Больш за 20 гадоў радуе гледачоў ансамбль народнай песні «Вілія»

14:00 / 13.10.2024

Гэты калектыў з’явіўся ў Міхалішкаўскім клубе ў 1993 годзе, назву атрымаў ад ракі Віліі, што цячэ праз агра­гарадок, і аб’яднаў неабыякавых да песні людзей.
У асноўным складзе ансамбля народнай песні «Вілія» 8 чалавек, але пры супадзенні магчымасцей і абставін на сцэну ён выйдзе ўмацаваны і да 12-ці. Удзельнікі калектыву – у мінулым прадстаўнікі розных прафесій, а зараз пенсіянеры. Самаму «юнаму» артысту 63 гады, а самаму вопытнаму – 85. Ніхто з іх не мае музычнай адукацыі, але ўсе любяць спяваць. І галоўнае – у іх гэта цудоўна атрымліваецца!
 – Калі ўпершыню на Астравеччыне праводзілі фальклорную вечарыну ў Іза­белін­скім доме культуры, Данута Фран­цаў­на Чарнушэвіч сказала: «Ірына, трэба, каб ты арганізавала нейкі ка­лек­тыў», – узгадвае нязменны кіраў­нік «Віліі», ура­джэнка Кемелішак, якая пасля заканчэння гродзенскага культ­асвет­ніц­кага вучы­лішча прыехала працаваць у Міха­лішкаўскі клуб, Ірына Часнойць. – Вось я і сабрала – з таго часу і існуём. Вядома, назву сабе выбралі невыпадкова: знаходзімся на беразе Віліі – і нашы галасы ільюцца, як яе воды.
Сярод іншых артыстаў Астравеччыны ансамбль вылучае асаблівы знешні выгляд: аднолькавыя спадніцы, на плечы накінуты яркія хусткі – проста, але з густам. Хаця кіраўнік спадзяецца, што некалі ў іх будуць паўнавартасныя касцюмы. 
Шмат людзей змянілася ў «Віліі». Але ёсць і сёння ўдзельнік з першага складу – Марыя Пукшта не прапускае ніводнай рэпетыцыі, з ахвотай едзе на канцэрты, конкурсы і агляды. Разам з ёй касцяк калектыву трымаюць Ганна Гаўрыловіч, Ларыса Часнойць, Антаніна Лаздоўская, Ванда Валуевіч, Алена Цэйка, Марыя Пагада, Ганарата Чарняўская. 
– Спяваем народныя пес­ні, больш беларускія. Рэпертуар падбіраю я. Раней у гэтай справе да­памагалі ўдзель­нікі: успа­міналі песні мала­досці, развучвалі. Спя­ва­лі, дарэчы, не толькі бела­­рускія, але і рускія, і польскія, – адзначае Ірына Часнойць. 
– Гадоў 10 спяваю ў «Віліі», мне падабаецца, – дзеліцца Ванда Валуевіч. – Заўсёды і ў школе выступала (у Кемелішках вучылася), і як паехала працаваць ў Клюшчаны, у клубе. І цяпер не засталася ў баку.
– Калі мяне запрасілі ў ансамбль, выра­шыла: пайду па­гля­джу, што там робіц­ца, – усмі­хаючыся узгадвае Антаніна Лаздоў­ская. – Бачу: людзі ва ўзросце, старэйшыя за мяне – і думаю: нашто ім гэта? А яны  на кож­­ную рэпетыцыю ідуць. Тады і ў мяне нейкая адказнасць з’явілася, а потым і ўвогуле зацягнула.
Дарэчы, жанчына яшчэ да «Віліі» ведала, што такое сцэна: з бальнічным калектывам удзельнічала ў канцэртах у Астраўцы з байкамі і прыпеўкамі.
– Прымалі добра! Але аднойчы давялося і ў Міхалішках паставіць нумар: паглядзелі з калегай на гледачоў – і словы забылі. Толькі з трэцяга пройгрышу змаглі пачаць, – расказвае яна. – Перад аднавяскоўцамі цяжэй выступаць, але гэта самы верны і ўдзячны слухач.
Ансамбль стаў для яго ўдзельнікаў аддушынай, бо тут не толькі любімай справай зай­маюцца (іх жа словамі: спяваць – як баль­зам на душу прымаць), але і пагавораць пра жыццё-быццё, і навінамі па­дзеляцца. На рэ­петыцыі ходзяць, не зважаючы на надвор’е. 
– Пакуль вучым песню, спяваем і ў хаце, і ў дарозе. Бывае, еду на веласіпедзе – і забыла радок. Спыняюся, дастаю аркуш са словамі, падгляджу – і далей паехала, – дзеліцца Антаніна Лаздоўская. 
– Затое гонар адчуваем падчас выступлення. Калі дзесьці памыліліся, не дацягнулі – тут мы самакрытычныя. Магчыма, глядач і не заўважыў недахопаў, але мы ведаем, – дадае Ванда Валуевіч. 
У скарбонцы самадзейных артыстаў шмат канцэртаў і конкурсаў, падчас якіх «Вілія» стаяла на адной сцэне з прафесійнымі выканаўцамі. Толькі за апошнія 2 гады калектыў двойчы займаў 2-е месца на раённым спаборніцтве сярод ветэранскіх творчых калектываў; у сакавіку ў Іўі пявунняў адзначылі на такім жа конкурсе абласнога ўзроўню. 
Амаль ніводнае мерапрыемства Міха­ліш­каў­скага клуба не абыходзіцца без яго гала­сістага ансамбля. І сустрэчнае пытанне жы­хароў аграгарадка на запрашэнне на свята, ці будзе «Вілія», хутчэй за ўсё рытарычнае.

Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова