Як праходзіць збор подпісаў на вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты
На Астравеччыне, як і па ўсёй краіне, ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы на вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты. Гэты этап працягнецца да 6 снежня.
У падпісных лістах паступова расце колькасць унікальных аўтографаў. Нават слатлівае надвор’е і дождж не напалохалі ініцыятыўную групу ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая зладзіла пікеты ў аграгарадках Кемелішкі і Рытань.
– Многія землякі і калегі ўжо пакінулі свае аўтографы ў падпісных лістах, – адзначыла член ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Алеся Гражуль. – А тыя, хто не паспеў, могуць гэта зрабіць у абедзенны перапынак.
Гэтым скарысталася мясцовая жыхарка Крысціна Мазура.
– Ведаю, што такія пікеты ладзяць і ў горадзе. На маю думку, гэта добрая ініцыятыва. Упэўнена, што не толькі я, але і мае аднавяскоўцы добра разумеюць важнасць і значнасць выбару кіраўніка дзяржавы, – выказалася жанчына.
Дарэчы, многія вяскоўцы, якіх сустракалі ў населеных пунктах, ледзь не ў адзін голас сцвярджалі, што ўжо пакінулі подпіс у падтрымку свайго кандыдата.