Чаму малады спецыяліст Антон Лапуцэвіч выбраў для работы саўгас «Падольскі»

10:00 / 27.09.2024

У маладога спецыяліста, загадчыка раслінаводчага ўчастка №2 РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Антона Лапуцэвіча з дзяцінства была цяга да зямлі і раслін. Таму і прафесію хлопец выбраў адпаведную. 
– Родам я з Віцебшчыны, з вёскі Лебедзева, што ў Міёрскім раёне. У старэйшых класах разгаварыўся са знаёмым, які вучыўся ў Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён так захоплена расказваў пра заняткі, педагогаў, што я вырашыў паступіць у гэтую навучальную ўстанову, – расказвае Антон. – Выбраў аграномію і накірунак «садаводства і агародніцтва». Студэнцтва ўзгадваю з настальгіяй. Нашы выкладчыкі далі нам цудоўную базу, якую цяпер дашліфоўваю на практыцы. (Усміхаецца.)
На размеркаванні хлопцу на выбар прапанавалі некалькі гаспадарак у Шчучынскім, Лідскім, Ашмянскім і Астравецкім раёнах. 
– Выбраў саўгас «Падольскі» – тут давалі жыллё, – працягвае брыгадзір. – Пра Астравец чуў, што гэты горад – сталіца энергетыкаў, а вось пра гаспадарку нічога не ведаў. Перад прыездам «пагугліў» – склалася станоўчае ўражанне. Мяне тут прыязна сустрэлі. Дырэктар Дзяніс Валер’евіч адразу ўвёў у курс спраў і растлумачыў, чым буду займацца. Хоць гэта не зусім мой профіль, але цікава – аграном павінен з усім справіцца. Паўтара месяца працую.
Антону далі дом у Рытані з неабходным мінімальным наборам мэблі. Акрамя гэтага, выплацілі апошнюю стыпендыю, пад’ёмныя, для маладога спецыяліста прадугледжаны штомесячныя бонусы. 
Што будзе далей, малады чалавек не загадвае. Але марыць развівацца ў абранай галіне і ў будучым заняцца ўласнай справай – вырошчваць маліну, ажыны і клубніцы.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич