Пасля выхаду на пенсію Іосіф Пазлевіч стаў пісаць вершы і выразаць драўляныя скульптуры

14:00 / 01.10.2024

Пенсія – час для самарэалізацыі –лічыць Іосіф Пазлевіч з Радзюшоў.

Амаль усё прафесійнае жыццё Іосіфа Пазлевіча прайшло ў Альхоўцы – тут ён працаваў на кардоннай фабрыцы вадзіцелем пагрузчыка. А жыў у вёсцы Радзюшы. Родны край ва ўсе часы быў для мужчыны невычэрпнай крыніцай натхнення.



Іосіф Мар’янавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Пасля выхаду на пенсію з’явіўся час для творчасці.

У дзяцінстве Іосіф мог гадзінамі сядзець і назіраць за бацькам, які ляпіў з гліны разнастайныя статуэткі. Гэтая справа прываблівала хлапчука, ён таксама захапіўся. Пазней вырашыў паспрабаваць разьбу па дрэве – атрымалася. З-пад яго рук выходзілі сапраўдныя шэдэўры: адмысловыя лесавічкі, магутныя мядзведзі і нават фігуры людзей.

Нядаўна ў Альхоўскай бібліятэцы адкрылася выстава “Цуды з дрэва”, на якой Іосіф Пазлевіч упершыню прадставіў свае вырабы шырокаму колу гледачоў. Яны здзіўляюць і захапляюць! За кожнай фігурай – тытанічная праца. На выраб некаторых скульптур патрабуецца каля тыдня, іншых – месяц ці нават больш. Натхненне не мае раскладу, і майстар часам працуе і ноччу.

Нядаўна Іосіф Мар’янавіч завяршыў работу над скульптурай мядзведзя. Яна выразана бензапілой. Вялікая пыса, шырока расстаўленыя лапы – постаць гаспадара лясоў заварожвае і здзіўляе. Ёсць у апантанага рупліўца мара – выразаць галаву зубра ў натуральную велічыню. Мужчына спадзяецца, што неўзабаве зможа ажыццявіць гэтую ідэю.

Кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Акрамя лепкі з гліны і разьбы па дрэве, мужчына працуе… са словам: ён піша цудоўныя вершы, якія час ад часу з’яўляюцца на старонках раённай газеты. Майстар імкнецца несці прыгажосць і чысціню ў гэты свет, напаўняць яго хараством.

Сціплы, інтэлігентны, сарамлівы, ён валодае магутным творчым стрыжнем, асаблівым бачаннем свету.

Залаты ўзрост адкрыў для Іосіфа Мар’янавіча безліч магчымасцей і дапамог знайсці сябе. Майстар перакананы: пенсія – гэта час для самарэалізацыі.

Спадзяеёмся, мы яшчэ ўбачым шмат новых граняў творчай натуры Іосіфа Пазлевіча.

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”.

Текст: Главный администратор