Як нарыхтоўваюць сілас з кукурузы ў саўгасе «Падольскі», даведаўся карэспандэнт

12:00 / 27.09.2024

У рацыёне буйной рагатай жывёлы спажыўны і карысны сілас займае значную частку. Таму ролю кукурузы ў кормавытворчасці складана пераацаніць. Цяпер яе актыўна ўбіраюць усе гаспадаркі раёна – у сярэднім за дзень у тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў закладваецца звыш 4 тысяч тон здробненай масы.
За гэтым працэсам паназірала ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе, да слова, на скошванні цеплалюбівіцы задзейнічаны новыя кормаўборачныя комп­лексы КВК-РS80РRО айчыннай вытворчасці. 
Гэты год выдаўся спрыяльным для раслінаводства. Здаецца, жніво засталося далёку ззаду, але напружанне на палях не спадае. Хлебаробы рыхтуюць глебу, сеюць азімыя культуры, убіраюць цукровыя буракі і кукурузу на сілас і зерне, на некаторых участках «здымаюць» трэці-чацвёрты ўкос і нарыхтоўваюць сянаж у стрэйч-плёнку… Словам, работы вядуцца па некалькіх франтах. 
Што тычыцца аграрыяў саўгаса «Падольскі», то ў іх восеньскія планы ўваходзіць сяўба азімых збожжавых на 1 800 гектарах, уборка буракоў з 400 га і кукурузы з 1 400 га, з якіх 200 – на зерне.
Летась у гаспадарцы ўзнікалі праблемы на ўборцы гэтай культуры – у першую чаргу з-за тэхнічна састарэлых агрэгатаў. Справіцца дапамагалі калегі з іншых гаспадарак. Сёлета парк сельгастэхнікі «Падольскага» папоўнілі 2 новыя кормаўборачныя комплексы КВК-РS80РRО, таму нарыхтоўка сіласу тут вядзецца актыўна.
Адзін камбайн працаваў на полі за вёскай Панарцы. Новы агрэгат даверылі вопытнаму механізатару Аляксандру Шостаку, які неаднойчы дэманстраваў свой прафесіяналізм. Нагадаю: па выніках вясенне-палявых работ райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прызнаў мужчыну лепшым сейбітам цукровых буракоў.
Запытала ў камбайнера, ці радуе ўраджай і новая тэхніка.
– Высокая, мажная кукуруза вырасла – сапраўдная «каралева палёў». Мяркуйце самі: на круг набіваю пад 400 цэнтнераў, – расказаў Аляксандр. – Камбайн таксама радуе, сёлета на ім і травы ўбіраў. Да гэтага працаваў на «Ягуары», ён часта псаваўся – а гэта вымушаны прастой, таму што запчасткі дарагія і іх складана дастаць. Цяпер зусім іншая справа: працаваць на новай машыне ў асалоду.
Кукурузную масу з поля на малочна-таварны комплекс у Рытань вазілі некалькі адзінак тэхнікі. Каб не перарываць працэс і не замінаць вадзіцелям, перакінулася з імі толькі некалькімі словамі. 


Камбайнер Аляксандр Шостак


 І Альберт Капуста, і Дарыўш Шадзянец, што называецца, хлопцы сваёй гадоўлі. Абодва мясцовыя, абодва мэтанакіравана атрымалі прафесію сельскагаспадарчага профілю і прыйшлі ў родны саўгас. Больш таго, маладыя людзі сямейнымі экіпажамі (у пары з бацькамі) сёлета абмалочвалі збожжа. 
– Тысячу тон з татам на жніве ўзялі, – з усмешкай зазначыў Альберт і паімчаў да кормаўборачнага камбайна. 


Альберт Капуста возіць масу на комплекс


Дарыўш Шадзянец, вадзіцель

З поля, дзе ўбіралі кукурузу, накіравалася да комплекса, дзе  закладвалі сілас. Для сябе зазначыла, што амаль ўсе траншэі ўжо запоўнены, акрамя адной, адкуль для кармлення жывёлы бяруць мінулагодні фураж. 
Як расказала начальнік МТК «Рытань» Алена Юхна, з травяністымі кармамі ў апошнія гады праблем не ўзнікае.
– На сёння ўжо заклалі шмат кукурузы ў бурт. Пляцоўка пад гэта забетаніраваная, увесь працэс вядзецца ў адпаведнасці з тэхналогіяй. Вільготнасць і тэмпературу масы мераем некалькі разоў на дзень, правяраюць яе і спецыялісты з райветстанцыі, – расказала Алена Валяр’янаўна. 
– На комплексе 1 490 галоў, з якіх 800 – дойны статак, – пераходзіць да спраў комплексу яго загадчык. – Дарэчы, для аздараўлення жывёлы, асабліва канечнасцей, некаторыя групы першага перыяду і нецелі летам пасвіліся. Па малаку «плюсуем», сярэднясутачны надой складае 21,5 кілаграма, на перапрацоўку адпраўляем яго гатункам экстра. Хоць у апошні час моцна змяніліся тэхналогіі, але актуальнасці не траціць дзедаўскае выказванне: малако ў каровы на языку. Таму прыярытэтная задача – нарыхтаваць як мага больш кармоў добрай якасці. Упэўнена, што мы з гэтым справімся.

Алена Юхна, начальнік малочна-таварнага комплексу «Рытань»


Слова спецыялісту
Антон Лапуцэвіч, загадчык раслінаводчага ўчастка:
– На ўборцы кукурузы працуюць тры кормаўборачныя комплексы. Акрамя гэтага, адзін камбайн задзейнічаны на скошванні траў для падкормкі жывёлы. У залежнасці ад аб’ёмаў на адвозцы занята 8-10 адзінак тэхнікі, на буртаванні масы – два «Амкадоры» і трактар. На ноч яна закрываецца спецыяльнай плёнкай, а пасля запаўнення траншэі кансервуецца з дапамогай вакумнай і чорна-белай. Корманарыхтоўку, у прыватнасці сіласу, у нашай гаспадарцы ацэньваю на «выдатна». 

Антон Лапуцэвіч, загадчык раслінаводчага ўчастка

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич