Астравеччына: пра нас раскажуць фестывалі

09:00 / 24.09.2024

На брэндавых мерапрыемствах Астравеччыны вучыліся развіваць культурна-пазнаваўчы турызм удзельнікі рэспубліканскага семінара.
Чаму менавіта пра брэндавыя фестывалі, канцэрты, кірмашы і святы гаварылі работнікі культуры і турызму на вышэйшым узроўні? Таму што гэты накірунак карыстаецца найбольшай папулярнасцю сярод турыстаў. Пазнаць Беларусь у цэлым дапамогуць музеі і помнікі архітэктуры, а вось пра адметнасці кожнага рэгіёна, яго гісторыю, этнакультурныя асаблівасці, абрады і кулінарыю лепш за ўсё раскажуць мясцовыя святы.
Чаму менавіта наш край? Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык, месцам правядзення семінара на Гродзеншчыне абралі Астравеччыну, Смаргоншчыну і Ашмяншчыну таму, што яны найбольш багатыя на традыцыі і турыстычныя аб’екты.
ПРА БРЭНДЫ
Астравеччына можа пахва­ліц­ца 10-цю брэндавымі святамі, якія даўно па­лю­біліся не толькі мясцовым жыхарам, але і заезджым гасцям. І хоць свае прэзентацыйныя зоны развярнулі не ўсе, намаганняў тых, хто расказваў пра сябе, хапіла, каб даказаць: наша зямля сапраўды багатая на традыцыі, гісторыю і таленты. Так і хацелася разам з удзельнікамі семінара вывудзіць кемелішкаўскую «фарэль», пакаштаваць гарачай юшкі і жалудовай кавы… Ну, хоць песнямі душу адвяла: падпявала міхалішкаўскаму шансанье і альхоўскаму сямейнаму дуэту. Але аб усім па парадку.
ЗАЦІКАВІЛІ 
Думаеце, як гэта магчыма – расказаць пра свята, дзе гулянне расцякаецца-расходзіцца на ўсю вёску, на невялічкім кавалачку глядацкай залы шматфункцыянальнага комплексу і пры гэтым укласціся ў некалькі хвілін? А лёгка! І прытым у нашых работнікаў культуры гэта атрымалася цікава, пазнавальна і арыгінальна.
Так, на свяце рыбака «Залатая фарэль Астравеччыны» госці на «хто першы» вудзілі рыбу, адгадвалі жартоўныя загадкі і каштавалі кемелішкаўскую юшку з духмянымі піражкамі. 

Пра гісторыю нараджэння ідэі «Шансона на Міхалішкаўскай хвалі», які сёлета святкаваў 5-гадовы юбілей, і артыстах-парадзістах, якія прымаюць у ім удзел, і пра песні, якія гучаць на свяце ў Міхалішках, госці даведаліся з фотазоны з імёнамі зорак шансона. Ну і як жа адчуць атмасферу музычнага фестывалю без песні: спявалі разам, прыпляскваючы ў далоні.

Творчы, цёплы і ўтульны міні-дворык, дзе побач у зго­дзе і сяброўстве жывуць таленавітыя сем’і, – гэта пра фестываль сямейнай творчасці ў Альхоўцы. Тут пра агульнае хобі – маляванне – расказалі бабуля Валянціна Міхайлава і яе ўнук Арцём, а дачка і бацька Дзіяна і Уладзімір Сідарэвічы заваражылі цудоўнай песняй. Наступны сямейны фес­тываль будзе юбілейным – дзясятым. Альхоўцы запрашаюць усіх!

Пра «Лета ў правінцыі» і сядзібу Мар’яна Богуша-Шышкі ў Трокеніках расказала і паказала мясцовая бібліятэка. І самымі красамоўнымі ў адлюстраванні пры­гажосці правінцыяльных края­відаў для мяне сталі карціны ўдзельнікаў традыцыйнага пленэру мастакоў, які тут праводзіцца. Гэ­ты брэнд нашай Астравеччыны падаўся прыгожым, стыльным, прасякнутым неперадавальным водарам мясцовай прыроды і любоўю да роднага краю.

Аўтаклуб «Ваколіца» на ўсіх парах уварваўся ў залу з прэзентацыяй сябе і сваіх дасягненняў на… веласіпедзе. Менавіта так, творча і арыгінальна, прадумана да дробязей і з душой калясіць аўтаклуб па 50-ці вёсках раёна і дорыць людзям добры настрой.

Фестываль дзіцячай творчасці «КінаКадр» толькі прэтэндуе на званне брэндавага, аднак яму ўжо ёсць чым зацікавіць гасцей. Узяць хоць бы сэлфівыставу або конкурс відэаролікаў у «ЦікТок», Упэўнена, спадабаецца не толькі дзецям і моладзі, але і дарослым. Ну а калі хто не можа ўявіць сабе кінематаграфію, прагляд фільма без смачных «бонусаў» – брэндавы папкорн ад арганізатараў фестывалю ў дапамогу.

Навукова-энергічнае свята «Атам-дзвіж» у дзень горада ўжо палюбілася жыхарам і гасцям Астраўца. Гэта спартыўныя гульні, захапляльныя актыў­насці, інтэлектуальныя задачы і пазнавальныя эстафеты. Гэта магутная энергія маладога горада, якую адчувае кожны. 


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович