Як гэта было: пра гады работы ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік” успамінае Таццяна Шкурская

11:40 / 09.11.2024

Папулярную некалі песню Аляксандры Пахмутавай са словамі «И Ленин такой молодой, и юный Октябрь впереди», без якой не праходзіла ніводнае святкаванне чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» у свой час зрабілі сваім неафіцыйным гімнам, крыху памяняўшы словы: «Рынкевич такой молодой и «Красный Октябрь» впереди». Доля праўды ў тым была: калгас, якім 43 гады кіраваў Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, заставаўся флагманам па ўсіх паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне. Як гэта было, успамінаюць спецыя­лісты, якія ў розныя гады працавалі ў «Чырвоным Кастрычніку».

«Мы ўсё ўкаранялі першымі»

Таццяна Шкурская, з 1980 па 1986 працавала ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік” галоўным заатэхнікам.

Ганна Берняковіч і Таццяна Шкурская

Ганна Берняковіч і Таццяна Шкурская

– Пасля школы райкам партыі накіраваў мяне ў Смальянскі тэхнікум кіруючых кадраў. Там я атрымала спецыяльнасць зааін­жынера і вярнулася ў свой раён. 6 гадоў працавала ў племстанцыі, затым яшчэ нейкі час – старшым заатэхнікам ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. А ў 1980 годзе прапанавалі мне пасаду галоўнага заатэхніка ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік». Ні адной хвіліны не пашкадавала, што пагадзілася!

Галоўнае, з чым пашанцавала, – гэта са старшынёй. Часлаў Іосі­фавіч Рынкевіч быў кіраўнік ад Бога. Гаварыць, выступаць з трыбуны ён не ўмеў, але было ў яго бачанне перспектывы, разуменне, як і што рабіць.  Ідэі і  прапановы сыпаліся ад яго як з рогу  дастатку, і ўсе талковыя. Ды і проста па-бацькоўску мог пагаварыць, параіць.

Часлаў Іосіфавіч умеў пад­біраць спецыялістаў. Пры­гляд­ваўся, ацэнь­ваў, калі што не так – не браў  у сваю каманду. Але тыя, хто ў яе трапляў, душу гатовы былі аддаць і за нашага старшыню, і за калгас! Не па абавязку – па сумленні! Я ведала многіх кіраўнікоў, але такога, як Рынкевіч, не было.  

На першым часе Часлаў Іосіфавіч сам вазіў мяне па фермах, знаёміў з людзьмі, паказваў, тлумачыў. Калгас быў моцны, але з дысцыплінай меліся праблемы: выпівалі і даяркі, і падвозчыкі, і пастухі. На кожную ферму трэба было заехаць не адзін раз, каб быць  упэўненай, што жывёла накормлена і падоена. 

Таццяна Шкурская з Чаславам Рынкевічам

Таццяна Шкурская з Чаславам Рынкевічам

Паступова з загадчыкамі фермы знайшла кантакт, і пытаннямі дысцыпліны заняліся яны, а я – вытворчасцю прадукцыі. Усе пат­рабавалі плюсаў А адкуль іх браць? Кармы ў нас, у адрозненне ад многіх іншых гаспадарак, былі, але не ў той колькасці і не такой якасці, як трэба. Не хапала караняплодаў, сіласу, сена, канцэнтратаў… Зраблю кармавы баланс, нясу аграномам, а Балабановіч крычыць: «Адкуль ты ўзяла такія лічбы? На наша пагалоўе столькі не трэба!» Я адказваю: «Ты лічыш на пагалоўе, а я – на прадукцыю!» Часта спра­чаліся, але па справе, без злосці і крыўды. 

Накармілі мы ўрэшце жывёлу, пайшлі прывагі, надоі. Малакапровады дзе новыя паставілі, дзе старыя адрамантавалі. Трэба было брацца за племянную работу.

Калі я прыйшла ў калгас, штучнага асемянення, можна сказаць, не было, на кожнай ферме стаялі быкі. Пра якую генетыку можна было гаварыць? Я тых быкоў ледзь не сілай вывозіла з фермаў! Штучнае асемяненне ўкаранілі – зусім іншыя цяляты сталі нараджацца. Галіна Ждановіч прыйшла працаваць заатэхнікам-селекцыянерам. Яна, ветэрынарны ўрач Арсень Кашко ды я – вось у нас ужо сякая-такая каманда ўтварылася! Загадчыкі ферм былі нашымі аднадумцамі, асабліва Валянціна Далінская з мальскай фермы – разумела мяне, падтрымлівала, тут мы ўвесь час нешта новае ўкаранялі.

Узяліся за фарміраванне груп кароў. Раней жа як было? У кожную групу ўводзілі па 5-6 першацёлак. Пераканала Рынкевіча, што гэта неэфектыўна, што за імі няма кантролю, а ў даярак – стымулу расціць з цялушкі добрую карову. Я гэта не сама прыдумала: ездзіла ў Гродна, там шмат чаго паказвалі і расказвалі.

Зрабілі кантрольны кароўнік, па­ставілі 100 нецяляў, прызначылі дзве даяркі. Распрацавалі пра­грэсіўную шкалу аплаты. Пасля раздою развозілі першацёлак па фермах, сачылі за гэтымі каровамі. Каб быў вынік, трэба было не толькі кожную даярку ведаць у твар, але і кожную карову па мянушцы! 

Калі прыйшла ў калгас, надой складаў 2 300 кілаграмаў  – і гэта быў добры паказчык, у некаторых калгасах па 900 літраў за лактацыю даілі. А калі адпрацавалі тэхналогію, у сярэднім па гаспадарцы атрымлівалі ад каровы па  3 800 кілаграмаў. 

Мы ўсё ўкаранялі першымі. У нас першых у раёне з’явіўся кармацэх, кормараздатчыкі, экст­рудар – прыстасаванне, на якім плюшчылі авёс, зрабілі цэх па раздоі першацёлак, радзільнае аддзяленне, прафілакторыі для цялят. Кожны год у нас праводзілі то абласныя, то рэспубліканскія семінары, а пра раённыя і гаварыць няма чаго: на нашым вопыце вучылі ўсе іншыя гаспадаркі. 

У 1980 годзе я пакінула калгас – здароўе стала падводзіць, працаваць у такім рытме, з 6 раніцы і да позняга вечара, практычна без выхадных, ды яшчэ жывучы ў Астраўцы, было няпроста. Вярнулася ў племстанцыю, начальнікам якой працавала 25 гадоў, да 2005-га.

Але лепшымі ўсё ж былі гады ў «Чырвоным Кастрычніку». Работа была цяжкая, дома я амаль не бывала, дзяцей гадаваў муж і нянька. Затое цікава. І я бачыла, што ад маёй працы быў канкрэтны вынік, адчувала сябе запатрабаванай. 


Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива героини