Сямейная справа: тры пакаленні вадзіцеляў Анімуцкіх

15:00 / 27.10.2024
Цяжка знайсці ў нашым раёне чалавека, які б хоць раз не ездзіў у Гродна з прыватным перавозчыкам Анімуцкім. Я таксама час ад часу станаўлюся пасажырам сіняга мікрааўтобуса. Перад паездкай і ў дарозе міжволі адзначаю нязменную ветлівасць і ўважлівасць дыспетчара і вадзіцеля: заўсёды перазвоняць напярэдадні, удакладняць, ці не памяняліся планы, дзе будзе  пасадка, калі спазняешся – пару хвілін пачакаюць, у Гродне спыняць аўтобус, дзе больш зручна, падкажуць, як дайсці да патрэбнай установы, калі няма магчымасці падвезці, возьмуць перадачу для студэнта… 

Аднойчы стала міжвольным сведкам размовы вадзіцеля з пасажырам. Убачыўшы на дарозе старую «Волгу», шафёр, малады яшчэ чалавек, настальгічна прамовіў:

– Дзед мой некалі на такой ездзіў. Старшыню калгаса вазіў.

Так я выпадкова даведалася, што Яўген Анімуцкі – вадзіцель у трэцім пакаленні. Захацела пазнаёміцца з прадстаўнікамі сямейнай справы бліжэй.

Яўген Анімуцкі

– Вадзіцелямі былі абодва мае дзядулі, – расказвае Яўген. – Мамін бацька, Фрыдрых Уладзіміравіч Міхневіч, жыў у Шчучынскім раёне. Гэта ён вазіў на «Волзе» старшыню калгаса. Але не толькі. Падчас жніва садзіўся на «газон» і адвозіў збожжа ад камбайнаў. Аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз: Расію, Украіну, Прыбалтыку. Працаваў яшчэ і пасля выхаду на пенсію. Заўсёды хадзіў у перадавіках, мае ўзнагароды. Памёр не так даўно, гады два таму. А другі дзед, Мечыслаў Іосіфавіч Анімуцкі, – карэнны астраўчанін. Ён таксама ўсё жыццё за рулём: працаваў вадзіцелем у санстанцыі, затым – у пажарнай часці. 

Фрыдрых Міхневіч (на першым плане) аб'ездзіў увесь Савецкі Саюз

Фрыдрых Міхневіч (на першым плане) аб'ездзіў увесь Савецкі Саюз

Мечыслаў Анімуцкі падчас працы ў пажарнай часці

Мечыслаў Анімуцкі падчас працы ў пажарнай часці

Ці трэба здзіўляцца, што абодва сыны Мечыслава Іосіфавіча, Аляксандр і Пётр, таксама сталі вадзіцелямі?

Аляксандр Анімуцкі прафесію атрымаў у школе ДТСААФ. Адслужыў у вой­ску, вяр­нуўся дахаты. Па бацькавых слядах ён пайшоў у літаральным сэнсе гэтага слова: не толькі атрымаў тую ж прафесію, але і працаваць пайшоў у пажарную часць. Ажаніўся – шчучынская дзяўчына Ірына прыехала ў астравецкую аптэку працаваць фармацэўтам пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага вучылішча. Нарадзіліся дзеці, Вікторыя і Жэня, пабудавалі свой дом.

– Бацька быў на ўсе рукі майстрам – слесарам, электрыкам, сталяром, – з гонарам расказвае сын. – Не кажучы пра тое, што меў усе вадзіцельскія катэгорыі. Але неяк прызнаўся, што з дзяцінства марыў вадзіць аўтобус. А яшчэ заўсёды хацеў працаваць на сябе.

Стваральнік сямейнай справы Аляксандр Анімуцкі

Стваральнік сямейнай справы Аляксандр Анімуцкі

Напрыканцы 90-х, калі над краінай за­луналі вятры перамен, Аляксандр Анімуцкі аформіў прадпрымальніцтва. Спачатку займаўся грузавымі перавозкамі, а ў 2002 годзе, пазычыўшы грошай у сябра, купіў пасажырскі мікрааўтобус і адкрыў паса­жырскія перавозкі па маршруце Астравец-Ашмяны-Гродна.

Новага перавозчыка пасажыры ацанілі хутка. Адзіны на той час аўтапаркаўскі паса­жырскі аўтобус адпраўляўся на Гродна ў 3 гадзіны ночы, «калываўся» да абласнога цэнтра 5 гадзін, «адзначаўся» ў кожным прыдарожным горадзе, ішоў толькі да аўтавакзала... Павучыўшыся на чужых памылках, Анімуцкі скарэкціраваў маршрут і час адпраўлення, скараціў час знаходжання ў дарозе, з увагай паставіўся да просьбаў і пажаданняў пасажыраў. І неўзабаве нерэгулярны рэйс, які напачатку хадзіў некалькі разоў на тыдзень, стаў штодзённым. 

…Усё было добра ў Анімуцкіх. Ды здарылася бяда: у 2011 годзе Аляксандр Мечыслававіч раптоўна памёр у самым росквіце гадоў, не дажыў і да 50-ці. Сэрца…

Многім тады здавалася: справа Анімуцкіх закрыецца. Жонка чалавек ад транспарту далёкі, дзеці яшчэ маладыя, нявопытныя…

Тым не менш, яны палічылі справай гонару прадоўжыць пачатае бацькам. Яўген да таго часу ўжо меў вадзіцельскія правы з усімі катэгорыямі. У 2012 годзе ён перааформіў бізнес на сябе – і маршрутка Анімуцкіх усё гэтак жа штодня вязе пасажыраў на Гродна.


Яўген Анімуцкі

Яўген Анімуцкі

Цяпер у іх два мікрааўтобусы, здараецца, што адзін трэба паставіць на планавы рамонт. Часта іх заказваюць адвезці групу на экскурсію, у музей ці на канцэрт. Яўген гаворыць, што такія паездкі любіць найбольш: акрамя работы, можна даведацца нешта новае, цікавае. І ўвогуле, прызнаецца, яму, як і бацьку, найбольш падабаецца вазіць пасажыраў: стасавацца з людзьмі, чуць і бачыць розныя гісторыі – а ў салоне аўтобуса здараецца ўсялякае. І штодзень падымацца ў 4 раніцы ці нават раней, ехаць па адным і тым жа маршруце, вяртацца ўвечары, ведаючы, што заўтра – той жа рэйс, тая ж дарога для яго няцяжка.

– Складана было першыя паўгода. А потым прывык, – паціскае плячыма малады чалавек. – Для мяне што ў Ашмяны з’ездзіць, што ў Гродна – без розніцы.

У выпадку неабходнасці словам і справай дапамагае бацькаў брат Пётр, дзядзька жыве побач, так што яны па-ранейшаму як адна сям’я. 

У сямейнай справе і Вікторыя: яна дыспетчар, бухгалтар, юрыст, на дзяўчыне трымаюцца ўсе стасункі з кліентамі да таго часу, пакуль яны не сядуць у аўтобус. Дарэчы, вадзіцельскія правы

Вікторыя таксама мае і садзіцца за руль з задавальненнем.

Толькі маці, Ірына Фрыдрыхаўна, так і не пайшла вучыцца на шафёра, кажа, што ў сям’і іх і без таго шмат, калі куды трэба – адвязуць. Затое яна фармацэўт з 42-гадовым стажам, працуе і цяпер, пасля выхаду на пенсію, але ўжо толькі на палову стаўкі. У астатні час дапамагае Вікторыі і займаецца хатнімі справамі. 

Сёння, у адрозненне ад пачатку нулявых, калі Аляксандр Мечыслававіч толькі па­чынаў сваю справу, канкурэнцыя на рынку пасажырскіх перавозак вялікая і за кліентаў даводзіцца змагацца.

Як? Па-рознаму. Анімуцкія, у адрозненне ад буйных фірм, не могуць пусціць аўтобус у тое ж Гродна кожную гадзіну. Але яны бяруць іншым: заўсёды меншым, чым у канкурэнтаў, коштам білетаў, чалавечнымі адносінамі да пасажыраў, імкненнем задаволіць пажаданні кожнага. Бо іх пасажыры – не чужыя людзі, якім трэба некуды ехаць, а землякі, з якімі не сёння, дык заўтра сустрэнешся на вуліцах горада. І хочацца адкрыта глядзець у вочы кожнаму, а не хаваць вінавата позірк.

Іх сямейны бізнес па-ранейшаму на плыву. І кожную раніцу аўтобус вязе пасажыраў у абласны цэнтр.

Шчаслівай дарогі!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива героя