Кукурузу – у “рукавы”, бульбу – на продаж, ці Чым заняты ў полі аграрыі КСУП “Гервяты”

13:00 / 20.09.2024

Так сцісла, але ёмка можна абазначыць фронт восеньскіх клопатаў аграрыяў. Капанне буракоў і бульбы, збор яблыкаў, вываз саломы, падрыхтоўка глебы і паралельная сяўба азімых збожжавых, апрацоўка пасеваў рапсу, назапашванне сенажу ў поліэтыленавую плёнку, уборка кукурузы на сілас і на зерне… Здаецца, нічога не забыла!

У КСУП «Гервяты» апошнюю культуру, да слова, нарыхтоўваюць не зусім традыцыйным для раёна спосабам: закладваюць плюшчаныя кукурузныя зярняты ў спецыяльныя  вялізныя рукавы з выкарыстаннем кансервантаў. Такі метад «гервятцы» ўпадабалі за эканамічнасць, эфектыўнасць і карысць для жывёлы. Наколькі ведаю, сёлета яго плануюць асвоіць і ў КСУП «Гудагай». 

Напачатку тыдня паназірала, які шлях робіць каралева палёў, перш чым стаць спажыўным кормам, а таксама даведалася, што сеюць на зіму і чаму тут аддаюць перавагу адразу некалькім сартам бульбы. 

КУКУРУЗА

Менавіта корм з гэтай культуры займае значную частку ў рацыёне буйной рагатай жывёлы. КСУП «Гервяты» – адзіная гаспадарка, дзе ёсць комплекс па яе дарошчванні і адкорме, таму і харчоў для вялізнага пагалоўя аграрыям трэба назапасіць з лішкам. 

Сумнявацца не выпадае, што зрабіць гэта ў іх атрымаецца. Мяркуйце самі: план па назапашванні сена і сенажу ў «Гервятах» перавыканалі на 3% і 7% – нарыхтавалі 780 і амаль 42 тысячы тон адпаведна. Хоць у гаспадарцы па-ранейшаму працягваецца ўборка кукурузы на сілас, гэтага віду корму ў тэхналагічныя ёмістасці ўжо закладзена палавіна ад запланаванага.

Дарэчы, і плошчы пад цеплалюбівіцай у КСУП «Гервяты» самыя вялікія ў раёне і дасягаюць звыш 2 тысяч гектараў.

З намеснікам дырэктара КСУП «Гервяты» па вытворчасці Аляксандрам Кавалькам спачатку наведаліся на тэрыторыю цэха па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, дзе адбывалася закладка спецыяльных рукавоў, а потым зазірнулі і на поле.

З дапамогай агрэгата для плюшчэння кукурузы фінскай вытворчасці, які працуе ў счэпцы з айчынным новым трактарам «Беларус», за змену апрацоўваецца каля 110-120 тон кукурузных зярнят. Такога аб’ёму хапае для запаўнення за змену аднаго рукава.

На тэрыторыі комплексу налічыла ажно 5 такіх вялізных трубак, кожная з якіх даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў.  

– Па неабходнасці пагрузчык засыпае ў агрэгат зярняты, якія плюшчыць вальцавы млын. У працэсе аўтаматычна ўносіцца біялагічны кансервант з разліку 1 грам на тону, –  растлумачыў тэхналогію работы машыны аператар Алег Юркойць. – Поліэтыленавы рукаў напаўняецца здробненай масай з дапамогай утвараемага ціску. Мая задача – сачыць за плю­шчылкай і пры патрэбе ўносіць карэктывы ў яе налады. 

Алег Юркойць рэгулюе плюшчылку

Алег Юркойць рэгулюе плюшчылку

Выкарыстанне рукавоў – эканамічны і просты метад апрацоўкі і захоўвання зерня. Прастата абумоўлена тым, што здробненую кукурузу не трэба трамбаваць, пагрузку зерня ў любы момант можна спыніць, а пазней працягнуць. Таксама не ўзнікае патрэбы ў спецыяльных сховішчах. Больш таго, аб’ём полімернага напаўняльніка можна вар’іраваць у залежнасці ад колькасці зерня. 

– Тэхналогію нарыхтоўкі плюшчанага зерня смела можна аднесці да ліку энергазберага­ючых, у адрозненне, напрыклад, ад сушкі кукурузы, – лічыць Аляксандр Кавалька. – Па-першае, убіраць яе можна ў больш раннія тэрміны. Мы пачалі 6 верасня. Цяпер у зерня вільготнасць каля 30%, а класці яго на захоўванне можна з вільготнасцю ў 12-14%. Таму давядзенне да патрэбнай кандыцыі дастаткова энергазат­ратнае. 

Па словах намесніка дырэктара, гэты год паспяховы для кукурузы: па спеласці зерня пытанняў не ўзнікае.

– Вырошчваем айчынныя і замежныя гібрыды кукурузы. У працэнтных суадносінах гэта 50 на 50. Хоць яшчэ некаторыя ўчасткі зелянкавыя, але хутка даходзяць, –   па дарозе на поле працягнуў Аляксандр Кавалька. – Паўтары тысячы тон плануем закласці ў рукавы, звыш 52 тысяч – у траншэі і назапасіць тысячу тон зерня. 

Кукурузу пакуль убіраюць два кормаўборачныя камбайны, для нарошчвання тэмпаў у гаспадарцы плануюць запусціць і трэці. На адвозе зерня і масы задзейнічана ад 10-ці да 15-ці адзінак тэхнікі. 

Іван Шыманскі загружае кукурузу

Іван Шыманскі загружае кукурузу

У пары з «Лексіёнам» каралеву палёў абмалочвае адзін з самых вопытных механізатараў Іосіф Масевіч – традыцыйны прызёр жніўнага спаборніцтва. У адрозненне ад іншых хлебаробаў мужчына не ставіць свой агрэгат на захоўванне і літаральна пасля невялікага перадыху пасля ўборкі збожжа (абмалочваць яго бацьку сёлета дапамагаў сын) адразу пераходзіць на кукурузу. 

Камбайнер Іосіф Масевіч

Камбайнер Іосіф Масевіч


– Харошы сёлета ўраджай! – усміхнуўся мужчына. – За змену набіваю каля 110-120 тон, а гэтага хапае для дзённай нормы закладкі плюшчанай кукурузы ў рукавы. 

Дарэчы, «Лексіён» Іосіфа Масевіча – самы ўзроставы камбайн у гаспадарцы. Але ён шмат сезонаў спраўна служыць свайму гаспадару. 

БУЛЬБА

Бульбянішча раскінулася на 40 гектарах. У КСУП «Гервяты» ў адрозненне ад КСУП «Гудагай» не садзяць сотак для людзей. Для работнікаў і пенсіянераў  гаспадаркі яе прывязуць прама на дом за сімвалічныя 18 капеек за кілаграм. Акрамя гэтага, другі хлеб рэалізуюць усім ахвочым. 

– На кірмашы ў Астраўцы гараджане нашу бульбу размялі літаральна за гадзіну. Праз ты­дзень сітуацыя паўтарылася, праўда, у горад аправілі ўжо дзве машыны, – расказаў Аляксандр Кавалька. – Другі хлеб сёлета нядрэнна ўрадзіў. У гэтым годзе спыніліся на сартах «кронэ», «вектар», «авацыя» і «янка».

Намеснік дырэктара Аляксандр Кавалька

Намеснік дырэктара Аляксандр Кавалька

На трактары МТЗ з прычапным агрэгатам айчыннай зборкі бульбу капаў Дзмітрый Янковіч, які вясной, да слова, сам наразаў барозны і садзіў крухмалістыя клубні. 

Дзмітрый Янковіч капае бульбу

Дзмітрый Янковіч капае бульбу

– З гектара накопваю каля 225 цэнтнераў, летась ураджайнасць была прыблізна такая ж, – зазначыў механізатар.

СЯЎБА

Пад азімыя культуры ў «Гервятах» адвядуць 2 600 гектараў. З большага збожжавы клін застанецца на ўзроўні мінулага года, толькі ўдвая пабольшаюць пло­шчы пад ячменем. 

Як расказаў галоўны аграном КСУП «Гервяты» Эдгар Касевіч,  неаспрэчны плюс вырошчвання гэтай культуры ў тым, што яна вельмі рана даспявае і дае магчымасць да пачатку масавай уборкі «абкатаць» у полі камбайны. А яшчэ палі пасля абмалоту – добрыя папярэднікі пад азімы рапс.

Галоўны аграном Эдгар Касевіч

Галоўны аграном Эдгар Касевіч

На сяўбе сямейны тандэм Махонькаў заняты не ўпершыню. Андрэй прыгортвае ў глебу насенне сучасным агрэгатам «Хорш», а бацька Фёдар падвозіць насенне. Як у жарт, але не без долі праўды пра іх кажуць у гаспадарцы: у гарачай вадзе купаныя – маецца на ўвазе: ахвочыя да работы. 

– Тысячу гектараў рапсу адзін пасеяў, – расказаў Махонька-малодшы. – Па душы мне гэта справа. Ды і з родным чалавекам працаваць прасцей і эфектыўней. У таты пытанняў не ўзнікае, калі ў полі трэба затрымацца да позняга вечара. 

Фёдар і Андрэй Махонькі заняты на сяўбе

Фёдар і Андрэй Махонькі заняты на сяўбе




Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич