Восеньскі кірмаш у Астраўцы: святочна, бойка і шматлюдна

16:09 / 12.10.2024

І не збіралася я, ідучы па рэдакцыйным заданні на восеньскі кірмаш, што развярнуўся ў Астраўцы на пляцоўцы каля раёна газазабеспячэння, штосьці купляць. Але ці то сонейка размалявала тавары яркімі прамянямі-алоўкамі, ці то песні і танцы, якія арганізавала культура, натхнілі. А, можа, вялікая колькасць народу, што месцамі было не праціснуцца, перадавала адзін аднаму сапраўдны вірус азарту, або асартымент тавараў уразіў… Адным словам, я не толькі паглядзела, што прапануюць і па чым купляюць, але і сама ледзь пакупкі з кірмашу дадому данесла. 


ПРА НАСТРОЙ

А настрой быў прыўзняты, і гэтаму, безумоўна, спрыяў бойкі гандаль. Чэргі да некаторых гандлёвых кропак выстраіліся задоўга да  пачатку іх работы. Так, ужо а дзявятай гадзіне доўгія “хвасты” пакупнікоў заўважыла каля палаткі з гервяцкай ялавічынай, гудагайскай бульбай і прадукцыяй Смаргонскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, дзе прадавалі свініну, ялавічыну, а таксама шашлыкі.


Аналізуючы прапановы, здзівілася і ўзрадавалася: чаго толькі на кірмашы ні было! Садавіна і гародніна, мяса і рыба – і ўсё як у натуральным, так і перапрацаваным выглядзе.  Вочы разбягаліся ад дэкаратыўных і садовых саджанцаў. Да слова, прыгожымі і здаровымі выглядалі гадаванцы астравецкага лясгаса – так і хацелася набыць сакавітую тую або бліскучы на сонцы самшыт.


ПРА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ

Не толькі астравецкія прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі і фізічныя асобы, якія прапаноўвалі лішкі са свайго сада-агарода, з’ехаліся на астравецкі кірмаш – нямала сабралася прадаўцоў з суседніх раёнаў і нават абласцей.

Што тычыцца  гаспадарак раёна, напомню, што за мясам КСУП “Гервяты” з рання стаяла чарга. Прапаноўвала прадпрыемства таксама бульбу, ячмень, трыцікале і пшаніцу – і, мяркуючы па паўпустых прычэпах вялікіх грузавікоў, гандаль ішоў добры. 

На “ўра” разляталіся і яблыкі КСУП “Варняны”: дарэчы, былі яны самыя танныя – па 1,10 рублі, аднак таварны выгляд і смак  мелі – на ўсе 100 працэнтаў.

“Гудагайцы” прадавалі яравы ячмень і бульбу – і менавіта апошняя разляталася як гарачыя  піражкі, чарга за ёй, колькі я ні падыходзіла, не меншала.

Пшаніцу і кукурузу можна было купіць на “кропках”  Астравецкага саўгаса “Падольскі”.

Не адставаў ад “калег”, прапаноўваючы сваю прадукцыю,  КСУП “Міхалішкі”.

ПРА ЦІКАВОСТКІ

-Проста немагчыма было прайсці міма казана з духмяным пловам, а побач не купіць хатняй выпечкі.

-Здзівілі вырабы ручной работы – арыгінальныя і прыгожыя, у розных тэхніках і з разнастайнага матэрыялу. Адным словам, выбраць падарунак можна было на любы густ. І прэзентацыя шынкоўкі для капусты гледачам “зайшла”.

-Нават не задумвалася, колькі прыгожага і карыснага можна зрабіць з мёду і воску, – даведалася на адпаведных кропках.

- Сухафрукты, халва і чай – імі гандлявамі ў некалькі месцах, і прадаўцы там не сядзелі без справы.

- Культурная праграмма з роставымі кукламі, тэматычнымі асеннімі фотазонамі і вясёлымі песнямі артыстаў спадабалася гледачам усіх узростаў: яны бойка прытанцоўвалі і здымалі музычныя нумары на відэа.

- Адзначу адну цікавостку, якую, хутчэй, назаву правільна арганізаванай неабходнасцю: валанцёры з ліку БРСМ дапамагалі пажылым грузіць купленае дабро, для падвоза да машын, якія стаялі па-за пляцоўкай кірмашу, “працавалі” двухколавыя тачкі.

-З незвычайнага, але карыснага і зручнага: на кірмашы працаваў перасоўны ФАП, дзе кожны жадаючы мог прайсці дыспансерызацыю і прывіцца ад грыпу.


КОШТ: САМАЕ АКТУАЛЬНАЕ

*Цана сярэдняя, за кілаграм

Бульба – 0,55-1,0 руб.;

морква і буракі – 0,85 руб.;

цыбуля – 1,28-1,30 руб.;

капуста – 1,00 руб.;

яблыкі – 1,10-1,18 руб.;

ялавічына – 11,26 руб.;

фарш з ялавічыны – 8,77 руб.;

тушонка (Гервяты): 4,49-4,90 руб.;

свініна на костцы – 10,87.;

свініна (лапатка) – 15,43 руб.;

свіная шыя (на шашлык) –17,46 руб.;

карп свежы – 7,50-7,80 руб.

КАМПЕТЭНТНА

Павел Мілешка, намеснік старшыні райвыканкама:

– На восеньскіх кірмашах сям’ёй бываем  кожны год. З цягам часу мае адносіны як пакупніка да гэтага мерапрыемства змяніліся: мяхамі бульбы і капусты ўжо не запасаемся – любой гародніны і садавіны нават зімой хапае ў магазінах, чаго не было ў 90-я гады. Ды і ў родзічаў, якія жывуць у вёсцы, заўсёды можна ўзяць. (Усміхаецца.) Але ходзім, каб саджанец які купіць ды проста акунуцца ў святочную атмасферу.

Увогуле ж райвыканкам, як дзяржорган, арганізуе падобны вялікі кірмаш, каб сельгасвытворцы, фермеры, фізічныя асобы, якія вырасцілі лішкі на сваіх падвор’ях, маглі прадаць тавар, а тыя, хто прывык запасацца “на зіму”, маглі купіць.

Традыцыйна таксама з пачатку верасня мы адкрываем сезонную пляцоўку насупраць рынка, дзе сельгаспрадпрыемствы раёна прапаноўваюць астраўчанам бульбу, каб ажыятажу на яе не было на кірмашы і, як кажуць, усім хапіла.

З першых вуснаў

Марыя Шукеловіч, астраўчанка:

-Цудоўны кірмаш: шмат людзей, весела, цікава, тавараў розных колькі! І мы купілі тое, што хацелі: капусту, цыбулю… Цэны нармальныя, задавальняюць. Кожны год бываем на восеньскім кірмашы: купляем таксама саджанцы яблыні, грушы – у нас прыватны дом.

Аксана Масойць, бухгалтар КСУП “Гудагай”:

-Пакупнікоў было шмат з самага ранку. І сапраўдны ажыятаж быў на бульбу. Першую машыну раскупілі  прыкладна за паўгадзіны. За чацвёрты год, што ёй гандлюем, такое ўпершыню, але гэта не дзіўна: сарты новыя, харошыя. Бяруць і зерне. Спадзяёмся, што з кірмашу паедзем без рэштак.

Алег Радзькоў, ПУП “Лялічы”:


- Гандаль ідзе выдатна! Прадаём жывых карпаў – у нас свая вытворчасць у Варнянах. Самі рыбу вырошчваем. Глядзіце, якая прыгожая і вялікая, таму бяруць ахвотна.

Вольга ХАЦЯНОВІЧ,

фота аўтара.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович