Гісторыя Уладзіслава Янчэўскага: і сніцца яму дарога…
Хто сказаў, что мары – гэта нешта накшталт «хачу быць касманаўтам»? Не, яны могуць быць больш рэальнымі і прагматычнымі – але ад гэтага не стануць менш значнымі і важнымі. Уладзіслаў Яфімавіч Янчэўскі са школьных гадоў марыў пра прафесію дальнабойшчыка. А дапамагла яму ў гэтым, як ні дзіўна, астравецкая сельгастэхніка…
Крок за крокам
Дарога ў яго жыцці ў розных яе варыянтах была з дзяцінства. Юрчунскі хлопец Уладзіслаў пачатковую школу скончыў у Грышкойцях, васьмігодку – у Вароне, 10 класаў – у Варнянах.– Зімой на лыжах у школу хадзілі, а летам на веласіпедзе педалі круцілі, – успамінае мужчына. – Ды і пехатой няблага – усяго чатыры кіламетры прайсціся – маладому як нічога.
Складана было з іншым: з наведваннем. Бацькам-калгаснікам працадні дапамагаў зарабляць. Лягчэй стала, калі яны перайшлі на работу за грошы.
Пасля заканчэння школы Уладзіслаў вывучыўся «за вадзіцеля» ў Ашмянах і праз паўгода, атрымаўшы правы, уладкаваўся шафёрам у варнянскую сельгасхімію, але хутка хлопца прызвалі ў армію.
Праз два гады, у 1975-м, вярнуўся на работу, але ўжо ў раённае вытворчае аб’яднанне па вытворча-тэхнічным забеспячэнні гаспадарак Астравецкага раёна – так сталі называць сельгасхімію, якая да таго пераехала ў Астравец.
ЗІЛы, КАМАЗы, «Уралы» і «Калхіды» – звыш ста машын, па падліках Янчэўскага, налічвала тады арганізацыя. Каля 180-ці чалавек было вадзіцеляў і механікаў.
У Астравец з Юрчун кожны дзень не находзішся – такіх «далёкіх» на работу падвозіла «лятучка» – машына кшталту грузавога таксі.
Спачатку Янчэўскі працаваў на такой жа грузавой «лятучцы» – вазіў мантажную брыгаду.
Мара. Нараджэнне
Сям’я Янчэўскіх – з калгаснікаў: маці Уладзіслава была паляводам, звеннявой падчас уборкі льна, бацька – пастухом і рабочым. Ніхто з іх пра «навуку» сына не думаў. А Уладзіслаў марыў стаць вадзіцелем-дальнабойшчыкам! І «вінаватым» у гэтым лічыць траюраднага брата, які, вяртаючыся з чарговай камандзіроўкі, даваў хлопцу праехаць за рулём ГАЗ-51. Радасці было!
Астравецкая прапіска
…Было вяселле аднавяскоўкі, на якое прыехала родзічка нявесты Валянціна. Каля брамы, дзе мясцовыя спатыкалі маладых, і «сфатаграфаў» яе Уладзіслаў.…Сваё вяселле яны згулялі ўжо праз паўгода. Муж і жонка Янчэўскія ўзгадваюць спатканні: убачацца ў цэнтры Астраўца каля помніка Леніну, пагавораць – і пабеглі ў розныя бакі. Жаніцьба іх для ўсіх была нечаканасцю.
– А самы доўгі пацалунак у нас быў у ЗАГСе на рэгістрацыі шлюбу, – смяецца Уладзіслаў Яфімавіч.
Маладыя сталі жыць у Астраўцы ў жончынай маці. У трохпакаёвую кватэру, якую Уладзіславу выдзеліла прадпрыемства, сям’я пераязджала ўжо з двума дзецьмі: дачкой Наталляй і сынам Андрэем.
Але «паверхі» не спадабаліся Валянціне, якая вырасла ў прыватным сектары, цягнула на прыроду – абмянялі кватэру на дом. Тут у іх нарадзіўся сын Аляксандр.
Дальнабойшчык – і не інакш
Вадзіцелі сельгастэхнікі маглі спакойна называць сябе дальнабойшчыкамі, бо перавозілі грузы па ўсім Савецкім Саюзе. Мара Янчэўскага здзейснілася!
У 1975 годзе Уладзіслаў атрымаў «Калхіду», на якой з’ездзіў не адну тысячу кіламетраў, а ў 1978-м – новы КАМАЗ. У 1983 годзе ў яго зноў новы КАМАЗ, ужо бартавы, з прычэпам, – Янчэўскі далучыўся да ўборкі ў калгасах раёна. Але часцей за ўсё яму выпадалі дальнія рэйсы: Літва, Украіна, Урал, Казахстан, Сібір…
Гадоў з пяць на тэрыторыі раёна існавала саюзная база імпартных запчастак – з кабіны дальнабойшчыкі сельгастэхнікі проста не вылазілі: развозілі запчасткі па ўсім Савецкім Саюзе.
На цаліну
На цаліну Янчэўскага забралі ў 1984-м.
Вечарам мужчына загрузіў машыну зернем, заехаў дадому перакусіць – а тут позва з ваенкамата. І хоць групу мясцовых «партызанаў», як іх тады называлі, адправілі раней, іх неабходна было тэрмінова замяніць. З Астраўца направілі чатырох. Да кастрычніка вазілі яны збажыну – днём і ноччу з кароткімі перапынкамі.
Машына, якую выдзелілі Уладзіславу Яфімавічу, была 1950-х гадоў выпуску і без гідраўзмацняльніка – руль цяжкі, не павярнуць. Рукі, успамінае мужчына, нясцерпна балелі.
За добрую працу ў Казахстане Янчэўскага ўзнагародзілі граматай і далі ў падарунак брытву.
Гонка за гонкай
Куды б ні віляла дарога астраўчаніна, сваёй мары не здраджваў: дзе ні працаваў – абавязкова за рулём. Так, у 1995 годзе, калі прыйшла мода на «гонкі» замежных машын, Янчэўскі стаў перагоншчыкам. Праз год у складчыну са знаёмым купіў МАЗ – вырашылі працаваць на сябе. Вазілі грузы з Польшчы, Літвы, Чэхіі на Расію. Потым была спроба адкрыць сваю фірму па грузаперавозках. Не пайшло. І Уладзіслаў Яфімавіч уладкаваўся вадзіцелем на «фуру» ў расійскую фірму. Сем апошніх гадоў да выхаду на пенсію працаваў у аўтабазе.Адзнакі за работу
Сярод узнагарод за працу, высокія паказальнікі вытворчасці, актыўны удзел у выкананні народна-гаспадарчых задач найбольш прыцягваюць увагу тры:
– у 1980 годзе Янчэўскі стаў Лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамолу – адзіны ў раёне і адзін з пяці – у вобласці;
– у 1984-м атрымаў грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.