У астравецкай гімназіі №1 прайшлі ўрокі да 25-годдзя Саюзнай дзяржавы
17:00 / 16.12.2024
Гімназія №1 нашага горада з’яўляецца ўдзельнікам Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь і актыўна ўдзельнічае ў сумесных адукацыйных мерапрыемствах. Да таго ж нашы педагогі і школьнікі цесна супрацоўнічаюць з калегамі і аднагодкамі з навучальных устаноў горада Сасновы Бор. Таму і юбілей Саюзнай дзяржавы для астраўчан не проста дата ў календары, а яшчэ і напамін пра цеснае сяброўства двух народаў і дзвюх краін.
9 снежня ва ўсіх класах гімназіі прайшоў адзіны ўрок, прысвечаны 25-годдзю падпісання Дагавора паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь «Аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» – 25 гадоў нашы народы захоўваюць адзінства поглядаў па ключавых пытаннях развіцця і супрацоўніцтва.
– На ўроку навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй Саюзнай дзяржавы, – расказала дырэктар гімназіі Жанна Янцэвіч. – Класныя кіраўнікі акцэнтавалі ўвагу вучняў на асноўных этапах стварэння Саюзнай дзяржавы, вучні прыводзілі вядомыя ім факты, якія пацвярджаюць шматгадовае сяброўства і цеснае супрацоўніцтва нашых краін, а таксама адзначалі, што ганарацца агульнымі дасягненнямі Беларусі і Расіі.