Знаёмцеся: ветурач Руслан Стэх з КСУП “Гудагай” – прафесіянал, які любіць сваю справу і захапляецца птушкагадоўляй

11:00 / 12.10.2024

Прафесіянал – гэта чалавек, які не толькі дасягнуў пэўнага майстэрства ў абранай справе, але і  любіць яе ўсёй душой. Ветэрынарнага ўрача Руслана Стэха смела можна назваць прафесіяналам: калегі з КСУП «Гудагай» і іншых гаспадарак раёна адгукаюцца аб ім яго толькі станоўча. 
Больш за 10 гадоў малады чалавек працуе на адным месцы, падмяняе галоўнага вет­урача, калі тая ідзе ў адпачынак, і… трымае асабістую вялікую гаспадарку. Чым не нагода для знаёмства?
– Руслан, чаму вырашылі стаць ветэрынарам? 
– Бацькі ўсё жыццё працавалі жывёлаводамі. Лічы, з 6-ці га­доў на ферме, а з 10-ці лячыў там жывёлу: ветурачы пакідалі мазі, бінты, а я змагаўся з болькамі ў жывёл, перавязваў ім ногі. (Усміхаецца.) Спе­цыя­лісты пры­язджалі правяраць, як справіўся з абавязкамі, і хвалілі мяне. 
З класа 6-га  дакладна ведаў, што пайду вучыцца на ветурача. У старэйшай школе з’явілася яшчэ адно захапленне – кветкаводства. Каля дома і альпійскія горкі рабіў, і розныя кветнікі закладваў... На астравецкім рынку мяне ведалі ўсе бабулькі. Ні­колі дадому не вяртаўся без новых раслін. 
– Гэта дастаткова нятаннае захапленне. Адкуль грошы бралі?
– Штолета з бабуляй не выла­зілі з лесу: чарніцы збіралі. Па восені яблыкі здавалі. Меў уласную капейчыну. 
Яшчэ ў старэйшых класах раз­­водзіў трусоў. Пазней пачаў займацца птушкамі. Ездзіў на розныя выставы. Аднойчы нават гусей у цягніку вёз, у пластмасавым посудзе трымаў для іх ваду. 
– Што найбольш запомнілася з дзяцінства? 
– Неяк шукалі ўсёй фермай, дзе я падзеўся. Мне было гад­коў 6. Сеў на жолаб, а бык штурхануў, зваліўся ў яго, вылезці не мог – так, скруціўшыся, і заснуў.  
У школе  быў самым звычайным вучнем. Хоць і вясковы, і працай загартаваны, але вельмі не падабалася фізкультура. А яшчэ руская мова цяжка давалася, у адрозненне ад беларускай. Удзельнічаў у раённых конкурсах чытачоў вершаў. Хімія, біялогія добра ішлі. 
Пасля школы паехаў у Мінск паступаць на ландшафтна-паркавы дызайн. Член прыёмнай камісіі адгаварыў мяне. Маўляў, з такім сярэднім балам (у мяне ён быў 8,6)  можаш абраць лепшую спецыяльнасць і параіў ісці ў медыцынскі. 
– Вы не разглядалі такі варыянт?
– Не. У нечым работа медыкаў і ветурачоў падобная, але ж чалавек можа сказаць, што і дзе яму баліць, а карова ці цялё – не. Усё трэба супастаўляць, аналізаваць. У медыцыне шмат вузкіх спецыялізацый, а мы, як правіла, закрываем амаль усё. 
– І ўсё ж, як сталі ветэрынарам?
– На зваротнай дарозе заехалі ў Ілью і падалі дакументы на фельчара ветэрынарнай медыцыны. На першым курсе складана было. А калі пачаліся прадметы па спецыялізацыі, я дакладна ўпэўніўся, што не памыліўся з выбарам прафесіі. Мне было прасцей вучыцца за многіх аднагодкаў, таму што з дзяцінства пры жывёле. Быў старастам групы і старшынёй савета інтэрната. З многімі педа­гогамі падтрымліваю стасункі да гэтага часу. 
Дарэчы, яшчэ да каледжа ўмеў рабіць забор крыві ў жывёл, таму аднагрупнікі на практычных занятках  глядзелі на мяне з павагай. (Усміхаецца.) Шмат чаму навучылі мае старэйшыя цяпер ужо калегі. Асабліва ўдзячны нашаму галоўнаму вет­урачу Галіне Іосіфаўне Ба­біч – з маленства я пад яе пра­фесійным крылом – і ветурачу Галіне Іосіфаўне Таль. З цеп­лынёй  успамінаю ўрокі заа­тэхніка Алены Міхайлаўны Замары, якая цяпер працуе загадчыкам фермы. Яна навучыла чытаць вушныя нумары, за што ёй бязмежна ўдзячны, – гэта было да ўкаранення сістэмы ідэнтыфікацыі. Напрыклад, левае вуха лічылася «багатым», а правае – «бедным». Вышчып на канкрэтным месцы вызначанага вуха азначаў пэўную лічбу – з дапамогай гэтых «адмецін» фарміравалі пэўны нумар для жывёліны.   
У ліпені 2012 года прыйшоў на работу ў «Гудагай». Пачы­наў вет­фельчарам на МТК «Гер­манішкі». Пазней «закры­ваў» фермы ў Рукшанах, Лошы, Міндзянах. Быў аператарам штучнага асемянення і вет­урачом-гінеколагам на трох дойных фермах. Сёння ўсе жывёлагадоўчыя аб’екты КСУП «Гудагай», акрамя малочна-таварных комп­лексаў і МТФ «Дра­вянікі», абслугоўваю я. 
– Што ў рабоце падабаецца найбольш і найменш? 
– Люблю дапамагаць жывёле і бачыць вынік сваіх намаганняў. Не падабаецца папяровая работа – вельмі шмат дакументацыі. Часам даводзіцца ёй займацца ноччу, таму што днём проста фізічна не паспяваю. 
Чытаю спецыяльную літара­туру, сачу за раз­віццём жывёла­гадоў­чай галіны – мне гэта цікава. 
Калі ёсць магчымасць, абавязкова ўдзельнічаю ў тэматычных семінарах – на іх не толькі спазнаеш нешта новае, але і стасуешся з калегамі з іншых рэгіёнаў. Важ­на развівацца і сама­ўдасканальвацца. 
– Прыгадайце цікавы ці незвычайны выпадак з практыкі.
– Калі пачынаў працаваць у калгасе, да мяне звярнулася аднавяскоўка: карова пасля ацёлу не падымаецца на ногі. У жывёліны быў радзільны парэз – поўная страта адчувальнасці, пачынаючы ад таза. У дадатак – паніжэнне тэмпературы цела, гіперглікемія і -кальцэмія. Рагулю пракапалі, малозіва адкачалі, але яна так і не ўстала. На працягу тыдня як па гадзінніку штораніцу бег лячыць «пацыентку», зазіраў і кожны вечар. Эфекту не было: карова ляжала, мы яе варочалі, даілі… Тады для мяне, маладога і нявопытнага, паставіць на ногі жывёліну было справай гонару. Падумаў: чаму б не паспрабаваць медыцынскія прэпараты? Купіў, увёў жывёліне. Раніцай прыходжу, а жанчына галосіць. Не паспела і думка пра­мільгнуць, што здохла карова, як бабуля з усіх ног кінулася мяне абдымаць: «Русланчык, кароўка мая ўстала!» Такія выпадкі дарагога каштуюць. Радуе, што ветэрынарыя ак­тыў­на развіваецца. У нашай гаспадарцы нядаўна набылі ўльтра­гукавы сканер. Дыягностыка ранняй сцельнасці, схаваных энда­метры­таў, фалі­ку­ляр­ных кіст – незаменны апарат для гінека­лагічнага накірунку. Значна палепшала лінейка вет­­прэ­паратаў і неабходных інст­рументаў, змяніліся схемы лячэння. Увогуле тэхналогіі ў жывёлагадоўлі не стаяць на месцы: камп’ютарызаваныя корма­раздатчыкі, малочныя «таксі», выкарыстанне пры вы­пой­ванні цялят дрэнчараў і многае іншае.
– Згадзіцеся, без чалавека ў жывёлагадоўлі па-ранейшаму не абысціся. Ці можаце па знешнім выглядзе сказаць, што цяляці нездаровіцца?
– Канешне. Здаровае, калі заходзіш у клетку, праяўляе цікавасць, можа аблізаць, а хворае, наадварот, неактыўнае. Апушчаныя вушы, сухі нос – першыя прыкметы. Калі штодня ля іх бываеш, з аднаго погляду прыкмеціш, каму нездаровіцца. 
– Ці часта чуеце: «Ты ж вет­урач, дапамажы – нешта з коцікам-сабачкам»?
– Так. (Усміхаецца.) Нікому стараюся не адмаўляць у дапамозе. Калі разумею, што выпадак не ўваходзіць у маю кампетэнцыю, то накіроўваю да іншага спецыяліста. 
Прыгадаю выпадак. У адной сям’і хатнія гадаванцы не маглі разам ужыцца. У першы раз сабака кату пракусіў галаву – залячылі. У другі раз – зламаў сківіцу. Тут патрэбна была дапамога іншага ўзроўню, таму гаспадарам падказаў кантакты сталічнай клінікі. Ката выратавалі. Гаспадарам дапамагаў карміць гадаванца праз кропельніцу, паказваў, як трэба ў перыяд рэабілітацыі яго даглядаць. Хвастаты паправіўся!
– А ў вас ёсць жывёлы?
– Шмат. Тая ж хатняя гаспадарка, што была ў бацькоў, цяпер у мяне. Светлай памяці мамы не стала год назад, таты – нашмат раней. Да мяне (жыву ў Лошы) пераехала жыць сястра з дзецьмі. 
Трох кароў даю з дапамогай апарата, свінні таксама на мне. Кур трымаем. Сёлета набыў інкубацыйныя яйкі, дарэчы, яны зялёнага колеру ад кітайскай пароды кур ухейлюй. Іх асаб­лі­васць у тым, што птушка цалкам чорная – такое адценне мае і мяса. Мараны, напрыклад, нясуць яйкі цёмна-чырвоныя, амаль карычневыя – іх яшчэ называюць велікоднымі. Але найбольш падабаюцца куры бентамкі – яны невялічкія, як галубы.
– Руслан, вы пакідаеце ўражанне чалавека, які не на словах, а на справе любіць тое, чым займаецца.  Паспрабуйце усё ж уявіць, калі не ветэрынарыя, то…
– Адназначна ветэрынарыя. Больш таго, камфортна адчуваю сябе ў тых месцы і прасторы, дзе знаходжуся. 
Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю: Віцебскую ветэрынарную акадэмію скончыў з чырвоным дыпломам. Прапаноўвалі заставацца, нават у аспірантуру паступіў, але не паехаў.  Горад з яго тлумам – не маё.
Ветэрынарыя па падручніках, без штодзённага кантакту з жывёламі – мёртвая. 
Любому чалавеку важна знайсці справу, якую будзеш любіць, якая прыносіць не толь­кі даход, але і задавальнен­не. Відаць, я з ліку тых шчасліў­чыкаў, у каго гэта атрымалася зрабіць.

Фота з архіва героя. 


Текст: Алёна Ганулич