Як гэта было: пра гады работы ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік” успамінае Валянцін Балабановіч
«Мне пашанцавала працаваць пад кіраўніцтвам Рынкевіча»
Валянцін Балабановіч, галоўны аграном калгаса “Чырвоны Кастрычнік” у 1974-1984 гадах.
Валянцін Балабановіч (злева) і вадзіцель Уладзімір Блашкевіч
– Родам я з Карэліцкага раёна. Знакаміты племзавод «Карэлічы» даў мне накіраванне ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Пасля заканчэння яго крыху папрацаваў у роднай гаспадарцы, адслужыў у арміі і прыехаў у Астравецкі раён. Паўгода быў старшым аграномам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ў падпарадкаванні легендарнай Тамары Зарэцкай. А калі забралі на павышэнне агранома з Маляў, мяне накіравалі ў калгас «Чырвоны Кастрычнік». 4 студзеня 1974 года прыйшоў я ў гэтую гаспадарку і адпрацаваў на пасадзе галоўнага агранома роўна 10 гадоў.
Лічу, што Бог вёў мяне па жыцці. Было яно хоць небагатае, але творчае, цікавае і насычанае, я пакінуў свой след у сельскай гаспадарцы раёна. І адна з самых яркіх старонак маёй працоўнай біяграфіі – работа ў «Чырвоным Кастрычніку».
З Чаславам Іосіфавічам Рынкевічам мы неяк адразу знайшлі агульную мову. Я яго моцна паважаў – і ён мяне, здаецца, таксама. Ва ўсякім выпадку, да майго меркавання заўсёды прыслухоўваўся.
Тады на парадку дня стаяла меліярацыя: трэба было асушыць вялікі кавалак зямлі паміж Малямі і Філіпанамі. Памятаю, прыехаў начальнік БМУ меліярацыі Спорны, адправіліся мы глядзець аб’ект «Кавалёўка». Абышлі яго ўздоўж і ўпоперак – балота, хмызняк, людзі кароў пасуць, толькі сям-там на лугавінах нехта з вяскоўцаў накосіць ношку сена. «Няўжо тут будзе ніва, стане расці збажына?» – не верыў я ні сам сабе, ні Рынкевічу, ні Спорнаму. Але ж во, глядзіце! Ніхто ўжо і не помніць пра тое балота, хіба што старажылы.
Прыйшоў я не на пустое месца, але і зробленае да мяне папярэднікамі не змарнаваў. Ураджайнасць збожжавых мы давялі да 35 цэнтнераў з гектара – па тым часе гэта быў вельмі добры паказчык. Трымалі ў раёне першае месца, толькі калі-нікалі нас калгас «Радзіма» абходзіў.
Кукурузай мы з Рынкевчіам пачалі займацца. Была манапольная сістэма яе вырошчвання: 10 гадоў сеялі «каралеву» на адным і тым жа месцы. За вопытам вырошчвання ездзіў у Іванаўскую вобласць Расіі. Патрабаваліся ядахімікаты для апрацоўкі насення. Яды знайшлі, а тэхнікі няма.
Прыдумалі з хімікатаў рабіць раствор, засыпалі яго ў бетонамяшалку разам з насеннем кукурузы, пракручвалі, потым сушылі. Тэхналогія!
Калгас наш не толькі ў раёне быў у ліку лепшых. Двойчы нам уручалі пераходны Чырвоны Сцяг ЦК КПСС, неаднойчы заносілі на Усесаюзную дошку гонару, з Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі прыходзілі ўзнагароды і падарункі. Ордэнамі і медалямі былі адзначаны многія працаўнікі калгаса. Ордэн Леніна атрымаў загадчык участка Эдмонд Ракоўскі, які быў абраны дэлегатам ХХV з’езда ЦК КПСС. І Часлава Іосіфавіча адзначылі ордэнам Леніна, яшчэ ён меў ордэны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, два – «Знак Пашаны», яму прысвоілі званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».
Я не быў адзначаны высокімі ўзнагародамі – характар меў дзёрзкі, язык востры... Атрымаў толькі медаль «За працоўныя заслугі», і то не ведаю дакладна – за работу ў «Чырвоным Кастрычніку» ці ўжо ў саўгасе імя Мічурына. Але павагай людзей і пашанай не быў абдзелены: неаднойчы ўдзельнічаў у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, быў удастоены гонару сфатаграфавацца каля Сцяга Перамогі ў Маскве.
Дзесяць гадоў працаваў я ў «Чырвоным Кастрычніку» і нікуды не збіраўся сыходзіць, са старшынёй у нас было поўнае ўзаемаразуменне, каманда цудоўная, работа цікавая. Ды сталі «сватаць» на дырэктара саўгаса імя Мічурына. Адмаўляўся – тады ўзяліся за Рынкевіча і сакратара партарганізацыі Ганну Берняковіч, маўляў, не адпусціце Балабановіча – і вам жыцця не будзе. Вымушаны быў пагадзіцца. 17 гадоў кіраваў саўгасам.
Але да апошняга дня жыцця Часлава Іосіфавіча ў нас былі цёплыя сяброўскія адносіны. І я дзякую Богу і лёсу, што мне пашанцавала працаваць пад яго кіраўніцтвам.