Аб чым марыць загадчык Міхалішкаўскага клуба Надзея Вайцяховіч
11:00 / 13.10.2024
«Давайце я вам песню праспяваю: мне лягчэй на сцэне выступіць, чым пра сябе расказваць», – з гэтых слоў пачалося наша знаёмства з загадчыкам Міхалішкаўскага клуба Надзеяй Вайцяховіч, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.
Пры гэтым жанчына заўважае, што ніколі не займалася вакалам прафесійна, толькі некалькі заняткаў узяла падчас вучобы ў вучылішчы.
Неаднойчы бачыла яе на сцэне – якая яркая і харызматычная Вайцяховіч там! Але, пачуўшы незвычайную прапанову-просьбу работніка культуры, здзівілася: як такі адкрыты артыстычны чалавек можа быць настолькі сціплым? Ды зразумела: перад вялікай сілай творчасці і жаданнем несці добры настрой іншым асабістае адыходзіць на другі план.
– Калі бачу, што людзям падабаецца маё выступленне ці падрыхтаваная работнікамі клуба праграма (а гэта выдаюць усмешкі і апладысменты), адчуваю такі кайф, такі драйв! – гаворыць жанчына. – Хоць перад кожным выхадам хвалююся: сэрца часцей б’ецца, калені дрыжаць.
З чаго ўсё пачыналася? У шматдзетнай сям’і Надзеі спявалі ўсе: і бацькі, і чацвёра дзяцей. А калі ў Міхалішках адкрылі музычную школу, дзяўчынка разам з сястрой запісаліся туды, Надзя – на клас акардэона. Вядома, першымі гледачамі юных артыстак былі родзічы.
Гэта цяпер загадчык клуба лічыць, што знайшла справу жыцця, а ў дзяцінстве марыла стаць міліцыянерам. Рэзкая змена планаў адбылася пасля прафарыентацыйнай сустрэчы з тагачасным кіраўніком раённай культуры Данутай Францаўнай Чарнушэвіч: 9-класніца Надзя вырашыла паступаць у Гродзенскае вучылішча мастацтваў.
– Маці была супраць. Мне нават школьную форму купілі ў 10 клас. Але я дамаглася свайго: з татам паехалі падаваць дакументы, – узгадвае суразмоўца. – У школе вучылася на «4» і «5» (па 5-бальнай сістэме), таму ўступныя экзамены не здавала, а толькі прайшла праслухоўванне і субяседванне.
У 1997 годзе Надзея вярнулася на малую радзіму. Данута Францаўна прапанавала ёй на выбар клубы ў Альхоўцы, Кемелішках і Падольцах. Апошні аграгарадок стаў першым месцам работы маладога спецыяліста. Але хутка яна пераехала ў Міхалішкі: выйшла замуж і пайшла ў дэкрэт. Праўда, дачцэ не споўнілася і 3-х гадоў, а жанчына ўжо пачала працаваць мастацкім кіраўніком у мясцовым клубе і праз 13 гадоў узначаліла яго.
– Усё, што раблю, – для людзей. Кожны раз стаўлю планку, каб новае мерапрыемства было лепшым за мінулае. Напрыклад, на календары яшчэ кастрычнік, а ўжо думаю, як будзем адзначаць Новы год, – дзеліцца Надзея Іванаўна. – Быць работнікам культуры няпроста: трэба спалучаць у сабе і артыста, і рэжысёра, і сцэнарыста, і нават псіхолага.
Дзякуючы творчаму і адданаму сваёй справе загадчыку клуба культурнае жыццё ў Міхалішках віруе – ды так, што на святочныя праграмы сюды збіраюцца не толькі мясцовыя, але жыхары наваколля. І з Астраўца едуць людзі. Адным з такіх прыцягальных мерапрыемстваў стала Масленіца.
– Гадоў 7 назад яе яшчэ не праводзілі, але думка была даўно. Паспрабавалі арганізаваць – і адразу Масленіца «зайшла», – узгадвае загадчык клуба. – Цяпер кожны год адзначаем. Здаецца, у раёне няма падобнага мерапрыемства такога маштабу, як у нас.
Яшчэ адна культурная асаблівасць аграгарадка, якая да таго ж значыцца ў спісе брэндаў Астравеччыны, – фестываль «Шансон на міхалішкаўскай хвалі».
– Шансон – гэта песня, якую выконваюць ад душы і для душы, гэта лёгкая, спакойная музыка. Першапачаткова рабілі проста канцэрт, у правядзенні якога дапамагалі калегі з іншых устаноў культуры і мясцовыя таленты, – расказвае Надзея. – Пазней вырашылі зрабіць у межах фестывалю конкурс пародый на зорак эстрады і шансону. Удзельнікі з задавальненнем пераўвасабляюцца ў сваіх любімых артыстаў. Іх задача: данесці голасам, знешнім выглядам, манерай выканання падабенства. Атрымалася класна! Ужо 2 гады конкурс праходзіць на «ўра».
– Ёсць у мяне даўняя мара – пастараюся, каб яна спраўдзілася: хачу аднавіць і зрабіць брэндам нашага аграгарадка Міхалішкаўскі кірмаш, – дадае гонар раёна. – Дзядуля і бабуля расказвалі, як яго ладзілі на плошчы каля касцёла. Вядома, вярнуць былое – справа не аднога чалавека, трэба падтрымка. Мы са свайго боку прыкладзём усе намаганні. Міхалішкаўскі кірмаш – гэта нашы карані.
Згадзіцеся, ідэя, сапраўды, годная! Тым больш яна мае гістарычны падмурак, таму значнасць мерапрыемства будзе вялікай. Хочацца спадзявацца, што мара Надзеі Вайцяховіч стане рэчаіснасцю – як сёлетняе свята вёскі на беразе Віліі.
– Люблю свой край! За ўсё! Ён чысты, прыгожы. Тут я нарадзілася, тут жывуць мае родныя, тут ведаю ўсіх людзей – яны добрыя, спагадлівыя, – адзначае жанчына. – Ад усяго гэтага, ад падтрымкі сям’і і калег атрымліваю запал працаваць.
Дарэчы, у клубе Надзея працуе, як кажуць, сямейным падрадам – у тандэме з сястрой і дачкой.
Адзін у полі не воін, лічыць Вайцяховіч, таму і пра занясенне на Дошку гонару гаворыць сціпла.
– Неадназначна ўспрыняла гэтую навіну. З аднаго боку, не люблю быць заўважнай – а тут мой партрэт будзе вісець цэлы год. З другога, адчула гонар за клуб, за тое, што нас адзначылі. Гэта ж не толькі мая работа, а ўсяго калектыву, – дзеліцца суразмоўца.
З нядаўняга часу жанчына з’яўляецца ўдзельніцай народнага ансамбля народнай песні «Світанак».
– Гэта карысны вопыт выступаць у складзе такога калектыву. У нас цудоўны кіраўнік Ганна Ткачук. Спяваем на раённых канцэртах, на мерапрыемствах у аграгарадках Астравеччыны, у мінулым годзе скаралі гледачоў на абласных «Дажынках» у Зэльве, у пачатку верасня былі на фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны»… Усіх кропак нашых гастроляў зараз і не пералічу. Выступаць цікава і ганарова – асабліва, калі творчасць «Світанка» падабаецца слухачам. Няма лепшай адзнакі, чым гарачыя апладысменты.