Что индусы делают в Подольцах, кого называют мадам и как ухаживают за животными – в нашем материале

13:00 / 15.12.2024

Чутка пра тое, што ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» працуюць індусы, даляцела да мяне выпадкова. Зацікавілася! 

Ведаю гаспадыню МТК «Падольцы» Гражыну Рабкоўскую даўно (гультаям яна спуску не дасць!), таму маё ўяўленне намалявала вобраз працавітых, дарэчы, як і тутэйшыя людзі, работнікаў. Забягаючы наперад зазначу: прадчуванне не падвяло…

Як індусы трапілі ў саўгас «Па­доль­скі»; як знаходзяць агульную мову з мясцовымі людзьмі; што было для іх самым цяжкім;  ці спадабалася традыцыйная індыйская ежа загадчыцы комплексу – пра гэта і многае іншае даведалася на месцы.

Пра ноўхаў і людзей

 …Прыязджаем на комплекс «Падольцы». Цялятніцы кружаць ля індывідуальных дамкоў і падапечных. Адзін з работнікаў мые чарговы домік. Непадалёк будуецца новае жывёлагадоўчае памяшканне… Словам, тыповая карціна са штодзённага жыцця комплексу.

На тэрыторыі заўважаю яго начальніка: жанчына штось­ці эма­цыянальна тлумачыць будаў­нікам і паралельна размаўляе па тэлефоне. Заўва­жыў­шы мяне, хуткай хадой накіроўваецца насустрач. Пасля прывітання  ўво­дзіць у курс спраў.

– Гэта ідэя нашага Валер’евіча (старшыня саўгаса. – Заўв. аўт.). Нагледзецца розных цікавостак на семінарах, а потым у нас укараняе, – паказваючы ў бок будоўлі, гаворыць Гражына Раб­­коўская. – Гэта будзе сучасны прафілакторый на 180 малы­шоў і 130 цялят групавога ўтрымання. Акрамя гэтага, тут размесцяцца малочная кухня і асобнае памяшканне для працаўнікоў з усім неабходным абсталяваннем, санвузлом, душавой кабінай, пральнай машынай. Плануем набыць спецыяльны апарат-адпарвальнік для мыцця вядзерац. Словам, будзе значна прасцей і спадручней клапаціцца пра самых маленькіх жыхароў комплексу, таму што пакуль цялятніцы і ў снег, і ў дождж, і ў спёку працуюць пад адкрытым небам. Шэф абяцаў набыць на комплекс самаходную машыну для падсування кармоў. Такой, наколькі ведаю, няма яшчэ ні ў «Гудагаі», ні ў «Гервятах». 

Многае ў саўгасе ўзводзяць самі – гаспадарчым спосабам, а гэта адчувальная эканомія для сельгас­прадпрыемства. Прафі­лакторый – не выключэнне. 

Перад тым як пазнаёміць з га­лоўнымі героямі дня, Гражына запрасіла да сябе ў кабінет. 

– Па-нашаму яны не размаў­ляюць, стасуемся з дапамогай галасавога перакладчыка ў тэлефоне, –  адзначыла гаспадыня комплексу. –  Я вам лепш за маіх індусаў пра іх усё раскажу, а вы потым проста сфатаграфуеце. Яны дакладна не адмовяць! Не людзі – а ўсміхашкі!

– На комплексе 1 400 галоў, з якіх 800 – дойны гурт. Па надоі да аналагічнага перыяду гэтага года «плюсуем» – ад каровы доім 20,4 кілаграмы малака, што на 1,3 больш. Выйшлі на гатунак экстра: каля 66% прадукта такой якасці адпраўляем на перапрацоўку. Як атрымалася гэта зрабіць? – у маіх вачах убачыла жанчына пытанне, якое я не паспела агучыць, і прадоўжыла: – Адсарціравалі жывёлу, наладзіла работу з даяркамі – і справа пайшла. Аператары машыннага даення працуюць пазменна. Сёння, напрыклад, з 5.00 да 16.00 – мясцовыя дзяўчаты: Рома Печаткоўская, Аксана Ілюк і Юля Гайдукевіч. Потым на пост заступяць нашы індусы: Хамтабен (жанчына), Тхармэш (мужчына) і Дэйван Кумар. Два дні працуюць, на трэці адпачываюць. Мне здаецца, такі графік больш зручны для лю­дзей. 


Як з’явіліся? З «Валдберыса» зваліліся…

 Скажыце, дзе на сусветнай карце знаходзіцца Індыя, а дзе – Беларусь? Зразумела, не толь­кі мяне зацікавіла, як індусы трапілі ў аграгарадок Падольцы. 

– Неяк павезла ў кантору спра­­ваздачу і сустрэла дырэктара, які паведаміў, што на мой комп­лекс прыедуць індусы. Мяне гэтая навіна агаломшыла, падобная рэакцыя была і ў іншых, – успамінае жанчына. – У нашым раёне праводзяцца семінары для спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны розных гаспадарак.

Звычайна раённае начальства, дырэктары гаспадарак, галоўныя заатэхнікі, ветурачы і начальнікі комплексаў наведваюць па адным МТК у кожным калгасе. Дык у мяне «гервятцы» ўсё дапытваліся, адкуль да сябе індусаў заманілі. А я ў сваім рэпертуары, доўга не думаючы, адказала: «Сістэма такая ж, як і на

«Валдберысе», – кідай сабе ў скрынку, хочаш 5, а хочаш – 10. Калегі, канешне, зразумелі, што гэта жарт, і пасмяяліся. Насамрэч усё афіцыйна з працаўладкаваннем індусаў. Праўда, валакіты шмат: атрыманне спецыяльнага дазволу, візы, страхоўкі, даведкі аб праходжанні медкамісіі…

«Камуна» ў Падольцах

У саўгасе да прыёму новых работнікаў грунтоўна падрых­та­валіся. У двухпавярховым доме замянілі кацёл, завезлі дро­вы, паставілі неабходную мэб­лю і рэчы, пачынаючы ад новай кух­ні і заканчваючы посудам. Цяпер тут жыве 6 чалавек. 

– Я, напэўна, самы першы госць у іх доме. Ім, канешне, спачатку было складана прывыкнуць да нашага клімату і побыту. Мы з дзяцінства ведаем, як распальваць печ, калі трэба падкінуць дроў, а для індусаў напачатку гэта была цэлая навука. Таксама было цяжка мі­рыцца з пахаладаннем, пакуль не навучылі іх «хукацца». Ра­ботнікі комплексу замежных гасцей сустрэлі прыязна: хто цёплыя рэчы прынёс, хто – ежу. А Лёня Кімстач да гэтага часу частуе іх малочнымі кактэйлямі: маўляў, такой якаснай і смачнай малочкі, як наша, вы ў жыцці не каштавалі, – з усмешкай працягвае Гражына. – Яны вегетарыянцы – ніякага мяса не ўжываюць. Аднаго разу кармілі мяне сваім «пловам» – гэта адвараны рыс з гароднінай і празмернай колькасцю розных прыпраў. Востра! Такая «паляная» ежа не для нашых страўнікаў. А вы б бачылі, як яны бульбу крышаць – так, нават, у рэстаранах не робяць. Рыс, гарох, чай з малаком, рознае пячэнне, гародніна, акрамя агуркоў, – іх рацыён. Ведаеце, што мяне здзівіла? Іх згуртаванасць і дружнасць. Неяк растлумачыла, што на змену варта браць «сабойкі».

Дык яны, як сядаюць абедаць, маленькую міску з ежай пускаюць па крузе: маўляў, частуйцеся – усім хопіць. 

Да слова, штомесяц прадук­тамі індусаў забяспечвае саў­гас, у іх з зарплаты за гэта выліч­ваюць толькі 20%. 

«Індзейцы» – але свае

Менавіта так новых смуглатварых калег называюць старажылы комплексу, хоць, зразумела, жыхары Індыі ніякага дачынення не маюць да Лацінскай Амерыкі. 

– Першыя тры чалавекі пры­ехалі напрыканцы лета. Адзін высокі малады, думала, застанецца, а ён ніякага паняцця не меў пра спецыфіку фермы. Не змог! Затое Тхармэш, што на дойцы, цудоўна спраўляецца з работай. Адзін індус працуе ў прафілакторыі, тры – у даільнай зале, два – на «лёжках». Усім кажу, што ў мяне адно дзіця дома, а тут – ажно шасцёра, – жанчына засмяялася. – Мяне яны называюць мадам. Ведаю, што сумуюць, калі я на выхадным. Раніцай лятуць абдымацца. Мяне яны вельмі любяць, як і я іх. Увогуле кож­ны чалавек на комп­лексе для мяне родны. 

Пацікавілася ў суразмоўцы, ці ўзнікаюць цяжкасці ў каму­нікацыі з індусамі і ці добрыя яны работнікі. 

– У кожнага ёсць тэлефон з галасавым перакладчыкам. Стасуемся на ламанай англійскай мове, з дапамогай жэстаў і мімікі. Найлепш і найхутчэй яны мяне разумеюць, калі накасячаць. (Усмі­хаецца.) Ведаюць словы «пока», «спасибо». Завочна знаёма з іх шматлікімі сваякамі. Часта з работы падвожу маіх падначаленых дадому ў Падольцы. Дык усю дарогу з родзічамі па тэлефоне на сваім хіндзі балбочуць, – дзеліцца Гражына. – Хамтабен – хоць худзенькая, але жылістая і працавітая: гной шчышчае, пілавіннем пасыпае, калідор забельвае. Рыхтуем яе да работы на сухастоі. Кожны чалавек сябе ўжо праявіў і паказаў, на што здольны, як, напрыклад, Малыш. Так я называю нашага цялятніка Прытэша Кантрактора. 

Перапытала ў Гражыны, як пра­вільна пішацца імя і про­звішча, каб нічога не пераблытаць.

– Лепш перапішыце з майго блакнота, – параіла начальнік комплексу і падала сваю за­піс­ную кніжку

Заўважыла, што у верхнім кутку дакумента простым алоўкам пазначана «Малыш». 

– Мае «бабкі» на цялятах вель­мі яго палюбілі, а індус вывучыў, што іх завуць Оля і Аня. Неяк з дапамогай перакладчыка Прытэш дзяліўся, што яму падабаецца з нашымі жанчынкамі працаваць, таму што яны вучаць, як правільна даглядаць жывёлу, добрыя. Чалавек адразу ўліўся ў калектыў, таксама, як і Тхармэш, які на дойцы з першага дня. Індусы, як і беларусы, – працавіты народ, – лічыць Гражына.

***
У дзень майго прыезду на комп­лексе былі Хамтабен і Прытэш. Каб не адрываць жывё­лаводаў ад работы, толькі спытала, ці падабаецца ім тут. І ад жанчыны, і ад мужчыны ў адказ атрыма­ла белазубую ўсмешку і кароткае «Ок!». Праўда, Малыш, на маю прапанову паказаць «клас» – зра­біў іншы жэст, суправадзіўшы ка­мен­тарыем: «Good! Very good!».

Відаць, і сапраўды індусам доб­ра ў Падольцах!

Лічба

На МТК«Падольцы» 1 400 галоў, з якіх 800 – дойны гурт. Ад каровы атрымліваюць 20,4 кг малака.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич