Пра жыццёвыя ўрокі і прафесійныя прыклады настаўнікаў узгадваюць жыхары раёна
Напярэдадні Дня настаўніка папрасілі жыхароў раёна расказаць пра педагогаў, якія не толькі дапамаглі засвоіць навуку, але і далі жыццёвыя ўрокі ці паўплывалі на лёс сваіх вучняў.
Дзмітрый Чапукойць, г. Астравец:
– Настаўнікаў, каму ўдзячны, некалькі. З Варонскай базавай школы: Ядвізе Станіславаўне Казакевіч – за любоў да матэматыкі; гісторыку Людміле Аляксандраўне Гродзь – за жыццёвыя парады і простыя, але мудрыя словы; класнаму кіраўніку Галіне Янаўне Статкевіч – за важную ролю ў маім станаўленні як чалавека. У 10-11 класах вучыўся ў Варнянах – за тыя гады асаблівая падзяка класнаму кіраўніку і матэматыку Жанне Іванаўне Дрэме.
Настаўнікі раскрылі ўва мне «тэхнара». Яны змаглі зацікавіць дакладнымі навукамі, падавалі інфармацыю так, што ёй немагчыма было не захапіцца, таму хацелася рабіць і даведвацца больш. Памятаю, Жанна Іванаўна задавала на дом 2 задачы па геаметрыі, а я рашаў 5. У плане вучобы са мной праблем не было. Адзінае, момантамі ў мяне былі цяжкасці з паводзінамі. (Смяецца.)
Скончыў Акадэмію сувязі ў Мінску, але зараз больш карыстаюся ведамі, якія далі школьныя настаўнікі. Дзякуючы менавіта іх намаганням сёння працую на самай буйнай энергетычнай будоўлі – на АЭС «Аккую» ў Турцыі.
Вікторыя Варановіч, аг. Дайлідкі:
– Мне пашанцавала з добрымі настаўнікамі і выкладчыкамі і ў школе, і ў каледжы, і ва ўніверсітэце, таму я заўсёды любіла вучыцца і да кожнага прадмета ставілася адказна. Бясспрэчна, прыклад людзей, якія дапамагалі мне даведвацца пра нешта новае, паўплываў на прафесійны выбар. Так, у школьныя гады мы прымяралі ролю педагогаў падчас дзён самакіравання – і гэта было цікава. Але асаблівыя ўражанні я атрымала ад настаўніка беларускай мовы і літаратуры Валянціны Іванаўны Кармазы – яе ўрокі засталіся ў памяці.
Галоўнымі маімі настаўнікамі былі мама і цётка. З малых гадоў я жыла ў мастацкім асяроддзі, назірала за творчым і педагагічным працэсамі, якія захаплялі родных людзей, – вядома, гэта не магло пакінуць раўнадушнай і мяне.
Я ўжо 17 гадоў як настаўнік і мастак – і мне падабаецца гэта справа. Люблю дзяцей, якім дапамагаю спасцігаць мастацкае рамяство. Хто ведае, можа, і мой прыклад для кагосьці стане лёсавызначальным…
Дзіяна Кісель, аг. Палушы:
– Галоўная падзяка – першаму настаўніку, які стаў другой мамай: Галіне Мечыславаўне Шлыковіч (яна цяпер выкладае гісторыю ў Гудагаі). У пачатковай школе ў Палушах у нашым класе было 7 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. І аднойчы мы, узорныя вучаніцы, аднакласніку наклалі камянёў у парту, падклалі кнопку і пластыліну намазалі. (Смяецца.) Калі даведаліся, хто гэта зрабіў, мне ўпершыню напісалі заўвагу ў дзённік і паставілі «2» за паводзіны. Было крыўдна. Але той выпадак навучыў, што за дрэнны ўчынак будзе пакаранне і што трэба добра ставіцца да іншых.
З Гудагайскай школы запомніліся настаўнікі з «разынкай». З такіх – Марыя Карлаўна Васілёнак. Педагог ад бога, які не толькі вучыў любіць рускую мову і літаратуру, але і паўплываў на станаўленне нас як асоб.
Асаблівым быў Мікалай Францавіч Шкурскі. Ён вёў урокі, як для студэнтаў: спачатку лекцыі, потым практычныя. Зараз сорамна за тое, што часам мы выводзілі яго з сябе. Дарэчы, хімію і біялогію ён выкладаў так, што іх немагчыма было не разумець.
Настаўніца англійскай мовы Алена Генрыхаўна Ярашэвіч з першай заўвагі за нявыкананае заданне навучыла рыхтавацца да заняткаў. А дзякуючы класнаму кіраўніку і фізіку Галіне Уладзіміраўне Клемянок, якая папрасіла да адкрытага ўрока вывучыць матэрыял, да гэтага часу памятаю закон Авагадра.
Запісала Святлана ФЁДАРАВА.
Фота з архіва герояў.