Астравецкая дэлегацыя на “Дажынках” у Мастах: як гэта было
Аграрыі Прынёмання сёлета прадэманстравалі рэкордны вынік і ўнеслі ў рэспубліканскі каравай звыш 2-х мільёнаў тон збожжа. Свой значны ўклад зрабілі і нашы аграрыі. Астравецкі край на ўрачыстасці прадстаўляла 20 чалавек на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Мядзвецкасам.
Дажыначная сталіца Прынёмання – гасцінныя Масты – шчыра вітала лепшых працаўнікоў вёскі на абласным свяце. А яно, без перабольшвання, было маштабным: візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, уручэнне ўзнагарод лепшым прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу вобласці, тэматычныя падворкі, бойкі гандаль…
Усе раёны Гродзеншчыны адправілі на “Дажынкі” дэлегацыі, якіх у розных кропках Мастоўскага раёна гасцінна сустракалі гаспадары. Астраўчан віталі ў аграгарадку Курылавічы.
З самай раніцы ў Мастах віраваў вясёлы настрой, а на вуліцах ішоў бойкі гандаль. Майстры, сярод іх былі і астраўчане, не толькі па-заліхвацку прапаноўвалі мінакам што-небудзь набыць, але і давалі майстар-класы.
Традыцыйная выстава-конкурс снапоў і караваяў аб’яднала ўсе 17 раёнаў Гродзеншчыны. Астравецкі каравай, у адрозненне ад іншых, хоць і не вылучаўся вялікімі памерамі, але быў адметны: яркія гронкі рабіны, белакрылыя буслы, якія, здавалася, гатовы сарвацца і паляцець увысь да градзірань, увянчаных каласкамі. У снапе нашы рамесніцы гарманічна спалучылі збожжа, якое вырошчваецца на астравецкіх палях, і ўпрыгожылі кампазіцыю плеценымі з саломкі кветкамі і бусламі.
Упершыню на свяце ўсе раёны прадставілі карты з адметным і пазнавальным аб’ектам свайго краю. Напрыклад, на астравецкай раскінуліся градзірні, на карэліцкай – Мірскі замак.
***
Па традыцыі ўсе раёны вобласці на “Дажынках” прэзентуюць свае падвор’і. Сёлета перад удзельнікамі была пастаўлена задача паказаць развіццё сельскай гаспадаркі ў пэўную “пяцігодку”. Астраўчане спыніліся на найшноўшым перыядзе, на які выпадае і будаўніцтва атамнай электрастанцыі, і ўздым малочнай галіны. Здавалася б, як спалучыць два зусім розныя накірункі? Але не былі б гэта нашы землякі!
Астравецкая лакацыя прыцягвала ўвагу здалёку. Усё ж, вядома, пачынаецца з рагулі, якая “ласуецца” чырвонымі круглабокімі яблыкамі, і даільнага апарата. Далей малако трапляе ў два халадзільнікі. Варта толькі прыадчыніць іх дзверцы – і перад табой – сыркі, тваражкі, ёгурты з ягадным і шакаладным смакам. Думаецца, многія памятаюць савецкія аўтаматы з газіроўкай. Астраўчане прыдумалі “малакамат”, а яшчэ – цуда-трэнажор. Аказваецца, дзякуючы гэтаму карыснаму прадукту і кропельніцы можна вылечыцца ад усіх хвароб, а яшчэ заправіць аўтамабіль.
Прадуманыя зоны, адзіная атамна-малочная тэматыка, лозунгі накшталт “Горад Атам малаком багаты!”, “Астравецкі край – гэта наш малочны рай!” – землякі пастараліся ад душы.
На нашым падворку ганаровых гасцей віталі малочнік, гаспадыня і маленькія атамы дабрыні, якія выскачылі з малочнага таксі. Завяршылі прэзентацыю астраўчане найбольш папулярнымі ў апошні час словамі:
Беларусь, мы толькі разам!
Ганарымся нашым часам!
Захаваем мір і неба!
Падтрымаем! Скажам: “ТРЭБА!”
***
Самай знакавай падзеяй гэтага дня стаў удзел Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў святкаванні “Дажынак”. Сімвалічна, што менавіта Масты? 27 гадоў назад стаўлі другой у рэспубліцы дажыначнай сталіцай. І тады, і цяпер мастаўчане і шматлікія госці шчыра віталі лідара краіны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго, як чалавека ад зямлі, да “Дажынак” асобыя адносіны, таму што гэта свята добрае і самае сапраўднае, створанае самім жыццём. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта вынік каласальнай працы і радасць ад яе дасягненняў, нагода аддаць заслужаную хвалу рукам, якія вырошчваюць хлеб і пахнуць хлебам. Лідар краіны ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам аграпрамысловага комплексу Прынёмання. Думаю, усе астраўчане адчувалі неймаверны гонар за нашу зямлячку, якая падымалася на сцэну. Аграному па насенняводстве Антаніне Дзерван Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Пашаны.
***
Галоўнымі віноўнікамі свята былі працаўнікі аграпрамысловага комплексу: хлебаробы, спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак, ветэраны працы. З падзякай за працу да прысутных звярнуўся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Віншаванні лепшым аграрыям накіравалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой, дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Кулік, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько і іншыя ганаровыя госці.
На ўрачыстасці назвалі пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых. Хоць у іх лік астраўчане не трапілі, тым не менш нашы землякі не засталіся без заслужаных узнагарод.
Сярод сельгаспрадпрыемстваў вобласці, якія спецыялізуюцца на малочнай вытворчасці, КСУП “Гудагай” заняў 3-е месца. Перамогу святкаваў МТК “Газа” КСУП “Гервяты (начальнік Генаефа Харкевіч) – ён прызнаны лепшым сярод комплексаў з пагалоўем звыш 400 кароў. Аператар машыннага даення МТФ “Сакалойці” КСУП “Гервяты” Іна Рэвака стала пераможцам у сваёй намінацыі. Найвышэйшую ўзнагароду прафсаюзаў “Знак Пашаны” ўручылі аператару машыннага даення МТФ “Малюта” КСУП “Гервяты” Алене Янковіч, а начальніку комплексу па дарошчванні буйной рагатай жывёлы гэтай жа гаспадаркі Валянціне Мажэйцы – пуцёўку ў санаторый.
Напрыканцы ўрачыстай цырымоніі падвялі вынікі конкурсу-агляду на лепшыя каравай і сноп. Астравецкі каравай прызналі лепшым. Старшыні райвыканкама Сяргею Мядзвецкасу ўручылі сертыфікат.
Завяршаючым акордам свята і заслужаным падарункам для работнікаў аграпрамысловага сектара Гродзеншчыны стаў святочны канцэрт.
***
У наступным годзе гонар прымаць на сваёй зямлі “Дажынкі” выпаў Ваўкавыскаму раёну. Верыцца, што нашы хлебаробы і жывёлаводы будуць працаваць не менш плённа і старанна і годна прадставяць наш край на галоўным свяце аграрыяў.
З першых вуснаў
Сяргей Мядзвецкас, старшыня райвыканкама:
– Безумоўна, цэнтральнай і асноўнай падзеяй свята працаўнікоў вёскі стаў візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Адметна, што кіраўнік краіны падчас свайго выступлення ўзгадаў наш Астравец і назваў яго горадам для жыцця. Лідар краіны ўручыў ордэн Пашаны Антаніне Дзерван з КСУП “Гервяты”, узнагароды атрымалі і іншыя працаўнікі. Такія выдатныя вынікі сталі магчымымі дзякуючы старанню, адданасці абранай справе кожнага работніка нашага аграпрамысловага комплексу. На “Дажынках” мы падводзім вынікі сельскагаспадарчага года. І гэта свята не падразумявае іншага настрою, акрамя пазітыву. Тым больш для гэтага ёсць самая важкая нагода. Мы прадэманстравалі добрыя вынікі на ўборцы збожжавых, паказалі рэкордны вынік у нарыхтоўцы кармоў.
Дзмітрый Малючак, галоўны аграном РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”:
– Эмоцыі самыя станоўчыя. У мяне сёння падвоенае свята: прымаю віншаванні з нагоды дня нараджэння і “Дажынак”. Гэты дзень запомніцца на ўсё жыццё!