Як гэта было: пра гады работы ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік” успамінае Галіна Мілейша

14:00 / 10.11.2024
Папулярную некалі песню Аляксандры Пахмутавай са словамі «И Ленин такой молодой, и юный Октябрь впереди», без якой не праходзіла ніводнае святкаванне чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» у свой час зрабілі сваім неафіцыйным гімнам, крыху памяняўшы словы: «Рынкевич такой молодой и «Красный Октябрь» впереди». Доля праўды ў тым была: калгас, якім 43 гады кіраваў Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, заставаўся флагманам па ўсіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне. Як гэта было, успамінаюць спецыя­лісты, якія ў розныя гады працавалі ў «Чырвоным Кастрычніку».

«Жыццё было нялёгкае, але цікавае»

Галіна Мілейша, з 1977 па 2002 год працавала ў “Чырвоным Кастрычніку” на розных пасадах”.

Галіна Мілейша

– У «Чырвоны Кастрычнік» я прыйшла пасля заканчэння Нава­груд­скага сельскагаспадарчага тэх­нікума. Вучылася па накіра­­ванні калгаса. Я мясцовая, з хутара каля Філіпан, бацька загі­нуў, калі мне было паўгода. Мама адна нас падымала. Часлаў Іосіфавіч шкадаваў яе і мяне, таму і ў тэхнікум даў накіраванне. Калгас мне плаціў стыпендыю павышаную – 40 рублёў, немалыя па тым часе грошы.

Напачатку мяне прызначылі памочнікам загадчыка ўчастка ў Філіпанах. Спачатку працавала з Іосіфам Стэхам, а потым на гэты ўчастак паставілі Іосіфа Блашкевіча. Ён да таго працаваў у БМУ меліярацыі, а Рынкевіч пераманіў яго ў калгас. Іосіф Уладзіслававіч быў апантаны сваёй справай! Зямлю любіў, лю­дзей.

Вельмі харошы чалавек. Тры гады мы з ім працавалі. Спачатку я па палях на веласіпедзе ці на спадарожных машынах маталася. А потым Яніна Іванаўна Новік, якая працавала ў нас галоўным эканамістам, спытала: «Калі купім табе матацыкл, будзеш ездзіць?» Чаму ж не! У тэхнікуме атрымала правы вадзіцеля і трактарыста. Катэгорыі «А», праўда, не мела, ды што за бяда? Ездзіць умела, на палявых дарогах ніхто ніколі не спыняў, на вялікія ж я не выязджала. Усё сама рабіла: калёсы барціравала, а калі мой «мінскач», здаралася, заглохнуў у дождж, на сабе дахаты цягнула. 

Калі сабралася паступаць у Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут, вырашыла змяніць спецыялізацыю на эканамічную: усё ж аграномія – пераважна мужчынская справа, тут трэба дзень і ноч быць у полі. Так, прынамсі, працавалі мае настаўнікі: Раіса Іосіфаўна Гайдановіч, Валянцін Мікалаевіч Балабановіч, Іосіф Уладзіслававіч Блашкевіч. 

Працавала другім эканамістам у падпарадкаванні Валянціны Рыш­­кель. Потым нейкі час дыс­петчарам, старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. А калі Уладзімір Мі­хайлавіч Рышкель загінуў і Ва­лянціна Міхайлаўна паехала на радзіму на Віцебшчыну, Рынкевіч прапанаваў мне стаць галоўным. Па праўдзе кажучы, пабойвалася: вучылася завочна, а гэта зусім не тое, што стацыянар. Ды і вопыт не вельмі вялікі. Але пагадзілася. Падвучвалася, нешта чытала, нешта пытала. І Часлаў Іосіфавіч вельмі граматны быў, шмат чаго падказваў. Часам спытае нейкую лічбу,  а я не ведаю. Махляваць не ўмела, кажу: «Зараз пайду палічу». 

Ён ніколі не злаваўся. А калі і здаралася часам, то хутка адходзіў. Бывае, так ужо разы­дзецца: усіх прэмій і даплат пагражае пазбавіць ці нават звольніць. А назаўтра той, хто напярэдадні правініўся, прыйдзе, папросіцца – ён і адпусціцца: «Ідзі, працуй…» Ён нам усім як бацька родны быў!

Грошы ў нас вадзіліся. Але Рынкевіч не трымаў іх у банку, усё ў справу ўкладваў. Будавалі мы шмат. Малочна-таварную ферму ў Малях, цялятнік, збожжасушыльную гаспадарку, майстэрні. Жыллё для калгаснікаў пачалі ўзводзіць задоўга да таго, як з’явілася спецыяльная прэзідэнцкая праграма. Дзіцячы садок пабудавалі за сродкі калгаса, кантору з Домам культуры. Газ першымі ў раёне правялі. Нават птушкаферму пабудавалі, хоць нядоўга яна ў нас працавала, ды гэта ўжо не віна Рынкевіча. Усё ішло на развіццё. 

У 90-я гады стала цяжэй жыць і развівацца. Але і тады мы не апускалі рукі! Жыццё было нялёгкае, але цікавае. 

У 2002 годзе, адпрацаваўшы стар­шынёй калгаса 43 гады, у 71-гадовым узросце Часлаў Іосі­фа­віч пакінуў капітанскі мосцік. 

Пайшла з калгаса і я: пра­панавалі работу ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання.

Але гады работы ў «Чырвоным Кастрычніку» назаўсёды застануцца ў памяці як лепшы час! 

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива героини