Такая работа: быць мамай. Расказвае гаспадыня дома сямейнага тыпу Юлія Гродэль

11:00 / 14.10.2024


Дзень маці… Не свята, а самы звычайны будзённы дзень… Ён сатканы з кашы, баршчоў і гулу бясконца працуючай пральнай машыны, знітаваны разбітымі насамі і падрапанымі ка­ленкамі, заўвагамі і вы­датнымі адзнакамі ў школьным дзённіку, пры­праў­лены шматлікімі «Я хачу…», «А можна мне?», «А калі…»,  аздоблены дзіцячымі і ўласнымі слязьмі і ўсмешкамі, абдымкамі і пакараннямі. Такі дзень у кожнай маці, незалежна ад таго, колькі ў яе дзяцей. Толькі калі іх шмат, то ўсё гэта памнажаецца шматразова. А калі яшчэ дзеці не родныя, а прыёмныя, то і радасці, і засмучэнні, і адказнасць набываюць асаблівую вастрыню.

– Так, я працую мамай, – гаворыць Юлія Гродэль, гаспадыня дома сямейнага тыпу. – У нас выхоўваецца дванаццаць дзяцей, і толькі двое з іх, Марк і Ульяна, – кроўныя. Але родныя ўсе! Кожны з іх – Артур, Ягор, Дарына, Эрыка, Дзіма, Паша, Рома, Каця, Саша, Сяргей – з першага дня завуць мяне і Віталіка мамай і татам, хоць мы не прасілі іх аб гэтым. І немагчыма не любіць іх, не прымаць з іх болькамі, застарэлымі душэўнымі траўмамі, з іх маленькімі, але такімі важнымі для іх і для нас перамогамі, радасцямі і праблемамі, немагчыма адносіцца як да не родных. 

– Ведаеце, што самае цяжкае ў нашай рабоце? – працягвае жанчына. – Калі дзяцей забіраюць… Я, вядома, радуюся, што мама адумалася, выправілася і ёй вяртаюць сына ці дачушку ці знайшліся добрыя людзі, якія вырашылі ўсынавіць малыша. Але разам з тым нібы кавалачак сэрца адрываецца, калі нехта пакідае наш дом… Ты паспеў прывыкнуць да дзіцяці, палюбіць яго – і трэба аддаваць… Мы стараемся сачыць за іх лёсамі, але зводдаль. Калі ў дзіцяці ўсё добра, то лепш не з’яўляцца ў яго жыцці, не нагадваць пра гэтую старонку іх біяграфіі – хай жывуць шчасліва! Ды прыкладу, нашы самыя першыя прыёмныя дзеці Каця і Сенька – іх усынавілі, мы ведаем іх бацькоў, часта сустракаем на вуліцы, бачым, што там дружная прыгожая сям’я. Арсеній, якога мы вучылі хадзіць, пайшоў у першы клас, Каця – у другі. Дзеці пра нас забыліся, – і гэта правільна. Яны ж у нашых сэрцах застануцца назаўсёды. 


– Ведаеце, я адчуваю, калі ў нас забяруць некага з дзяцей, – прызнаецца Юля. – Напярэдадні мне заўсёды сніцца сон, што я гэтага малыша страціла: бегаю, шукаю – і не магу знайсці. Прачынаюся ў халодным поце – і ведаю: хутка ён нас пакіне… Таму цяпер стараюся браць тых, чыіх бацькоў пазбавілі правоў на выхаванне дзіцяці: яны, хутчэй за ўсё, будуць з намі да паўналецця, калі ніхто не ўсынавіць. 

І нават пазней – дадам ад сябе. Да прыкладу, сёстры Каця і Насця ўжо вучацца ў Ашмянскім каледжы, адной 18, другая стане паўналетняй праз год. Але дзяўчаты на ўсе святы і выхадныя – тут. Яны едуць дадому, да мамы з татам, да браціка і сястрычкі, якія выхоўваюцца ў доме сямейнага тыпу. 

Зрэшты, «стараюся браць» – гэта не пра Юлію Гродэль. Яна бярэ ўсіх, каго прапаноўваюць. Не можа інакш. «Мне шкада іх усіх», – галоўны яе аргумент. Нядаўна ў маці Сашы, Сярожы, Дарыны і Дзімы органы апекі адабралі малодшае дзіця, гадавалую Олечку, – Юля з Віталем гатовы былі прыняць дзяўчынку ў сям’ю, каб не разлучаць родных братоў і сёстраў. Але адказныя за прыняцце падобных рашэнняў палічылі, што іх дом сямейнага тыпу і без таго перапоўнены: тут павінна выхоўвацца 5-10 непаўналетніх дзяцей, а ў іх ужо 12.    

…Вядома, ім цяжка. Працаваць мамай азначае знаходзіцца на рабоце з 6 раніцы да 12 ночы, без выхадных і водпускаў. Захварэць яны таксама не маюць права: хто ж будзе з дзецьмі? Праўда, аднойчы Юля трапіла на тыдзень у бальніцу – ёй рабілі аперацыю, але Віталь са сваім вялікім сямейст­вам справіўся не горш за жонку.


– Падымаюся я ў 6 гадзін раніцы, – расказвае пра свой «дзень маці» Юля. – І Віталь таксама: ён ва ўсім мне дапамагае. Перш за ўсё запарваю каву: гэтыя ранішнія 15 хвілін – яны толькі мае! А потым пачынаецца: зрабіць сняданак, разбудзіць усіх, накарміць, выправіць – каго ў школу, каго – у садок. Развозіць іх Віталь. А ў мяне пачынаецца ўборка: заслаць ложкі, хто не зрабіў гэта сам, падмесці, прапыласосіць, памыць падлогу. Пральная машына ўключаецца кожны дзень, і не па адной закладцы. Затым гатую абед. Цяпер, калі ў нас няма малых, да прыходу дзяцей са школы ў мяне часам здараецца паўтары-дзве гадзіны часу, каб выскачыць у магазін, у паліклініку ці яшчэ куды па патрэбе. А потым адзін за другім усе вяртаюцца – і панеслася: накарміць, зрабіць і праверыць урокі, пагуляць, памірыць тых, хто пабіўся, суцешыць таго, каго нехта пакрыўдзіў, выслухаць, каму трэба падзяліцца… У Ульяны – басейн, у Дарыны – вакал, у Каці – фігурнае катанне, у Марка і Артура – футбол…  Забраць меншых, Пашу і Ромку, з садка… У нядзелю ва ўсіх – касцёл. І так з ранку да вечара. Вячэраем мы ўсе разам – гэта ўжо традыцыя. Потым калі гуляем у настольныя гульні, калі складваем з дзяўчынкамі алмазную мазаіку – гэта ўсе любяць, у нас ужо цэлая галерэя з падобных карцін утварылася. У 9 гадзін вечара ўсе разыходзяцца па сваіх пакоях. Не адразу кладуцца спаць, займаюцца сваімі справамі: малююць, гуляюць у камп’ютарныя гульні, нават дурэюць. Але пры тым ведаюць: пачаўся час мамы з татам,  нам таксама трэба пабыць удваіх у сваім пакоі, пагаварыць, нешта абмеркаваць, параіцца. У 10 ці ў палове адзінаццатай без лішніх напамінкаў усе ў ложках. Пасля таго як абыду ўсе спальні і пераканаюся, што гэта сапраўды так, магу заснуць і я…


– Ці стамляюся? – паўтарае Юля маё амаль рытарычнае пытанне. І ўздыхае: – Вядома ж. Часам находзіць… Пачынаю сябе шкадаваць: у мяне столькі сукенак, а мне іх няма куды надзець! Тады муж кажа: «Усё, паехалі!» Пакідаем з малымі бабулю ці каго са старэйшых дзяцей – нашы Жэнька і Даша ўжо дарослыя – і выязджаем з дому. Няважна, куды, можна проста ў магазін. Дзве гадзіны мне хапае, каб пачаць хвалявацца: як там мае дзеці? І я прашу: паехалі дахаты!

– Як вы ўвогуле рашыліся на такі, не пабаюся гэтага слова, подзвіг: узяць на выхаванне дзесяць чужых дзяцей – кожны са сваёй не самай лепшай спадчыннасцю, праблемамі, характарам? – не магу не задаць, магчыма, не зусім тактоўнае пытанне.

– У нас і раней выхоўваліся прыёмныя дзеці, – расказвае Юля. – Я сябравала з Наташай Сінкевіч, якая была першай гаспадыняй дома сямейнага тыпу, часта тут бывала, ведала яе падапечных, а яны – мяне. І калі Сінкевічы па сямейных абставінах вырашылі пакінуць гэты дом, ролю яго гаспадыні і мамы прапанавалі мне. Не буду хаваць: баялася, што не спраўлюся! Але, як заўсёды, падтрымаў муж: «Хто, калі не ты?» І я рызыкнула…



Пасля паўзы Юля рашаецца сказаць галоўнае:

– Ведаеце, маіх маці і бацьку таксама некалі пазбавілі бацькоўскіх правоў. Нас з братам выхоўвала цётка… І я памятаю, як гэта – жыць, ведаючы, што маці, якая павінна быць самым родным і дарагім чалавекам на зямлі, няма да цябе справы, яна нават не ведае, паела ты сёння ці легла спаць галоднай, не кажучы пра тое, каб абняць, выслухаць, абараніць… Я ўжо пахавала іх абодвух – і бацьку, і маці. Але тое, дзіцячае – крыўда, боль, пачуццё непатрэбнасці -- яно ўва мне засталося назаўжды. Таму і ў садок пайшла працаваць памочнікам выхавацеля. І чацвёра дзяцей нарадзіла. І прыёмнай маці стала. І на дом сямейнага тыпу пагадзілася. 

Каб іншым дзецям, якім цяпер так цяжка, як некалі было мне, дапамагчы, падарыць ім любоў і пяшчоту, зрабіць іх жыццё хоць крышку шчаслівейшым. Напэўна, я такім чынам плачу за грахі сваёй маці…





…Мы з Юляй п’ём на кухні чай (да слова: з цукеркамі, якія прывезлі ёй разам з кветкамі у падарунак да Дня маці студэнткі Каця і Насця) і размаўляем – яна папрасіла ў дзяцей паўгадзінкі вольнага часу. 

Ды дзе там!

– Мама, можна мне пячэньку?

– Мама, я хачу прачытаць верш!

– Мама, можна на веласіпедзе пакатацца?

– Мама, паслухай…

Мама, мама, мама… Дай, дазволь, дапамажы, пашкадуй…

І яна слухае, частуе, сварыцца, абдымае…

Такая работа! 

Цяжкая, клопатная, нервовая… 

Самая галоўная і самая любімая: быць мамай! 





Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик