыць. Аб гэтым пазней наймальніку будуць накіраваны адпаведныя рэкамендацыі.
Падчас сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі людзі цікавіліся асаблівасцямі электаральнай кампаніі, задавалі пытанні з галіны працоўнага заканадаўства.
Тут адзначылі жывёлавода Леаніда Канопкіна, які з напарнікамі і вернай памочніцай кабылай Марусяй падвозіць і раздае жывёле кармы. Не забыліся і пра аператара даільнай устаноўкі Івана Барысоўскага, якога цэняць на ферме за залатыя рукі: ён і лямпачку заменіць, і падрамантуе што трэба.
МТК “Маркуны”
Гэта адзіны комплекс у КСУП “Міхалішкі”, і, зазначу, што ў апошні час справы ідуць тут нядрэнна: ёсць прыбаўка па малаку, якое адпраўляецца на перапрацоўку гатункам экстра.
Людзі задаволены і заработнай платай, і створанымі ўмовамі. Адзінае, што іх турбуе, – спецадзенне. Як патлумачыла Ірына Мацкела, пытанне вырашаецца: плануецца паэтапна выдаваць спецвопратку на розныя жывёлагадоўчыя аб’екты.
На МТК “Маркуны” прафсаюз адзначыў жывёлавода Сяргея Кавалеўскага і аператараў машыннага даення Леакадзію Боўшу, Марыну Чайкоўскую, Святлану Пашкоўскую, Валянціну Шалінаву. Ганну Янушэўскую чакае паездка ў санаторый “Нарачанка” – такую прыемную неспадзяванку для даяркі зладзіла пярвічная арганізацыя гаспадаркі.
З першых вуснаў
Марына Чайкоўская:
– Прыемна, што прафсаюзы пра нас ніколі не забываюць. Памятаю, калі мы з Ганнай Янушэўскай працавалі на ферме ў Ласях, нас таксама ўважылі.
Сяргей Кавалеўскі:
– Работа для мяне звыклая, з іншым хлопцам даглядаю каля 800 галоў: чысцім кармавыя сталы, падсуваем сянаж і сілас, выяўляем кароў у ахвоце, падмятаем праходы. На комплексе каля 4-х гадоў.
Радасна, што мяне адзначылі! Буду старацца і надалей працаваць добра і не падводзіць калектвў начальніка комплекса Святлану Кісель.
#НАШЕЛУЧШЕЕ #НАШАЛЕПШАЕ