Пра горкае ваеннае дзяцінства астравецкім школьнікам расказала Сафія Рудніцкая
У межах патрыятычнага праекта «80 мірных гадоў! Беларусь памятае» Мальская бібліятэка-клуб і СШ №1 арганізавалі візіт-акцыю «Горкае дзяцінства». Школьнікі завіталі да Сафіі Рудніцкай, якая нарадзілася напачатку вайны – у 1941 годзе.
Дзяцінства жанчыны прайшло ў Вілейскім раёне.
Сафія Рыгораўна, глядзячы на прыгожа апранутых юных гасцей, прыгадала сябе:
– Лапцікі пашылі мне, калі пайшла ў школу. У першы клас прахадзіла да зімы, а потым кінула – холадна, апрануць не было чаго. Няма мяне дзень, другі, трэці – гэта заўважыла настаўніца. Завітала да нас, пачала ўгаворваць, каб ішла ў школу. У выніку скончыла 7 класаў.
Для сучасных дзяцей і падлеткаў падобная сітуацыя падаецца незразумелай: сёння ў кожнага ёсць не толькі абутак і адзенне, але і цацкі, і разнастайныя гаджэты.
Тым часам Сафія Рыгораўна працягвае:
– Жылі ў зямлянках, але дружна, бо гора заўсёды аб’ядноўвае. Хоць і галадалі, хадзілі босыя, не мелі адзення, самі шылі простыя кашулі. А выжывалі дзякуючы таму, што сеялі лён і каноплю. Кароў у ваенны час не было – немцы пазабіралі. Шмат людзі ад іх нацярпеліся. Ворагі знішчылі нашу вёску: загадалі жыхарам выйсці з хатаў і падпалілі дамы. Так фашысты вырашылі пакараць людзей, таму што побач у лесе былі партызаны.
– Сястру немцы забілі, ёй ўсяго 14 гадоў было. Яна ў лесе з каровай хавалася, – дадае жанчына. – Тады загінулі ўсе, хто там быў, у тым ліку мамін родны брат з жонкай і дзіцяткам.
На нейкі момант Сафія Рыгораўна спыняецца – стараецца ўтаймаваць свае пачуцці. Але слёзы ручайкамі бягуць па яе твары. Праз некалькі хвілін яна працягвае:
– Побач з нашай вёскай немцы спалілі яшчэ дзве – з жывымі людзьмі. Сагналі іх у вялікі будынак і знішчылі. Нас пасля са школы вадзілі туды на экскурсію – падавалася, што там яшчэ пахне смерцю… Не дай Бог такому здарыцца. Цяжка было і ў вайну, і пасля яе. Памятаю, як тата плёў лапці, а мама жала траву, сушыла, пасля рабіла з яе чорныя праснакі. Яны былі горкімі, але елі, каб выжыць. Жудасная была тая вайна.
Усё далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны і з кожным годам памяншаецца колькасць яе сведкаў. Але той час нельга забыць.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.