Роздум журналіста: адкуль бяруцца “мамчыны” сынкі

16:00 / 19.10.2024


Фото Kristina Paukshtite, Pexels

Фото Kristina Paukshtite, Pexels

Нядаўна мы адзначылі даволі маладое, але ўжо любімае свята – Дзень маці: віншавалі сваіх матуль, успаміналі добрым словам тых, да каго ўжо не дойдзеш з падарункамі. Хутка прыйдзе чарга слоў удзячнасці і любові, адрасаваных татам, – Дзень бацькі таксама імкліва набывае папулярнасць.

А паміж імі аб’яўлены тыдзень бацькоўскай любові… 

Закідайце мяне тапкамі, але я даволі скептычна адношуся да ўсіх гэтых месячнікаў, дэкад, тыдняў. А да тыдня бацькоўскай любові – асабліва. Хіба дзеці любяць бацькоў, а бацькі – дзяцей толькі адзін тыдзень у год? Калі так, то ніякая гэта не любоў, а выкананне запланаваных на акрэслены прамежак часу мерапрыемстваў. І гэта не пра любоў, а пра справаздачу аб зробленай рабоце.

Тым не менш, пагаварыць на зададзеную тыднем тэму хочацца. Не для таго, каб упісаць сваю «галачку» ў план работы, а каб падзяліцца думкамі з нагоды. І, магчыма, пачуць у водгуках нашых чытачоў іншыя.

 Часта можна пачуць: галоўнае, што бацькі могуць і павінны даць дзецям, – іх любоў.  З гэтым не паспрачаешся. А паразважаць хочацца пра іншае: у чым заключаецца бацькоўская любоў? І ці можа яе быць зашмат, ці можна дзіця «залюбіць»?

…Размаўляем з каляжанкамі пра дзяцей-унукаў. 

Адна бядуе, што дарослая дачка, прыгажуня і разумніца, дзве вышэйшыя адукацыі, прэстыжная работа, ніяк не выйдзе замуж, хоць гады ўжо «падціскаюць».

– Кажу ёй: дачушка, што ты ўсё жаніхоў перабіраеш? Калі ж ты дзяцей збіраешся нараджаць ды расціць? – жаліцца сяброўка. – Ужо трыццатнік размяняла… А яна ў адказ: «Я б і рада, ды за каго ісці замуж? Пакажы! Дзе знайсці таго, за кім будзеш «за мужам»? Ім жа ўсім трэба, каб іх «усынавілі»… Ці то мне так шанцуе, што адны «мамчыны сынкі» трапляюцца? Інфантыльныя нейкія… Ім не жонка, не сям’я патрэбна, а новая мамка».

Другая катэгарычна заяўляе:

– Самі і вінаваты! Хто гэтых мамчыных сынкоў выхоўвае? Жанчыны! У мяне адна такая жыве па-суседску. Сын у трэці клас ходзіць, то яна яму кожны дзень партфель да школы нясе. Важкі, кажа, нацягаецца яшчэ за жыццё… Думаеце, ён, калі вырасце, дапаможа жанчыне?

А трэцяя ўздыхае:

– А ў мяне такі сынок… Адзіны, любімы… Адна гадавала. Вядома ж, пеставала ў дзяцінстве, думала: хто яго яшчэ пашкадуе? Школу закончыў, ва ўніверсітэт паступіў. Ганарылася! А ён кінуў праз паўгода: не мог жыць у інтэрнаце, мыцца ў агульным душы, гатаваць на агульнай кухні. Ды і ўвогуле гатаваць…

Харчаваўся булачкамі ды беляшамі, ледзь да язвы не дайшло. Перавяла яго на завочнае, уладкавала на работу. Сяк-так атрымаў дыплом. З дзяўчынай стаў сустракацца. Харошая дзяўчына, вучыцца і працуе разам з ім. Майго тузае: давай тое, давай гэта… А ў яго адзін адказ: навошта? Чуе маё сэрца: кіне яна яго…

…Вярнуўшыся пасля той размовы дамоў, сустрэла ля пад’ез­да суседку. Тая прыехала з дачы з цяжкімі сумкамі, якія трэба было падняць на пяты паверх. Патэлефанавала ўнуку, шаснаццацігадоваму хлапцу, які на галаву вышэйшы за бабулю:

– Алежка, ты вось гэтую сумку вазьмі, яна лягчэйшая, – размеркавала бабуля нагрузку. – А цяжкую я сама паціху завалаку. 

Унук не працівіўся…

Ёсць і іншыя прыклады. Адна мая гераіня, маці дваіх сыноў, сцвярджала:

– Мае нявесткі яшчэ не ведаюць, як ім пашанцавала! Муж нашых дваіх сыноў выхоўваў у безумоўнай любові і павазе да жанчыны: першая кветачка – маме, самы прыгожы лісцік – падарунак для яе, мама стамілася, хай адпачне. Так яны цяпер сябе паводзяць і з жонкамі.

Мнагадзетная мама прызнаецца, што ў іх вялікай сям’і здараецца рознае: часам і пасварацца, і паб’юцца дзеці. Але ёсць няпісанае правіла: што б ні здарылася, хто б ні быў вінаваты –дзяўчынак крыўдзіць нельга!

…Ні ў якім разе не хачу дзяліць працавітых і інфантыльных на дзяўчынак і хлопчыкаў – ведаю, што гендэрны прынцып тут не працуе і што «мамчынымі» бываюць не толькі сынкі, але і дачушкі. Галоўнае: прыклады «залюбленых» да душэўнай інфантыльнасці (чытай: інваліднасці) дзяцей сустракаюцца ўсё часцей….

…Узгадалася пачутае нядаўна выказванне: калі бацькі цяжка працуюць, а дзеці ў гэты час атрымліваюць асалоду ад жыцця, то ўнукі будуць прасіць міласціну.

Жорстка. Не дай Бог нікому гэтага не зведаць…

Таму давайце любіць сваіх дзяцей не толькі сляпым сэрцам, але і відушчай галавой! 

Текст: Нина Рыбик