Шляхамі Богуша-Шышкі праехалі школьнікі з Міхалішак

14:00 / 23.10.2024


Аграгарадок Трокенікі да гэтага часу застаецца цэнтрам прыцягнення навукоўцаў, даследчыкаў, мастакоў і аматараў роднага краю. Калісьці тут нарадзіўся таленавіты мастак Мар’ян Богуш-Шышка.

Маляўнічыя Трокенікі з вузкімі вулачкамі, простай вясковай архітэктурай не раз траплялі на яго палотны, тут прайшло дзяцінства мастака, сфарміраваўся яго светапогляд і мастацкі талент.

Былая сядзіба не пустуе -- тут размясцілася бібліятэка-клуб. Асабліва прыцягвае наведвальнікаў другі паверх пабудовы, дзе абсталяваны музейны пакой славутага земляка -- любы можа дакрануцца да гісторыі, убачыць рэчы творцы. Яго і наведалі міхалішкаўскія школьнікі.




Бібліятэкар Алена Мацкела пазнаёміла з карцінамі мастака, расказала цікавыя факты з біяграфіі. Прысутных здзівіў этнаграфічны пакой, у якім знаходзяцца прадметы быту, інтэр’ерныя рэчы, летапіс вёскі Трокенікі.

Навучэнцы палюбаваліся прыгажосцю навакольных мясцін, пазнаёміліся з сядзібна-паркавым комплексам знакамітага мастака, убачылі двухпавярховы флігель, гаспадарчы будынак і стайню, прайшліся па паркавай алеі, паназіралі за маленькай рачулкай Тартак, абнялі старадаўні магутны дуб, просячы выканаць запаветныя жаданні.



Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.