Сустрэліся два меркаванні. Кветкі на могілках – штучныя ці жывыя?

10:00 / 23.11.2024

Напярэдадні восеньскіх і вясновых памінальных дзён гандлёвыя рады запаўняюцца яркімі штучнымі букетамі на любы густ і кашалёк, якія хутка раскупляюцца тымі, хто спяшаецца на могілкі. І ў гэты ж час найгучней б’юць у набат эколагі: штучныя кветкі наносяць вялікую шкоду навакольнаму асяроддзю, бо іх немагчыма перапрацаваць. Гэтая праблема ўсё больш часта і востра абмяркоўваецца ў розных СМІ. Наша газета не стала выключэннем. Пасля артыкула Вольгі Хацяновіч «Убивают природу. И память», надрукаванага ў «Астравецкай праўдзе», у рэдакцыю паступіла два супрацьлеглыя водгукі. Мы вырашылі прывесці абодва і спытаць у нашых чытачоў, што яны думаюць з гэтай нагоды.

Галоўнае – крыж, свечка і малітва

Артыкул Вольгі Хацяновіч «Убивают природу. И память…» пад рубрыкай «Есть проблема», надрукаваны ў «Астравецкай праўдзе» 25 кастрычніка, паставіў перад намі, астраўчанамі, горкі знак пытання: «…что останется детям и внукам? Грязная земля (а значит, и воздух, и природа целиком!»

Чытала і перачытвала. Павучальны, накіроўваючы, патрэбны жыццёвы артыкул. 

Нашы продкі заўсёды даглядалі ўзгорачкі пахаванняў. Зверху магілы пасыпалі жоўтым пясочкам. Галоўнымі атрыбутамі на магілцы былі крыж і свечка, асвечаная ў храме. А яшчэ – малітва! І няважна, доўга яна будзе гарэць ці вецер ураз патушыць трапяткі агеньчык – трэба, каб ён успыхнуў хоць на момант, тады і спатканне з продкамі адбудзецца, так навучалі нас старэйшыя.

Кветкі раней высаджвалі каля магілкі. На маёй радзіме, Навагрудчыне, зялёныя шарыкі – скочкі – садзілі на магілцы крыжыкам: ён, ярка-зялёны, здалёк быў бачны на жоўтым пясочку.

Я не супраць прагрэсу. Вельмі добра, што цяпер магілкі закладваюць пліткай – зручна, трава не расце, парадак заўсёды. І агеньчык у лампадках вецер не тушыць, яны гараць доўга.

Ёсць у артыкуле і яшчэ адзін важны штрых: «…цветы на могиле, безусловно, хорошо, но разве их количеством или дороговизной измеряется наша любовь к ушедшим?..»

А як аднесціся да таго факту, калі да помнікаў героям вайны ўскладаюць вялізныя дарагія вянкі – і пры гэтым забываюцца запаліць свечку? Ці ж гэта правільна? Парушаецца закон продкаў…

І яшчэ. Цудоўная, загадкавая аўтарская экалагічная арыфметыка прыведзена ў артыкуле. За галаву схапілася, калі ўявіла, дзякуючы аўтару, які экалагічны «дзявяты вал» абрушваецца на нашу зямлю пасля кожнага свята памінання продкаў. І гэтыя ж шкодныя рэчывы будуць захоўвацца вечна, іх немагчыма перапрацаваць! У што ж мы ператвараем сваю планету – наш агульны дом?!

Дзякуй рэдакцыі нашай любімай «Астравецкай праўды», што своечасова заўважае, здаецца, незаўважальныя факты жыцця, заўсёды знойдзе дасканала падыход, растлумачыць, што, дзе і як, дапаможа разабрацца.

Не! Газету маю чытаць – гэта не сайт гартаць! (Назавіце мяне старамоднай – я не пакрыўджуся!)

Яна ГАЛІНА, г. Астравец.

Прапануйце альтэрнатыву!

Не так даўно я сябе адчула злоснай варагіняй прыроды. І чым далей, тым больш ўзмацняецца гэтае пачуццё віны. 

Хоць раней я заўсёды лі­чыла, што мы з навакольным асяроддзем суіснуем мірна і з узаемнай карысцю: смецце я сартырую з першага дня, як у Астраўцы з’явілася такая магчымасць, яшчэ і пабуркваю, што трэба было б яшчэ кантэйнеры для пустых бляшанак паставіць. Вогнішчы ў лесе не распальваю. Калі здараецца нагода выбрацца з сябрамі на пікнік, то смецце мы акуратна прыбіраем і забіраем з сабой. Лес саджу, жывёл не крыўджу, кветкі без патрэбы не рву…

Зрэшты, кветкі якраз і абудзілі ўва мне адчуванне віны перад прыродай. Толькі не тыя, што цвітуць у полі і ў гародчыках дбайных гаспадынь, а штучныя. Якія я, нягледзячы на ўшчуванні эколагаў і журналістаў, кожны год купляю і адношу на магілкі сваім родным і сябрам. Адчуваючы сябе вінаватай, тым не менш, не знаходжу магчымасці адмовіцца ад гэтай шкоднай для прыроды звычкі. Пабываўшы падчас восеньскіх Дзядоў на могілках, пераканалася: не адна я такая. Скажу больш: такія – практычна ўсе! Хоць суцяшэнне гэта, вядома, слабае...

А ўся справа ў тым, што тыя, хто пераконвае, быццам яркія штучныя букеты на магілках – вялікая шкода для прыроды, не прапануюць дастойнай альтэрнатывы. 


Жывыя кветкі, кажаце? Купіла напачатку кастрычніка на гадавіну смерці бацькі прыгожы куст хрызантэм у гаршчку – зусім не танны, між іншым! – да Усіх Святых ён не дастаяў. Што ўжо гаварыць пра зрэзаныя гваздзікі, аксаміткі ды ружы – сама болей праз тыдзень, а ў спякотнае надвор’е – і праз дзень трэба бегчы на могілкі, каб кучка гнілога смецця не псавала выгляд дарагога твайму сэрцу месца пахавання.

Прапануеце пасадзіць кветкі ля магілкі ці на ёй самой? Дастойнае рашэнне для тых, у каго ёсць час, здароўе і магчымасць (не забывайце, што часта дзеці жывуць за сотні кіламетраў ад месца пахавання бацькоў і дзядоў) як мінімум раз у месяц, а пажадана часцей наведацца на могілкі, каб апалоць, выдаліць сухастой, паліць у спякотнае надвор’е: без догляду расце толькі бур’ян ды крапіва. Куст бэзу ці дрэва? Яны маюць уласцівасць расці ўшыр і ў вышыню і праз некалькі гадоў будзеце крычаць «Каравул! Дапамажыце прыбраць!» не толькі вы, але і вашы суседзі. 

Кажуць, можна і ўвогуле не насіць кветкі на магілы – не ў гэтым, маўляў, заключаецца наша памяць і любоў. Згодна: не ў гэтым. І не ў велічыні і дыхтоўнасці помніка на магіле роднага чалавека: нельга не пагадзіцца ў гэтым сэнсе з Робертам Раждзественскім, які гаварыў у сваім «Рэквіеме» (праўда, крыху ў іншым кантэксце): гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым. Але не варта ўстанаўліваць прапорцыі паміж помнікамі і кветкамі з велічынёй любові і глыбінёй памяці, бо можна дагаварыцца да таго, што родныя той жанчыны, чый пахілены крыжык схаваўся ў някошанай траве, глыбока ў душы любяць і помняць матулю і бабулю больш і лепш, чым дзеці, што паставілі па бацьку дарагі і прыгожы помнік. Залежнасці тут увогуле не існуе – ні прамой, ні адваротнай! Кожны ў адпаведнасці са сваім розумам, сумленнем, густам і кашальком даглядае месцы пахавання блізкіх – галоўнае, каб парадак там быў.

Дык чым жа можна замяніць штучныя кветкі? Задумваюся пра гэта кожны раз, калі трэба памяняць палінялы букецік. І пакуль што не знаходжу альтэрнатывы.

Таму хачу звярнуцца да шаноўных эколагаў – людзей разумных і адукаваных: дапамажыце мне не адчуваць сябе ворагам прыроды, якую я вельмі люблю і гатова клапаціцца ўсімі даступнымі сродкамі. Дык прапануйце гэтыя сродкі! Знайшлі ж замену пластыкавым бутэлькам, дзеля якіх – помніце? – у 90-я гады куп­лялі напоі, зробленыя з вады, цукру і невядо­май хіміі і выкарыстоўвалі потым гэтую тару месяцамі. Так, зручны і лёгкі пластык застаўся, але пры жаданні можна купіць любы напой у шкляным посудзе ці ва ўпакоўцы тэтрапак (хоць яго, наколькі я ведаю, таксама яшчэ не навучыліся перапрацоўваць). У альтэрнатыву поліэтыленавым пакетам, якія некалі мылі, сушылі і выкарыстоўвалі, пакуль не парвуцца, цяпер прапануюць папяровую ці біяраскладаемую ўпакоўку.  І нічога, што яна даражэйшая, – я заплачу! Але дайце мне такую магчымасць.

То чаму ж штучныя кветкі сталі такой невырашальнай праблемай? Няўжо, асвоіўшы высокія тэхналогіі, мы не можам навучыцца рабіць прыгожыя і даўгавечныя штучныя букеты з прыроднага матэрыялу?

Калі гэта так, то не варта абвінавачваць у нелюбові да прыроды тых, хто ўпрыгожвае месцы пахавання блізкіх штучнымі квет­камі. 

У нас проста няма выбару…

Мар’яна КРАСНАСЕЛЬСКАЯ, г. Астравец.

Фото: из архива АП