Гісторыя з жыцця: недзе я гэтых актрыс бачыла…

16:00 / 07.11.2024

Фото cottonbro studio, Pexels

Фото cottonbro studio, Pexels

Выпадак гэты адбыўся ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, калі пра відэаздымку і магчымасць трансляцый яе ў рэжыме рэальнага часу ў нашай правінцыі ніхто чуць не чуў і ведаць не ведаў.

Дэлегацыю лепшых працаўнікоў па­лёў і ферм і спецыялістаў, пад кі­раў­ніцтвам якіх тыя дабіваліся рэкордных ура­джаяў, надояў і прываг, адправілі ў Маскву для ўдзелу ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспа­даркі.

Дабірацца ад ВДНГ да гасцініцы трэба было на метро. Асвоіліся хутка: першы раз страшнавата, а потым прывыкаеш! 

І вось спускаюцца на эскалатары ў пад­земку дзве каляжанкі, з цікавасцю разглядваючы сталічныя твары, уборы, прычоскі. І раптам упіраюцца поглядам у вялізны тэлевізар, на якім ідуць-мітусяцца людзі. «Кіно нейкае паказваюць. Толькі без гуку», – вырашылі. Прыгледзеліся…

– Глядзі, Маруся, нейкія знаёмыя акт­рысы, – паказвае на тэлевізар мала­дзейшая. – Толькі не магу ўспомніць, у якім кіно яны здымаліся.

– Ды і  я ўжо ўсю галаву зламала: дзе іх бачыла…

Падышлі бліжэй да экрана, пры­гледзеліся…

– Марыйка, мне здаецца, што тая, што злева, – гэта ты! – усклікнула маладуха.

– А справа – ты? Наташка, дык гэта ж нас з табой у тэлевізары паказваюць!

Хутка каляжанкі разабраліся, што на экране паказваюць усіх пасажыраў, што спускаюцца ў метро, – так і яны трапілі на камеру і ў лік знаёмых ды невядомых «актрыс». 

Такое вось кіно!

Тамара РАБІНКІНА.