Як гэта было: пра гады работы ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік” успамінае Леанід Мікліс

12:00 / 10.11.2024
Папулярную некалі песню Аляксандры Пахмутавай са словамі «И Ленин такой молодой, и юный Октябрь впереди», без якой не праходзіла ніводнае святкаванне чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» у свой час зрабілі сваім неафіцыйным гімнам, крыху памяняўшы словы: «Рынкевич такой молодой и «Красный Октябрь» впереди». Доля праўды ў тым была: калгас, якім 43 гады кіраваў Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, заставаўся флагманам па ўсіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне. Як гэта было, успамінаюць спецыя­лісты, якія ў розныя гады працавалі ў «Чырвоным Кастрычніку».

«За прэмію можна было купіць машыну»

Леанід Мікліс, працуе ў гаспадарцы з 1975 года да цяперашняга часу.


– Сам я мясцовы, з хутара з-пад Філіпан. Бацькі ўсё жыццё пра­цавалі ў калгасе.  Бацька, Ста­ніслаў Феліксавіч, ветэран Вялі­кай Айчыннай вайны, быў брыгадзірам, у  1967 годзе выйшаў на пенсію. Я, выходзіць, пайшоў па яго слядах. Таксама ўсё жыццё ў калгасе, у сакавіку наступнага года споўніцца паўстагоддзя як на адным месцы працую.

Пачынаў я вадзіцелем у рай­вы­канкаме, вазіў тагачаснага на­чаль­ніка ўпраўлення капіталь­нага бу­­даўніцтва Вільбіка. Але Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, які добра ведаў маіх бацькоў, неяк прапанаваў: вяртайся ў калгас! І я пагадзіўся. Гадоў пяць вазіў старшыню, а потым перавялі ў аграномы – я да таго часу ўжо скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. 

Пачынаў працаваць з Раісай Іосі­фаўнай Гайдановіч, якая ў той час была галоўным аграномам. Можна сказаць, усяму мяне навучыла. І не толькі нейкім тэхналагічным прамудрасцям, а галоўнае – быць доб­расумленным, адказным, ведаць і любіць сваю справу.

Пазней мяне перавялі на загадчыка ўчастка. Цяпер, калі ўчасткі аб’ядналі, а я выйшаў на пенсію, працую намеснікам загадчыка. Хоць кола абавязкаў засталося, лічы, тым жа. 

КСУП «Гудагай», у склад якога ўвайшоў «Чырвоны Кастрычнік», дасталася добрая спадчына: наш калгас заўсёды быў моцнай гаспадаркай, трымаўся ў тройцы лідараў у раёне. Нас і на Усесаюзную дошку гонару заносілі, пераходныя Чырвоныя Сцягі ўручалі і саюзныя, і рэспубліканскія, і абласныя. Гэта трэба было заслужыць! За ўдзел у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі добрыя прэміі давалі: неяк мы з жонкай – яна працавала ў калгасе галоўным дыспетчарам – атрымалі 4 900 рублёў! Можна было машыну купіць за гэтыя грошы! Толькі дзе ж яе ўзяць… 

Хоць, канешне ж, ні тэхніку, на якой тады працавалі, ні паказчыкі немагчыма параўнаць з сённяшнімі. Я яшчэ застаў у калгасным парку збожжаўборачныя камбайны СК-4, без кабіны. Уяўляеце, як на такіх падчас жніва камбайнерам працаваць даводзілася? У 1975 годзе, калі прыйшоў у калгас, іх 3 засталося і збожжа яны ўжо не ўбіралі: на іх навешвалі лафетныя жаткі і лажылі ў валкі зернебабовыя, а калі пасевы былі моцна засмечаныя, то і збожжавыя. Абмалочвалі  праз некалькі дзён, калі валкі трохі падсыхалі: не такія вялікія страты і затраты на дасушку зерня меншыя.  Пасевы засмечаныя былі, бо ядахімікатаў для праполкі было не купіць, ды і з мінеральнымі ўгнаеннямі цяжка. Добра, што ў Часлава Іосіфавіча былі сябры ў Латвіі ў навукова-даследчым інстытуце па ахове раслін – яны дапамагалі. 

На той час у калгасе было 16 камбайнаў. На змену СК-4 прыйшлі «Нівы», а іх змянілі «Коласы», яны былі больш магутныя, але і страты пры іх рабоце большыя, чым на «Нівах». Ад іх хутка адмовіліся. Грошы ў калгасе былі, і мы першымі ў раёне купілі нямецкія збожжаўборачныя камбайны. У нас было 9 та­кіх.

Камбайнер Стась Грамбоўскі працаваў на ім ажно 16 сезонаў. Іван Калпак, трактарыст і камбайнер, пачынаў яшчэ на СК-4 і да самай пенсіі – на трактары і на камбайне.  Ён, Стась Грамбоўскі, Пётр Гайдановіч, Рышард Юркойць – наш залаты камбайнерскі фонд.

Людзі тады ўвогуле былі пра­цавітыя. Сяўба, уборка, нарых­тоўка кармоў – ніхто не ішоў дахаты раней часу. А работа цяжкая, шмат ручной працы. Памятаю, з Ліпнішак-Едакланяў на работу да дваццаці паляводаў выходзіла, усе ў кузаў аднаго грузавіка не змяшчаліся. І работы ўсім хапала: камяні падбіраць, буракі аполваць, гной выдаляць, жывёле падсцілаць, лён рваць і вязаць, бульбу капаць… 

Бульбы мы ў 70-я гады 90 гек­та­раў садзілі. Увосень, калі трэба было ўбіраць, студэнты пры­язджалі, па 90 чалавек. Расся­лялі іх па хатах: адну групу ў Ка­ва­лях-Ліпнішках, другую – у Малях, трэ­цюю – у Філіпанах. Пры­язджалі на дапамогу і матросы, яны бульбу гру­зілі ў вагоны на станцыі Гудагай  і адпраўлялі для патрэб флоту. Кілаграм «другога хлеба» тады каштаваў 20 капеек, а літр саляркі – 7. А цяпер гальшанскі камбінат купляе бульбу за тыя ж 20 капеек, толькі салярка каштуе ўжо амаль 2,5 рубля. Вось такая эканоміка! І сельгасугоддзяў у нас тады было 5 700 гектараў, а цяпер, калі не памыляюся, больш за 15 тысяч.

Адчуйце розніцу! 


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик