Старыя Міхалішкі на здымках і ў расповедах Іосіфа Раўдановіча

16:00 / 20.09.2024


Іосіф Раўдановіч (у мужчыны двайное імя – Іосіф-Анатоль, але для зручнасці будзем карыстацца толькі першым) – ураджэнец і на працягу доўгага часу жыхар Міхалішак. І гэтае месца, па ўласным прызнанні, для яго самае дарагое на зямлі.

З цягам часу Іосіф стаў збіраць дакументы, фотаздымкі, успаміны старажылаў, факты і артэфакты, якія распавядаюць пра родную вёску (у былым – мястэчка, цяпер – аграгарадок). І хоць пра гісторыю паселішча ёсць нямала звестак у разнастайных пісьмовых крыніцах, усё ж экскурсія, якую правёў для нас (а мы, з яго дапамогай, – для сваіх чытачоў) па старых і сучасных Міхалішках Іосіф Іосіфавіч, дапамагае ўбачыць далёкае зблізку, даведацца невядомае пра тое, што ўяўлялася добра знаёмым, пагартаць жывыя старонкі гісторыі… 

Іосіф Раўдановіч

Радзіннае

 Хата, дзе нарадзіўся Іосіф Раўдановіч і двое яго братоў (сястра з’явілася на свет ужо ў новым доме), не захавалася. Гэта быў будынак, у якім некалі яўрэі забівалі жывёлу, а пасля вайны яго аддалі пад жыллё маладому сакратару сельскага Савета Галіне Міцкевіч.  

– Маці, Галіна Паўлаўна, родам з Віцебшчыны, – расказвае Іосіф Раўдановіч. – У вайну дом іх спалілі, бабуля з дзвюма дочкамі выкапала зямлянку каля лесу. Там жылі, пяклі хлеб і насілі яго партызанам. Пакуль адзін здраднік – пасля вайны мама сустрэла яго ў Астравецкім раёне – не выдаў іх немцам. Маму схапілі і павезлі ў Германію. Яе і сяброўку ўратавала настаўніца нямецкай мовы, яўрэйка: аддала ахоўніку золата, што мела пры сабе, і папрасіла, каб адпусцілі яе вучаніц. Якое сэрца было ў жанчыны! Сама, пэўна ж, загінула, а дзяўчаты ўцяклі. Жылі ў адной жанчыны ў Жабінцы. Днём хаваліся ў хляве, а ноччу рабілі па гаспадарцы, што загадае гаспадыня. Пасля вызвалення мама пешшу адправілася дахаты. Дайшла да Міхалішак – тут і засталася.

Маладую дзяў­чыну пры­значылі сак­ратаром сельскага Савета. Пасада гэта ў пасляваенны час была небяспечнай: у лясах хаваліся бандыты. Неаднойчы Галіну перастракалі «лясныя браты» з банды Яцмана. Пазней яна стала працаваць у мясцовай краме – і аддала рабоце ў гандлі ўсё свядомае жыццё.

Бацька Іосіфа таксама насіў двайное імя – Іосіф-Ягор. Ён быў другім мужам Галіны. Ад першага, ветэрынарнага ўрача Мікалая Паўлава, яна нарадзіла сына Сашу. Але жыццё не заладзілася: даражэй за сям’ю мужу была гарэлка. 

Не размінаўся з чаркай, па словах Іосіфа Іосіфавіча, і яго бацька, добры будаўнік. Але Галіна Паўлаўна больш не стала выпрабоўваць лёс: да скону стойка несла свой крыж. 

Злева направа: дзеці Раўдановічаў: Іосіф, Саша, Марына, крайні справа – Валодзя. 

У цэнтры – бацька Іосіф Юльянавіч, побач – Аляксей Корань

Даваеннае мястэчка і трагедыя яўрэяў

Да вайны Міхалішкі былі пераважна яўрэйскім мястэчкам.



– Паабапал цэнтральнай вуліцы стаялі двухпавярховыя цагляныя дамы яўрэяў, – расказвае Іосіф Раўдановіч. – На першых паверхах знаходзіліся крамы, майстэрні, пякарні, корчмы, на другіх – жылі гаспадары. У мястэчку была сінагога, побач з ёй – прытулак для бяздомных, дзе яны маглі атрымаць дах над галавой і харчаванне. Існавала дзве яўрэйскія школы, у адной навучанне ішло на іўрыце, у другой – на ідыш. Дзейнічалі курсы для дарослых па вывучэнні Торы. Крыху далей за сінагогай знаходзіліся яўрэйскія могілкі. Яны захаваліся да гэтага часу. Там шмат магільных камянёў з надпісамі на іўрыце ці ідыш. Па сведчанні старажылаў, расповеды якіх чуў Іосіф Раўдановіч, і ўспамінах Эстэр Кац-Лівінгстон якая да вайны жыла ў мястэчку, адносіны яўрэйскага і тутэйшага насельніцтва былі не самыя прыязныя. Здараліся яўрэйскія пагромы, гучалі заклікі байкатаваць яўрэйскія крамы. У першы ж дзень вайны, яшчэ да прыходу немцаў, нехта падпаліў сінагогу і, пакуль яўрэі яе тушылі, рабавалі іх дамы. Дапамаглі мясцовыя немцам і ў вызначэнні яўрэяў.



Яўрэйскія могілкі ў Міхалішках

У верасні-кастрычніку 1941 года фашысты стварылі ў Міхалішках гета: вызвалілі ад гаспадароў некалькі дамоў у цэнтры мястэчка за базарнай плошчай і сагналі туды ўсё яўрэйскае насельніцтва паселішча і навакольных вёсак. Па прыблізных падліках, там было больш за тысячу чалавек. Тэрыторыю абнеслі калючым дротам, жыхары не мелі права пакідаць яе без дазволу, яны абавязаны былі насіць на адзенні жоўтыя шасціканцовыя зоркі. Людзі цяжка працавалі, пакутавалі ад голаду, холаду і антысанітарыі.


Паступова насельнікаў гета вывозілі ў літоўскі канцэнтрацыйны лагер “Панарай”. Многія загінулі ў Міхалішках.

–Вядома, што міхалішскіх яўрэяў расстрэльвалі каля дарогі, што вядзе да бальніцы, – паказвае месца гібелі мірных жыхароў Іосіф Раўдановіч. – Але старажылы расказвалі, што забівалі іх і ў рове, што за касцёлам. Ускосным пацвярджэннем гэтага сталі словы рабочых, што пракладвалі тут газ: яны гаварылі, што, капаючы траншэі, знаходзілі ў зямлі мноства людскіх касцей.



Афіцыйна міхалішкаўскае гета ліквідавалі восенню 1943 года. Хоць ёсць звесткі аб забойстве яўрэяў у Міхалішках і ў 1944 годзе.

І самым крыўдным і недарэчным было, прайшоўшы праз усе кругі пекла, загінуць пасля вызвалення…

У гэтым доме пасля вайны забілі семярых яўрэяў

У гэтым доме пасля вайны забілі семярых яўрэяў

– Расказвалі, што пасля вайны ў Міхалішкі вярнулася сямёра яўрэяў, якія чакалі восьмага таварыша. Аднойчы раніцай яны не выйшлі з дома, дзе пасяліліся. Суседка зайшла паглядзець, што здарылася, і знайшла ўсіх мёртвымі, – расказвае Іосіф Іосіфавіч.

У памяць аб міхалішкаўскіх яўрэях, якія загінулі ў мястэчку ў гады вайны, на яўрэйскіх могілках устаноўлены помнік. Там пазначана лічба “158”, хоць на самой справе, думаецца, ахвяр фашысцкага генацыду тут нашмат больш.

Касцёл, плошча, кірмаш

Дамінантай Міхалішак, безумоўна ж, з’яўляецца адзін са старэйшых і прыгажэйшых не толькі на Астравеччыне, а, бадай, ва ўсёй Беларусі касцёл Святога Міхала Арханёла пабудовы 1653 года з цудоўнай унутранай ляпнінай аўтарства італьянскага скульптара П’етра Перці.

А перад касцёлам да вайны была вялікая плошча, якая прасціралася да сённяшняга аўтобуснага прыпынку. (На месцы яго, да слова, раней стаяла сталовая. І гэта была не адзіная кропка грамадскага харчавання і піцця ў Міхалішках: меліся яшчэ «Чайная», «Чарачная».) На плошчы праводзіўся кірмаш. Памятаеце, у першай дзеі купалаўская Паўлінка гаворыць «Заўтра Пакровы… У Міхалішках кірмаш…» І ёсць усе падставы меркаваць, што размова ідзе менавіта пра нашы Міхалішкі.

У раённай кнізе «Памяць» чытаем:

«У 1897 годзе Міхалішкі – мястэчка: 170 двароў (13 каменных, 133 драўляныя пабудовы, 1 009 жыхароў. Касцёл, капліца на могілках, яўрэйскі малітоўны дом, сінагога, паштовая станцыя, цагельны завод, кузня, 30 лавак (…), 5 тракціраў, 1 піўная лаўка. Кірмашы праводзіліся ў першы панядзелак пасля Вялікадня і ў другі панядзелак пасля 9 верасня, базары ў сераду».

І ў архіве Іосіфа Раўдановіча ёсць здымкі, якія сведчаць пра шматлюднасць і размах міхалішкаўскіх кірмашоў.


Плошча ў мястэчку істотна зменшылася, калі ў 1960 годзе мясцовы калгас імя Кірава за ўласныя сродкі  пабудаваў тут клуб – адкрылі яго да 1 мая.  А ў архіве Раўдановіча ёсць здымкі з таго будаўніцтва.

Брыгада маркунскіх будаўнікоў на ўзвядзенні калгаснага клуба ў Міхалішках. Справа налева: Іван Пазлевіч, Міхаіл Пазлевіч, Іван Мужыла, Франц Праўлуцкі, Іосіф Грахоўскі, Іосіф Кунігель, Уладзілаў Ярмак (брыгадзір), Іван Пазлевіч, крайні справа – невядомы

Брыгада маркунскіх будаўнікоў на ўзвядзенні калгаснага клуба ў Міхалішках. 

Справа налева: Іван Пазлевіч, Міхаіл Пазлевіч, Іван Мужыла, Франц Праўлуцкі, Іосіф Грахоўскі, Іосіф Кунігель, Уладзілаў Ярмак (брыгадзір), Іван Пазлевіч, крайні справа – невядомы



Рынак пасля таго перамясціўся на ўскраіну Міхалішак і доўга яшчэ быў вельмі папулярным у жыхароў раёна: сюды прыязджалі прадаваць і купляць парасят. Была ў яго адна невытлумачальная адметнасць: прадаўцы і пакупнікі збіраліся тут задоўга да світання, з дальніх вёсак выязджалі адразу пасля поўначы. Хто і як ні спрабаваў пераламіць гэтую завядзёнку – нічога не атрымлівалася. Пакуль рынак не знік сам па сабе – ра­зам з парасятамі на асабістых падвор’ях… Цяпер пра яго нагадвае толькі пустынная агароджаная тэрыторыя.

Школа

– Да 1939 года ў Міхалішках было тры школы: дзве яўрэйскія і польская, – расказвае Іосіф Раўдановіч. –  Пасля вайны ў будынку польскай школы адкрылі беларускую.

Першым дырэктарам яе быў Уладзімір Маслоўскі.

Іосіф Іосіфавіч успамінае, што і сам некалькі месяцаў хадзіў у старую драўляную школу. Першай настаўніцай яго была Любоў Карпаўна Жарыкава. 

Іосіф Раўдановіч каля будынка старой школы

Іосіф Раўдановіч каля будынка старой школы

Калі ў 1964 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу па тыповым праекце,  у старым будынку пэўны час дзейнічаў зубапратэзны кабінет. Частку памяшканняў прыстасавалі пад жыллё. А затым будынак знеслі, цяпер на гэтым месцы стаяць дамы вяскоўцаў.

Настаўнікі Міхалішкаўскай школы Злева направа. Першы рад: Ганарата Іванаўна Пешка, Альфрэда Станіславаўна Кляцоўская, Яніна Максімаўна Рынкевіч, Станіслава Генрыхаўна Корань, повар Вольга Пятроўна Салагуб, Людміла Францаўна Субаткевіч. У дргугім радзе: Святлана Аляксандраўна Зотава, Вера Паўлаўна Чыркова, двое невядомых, Ванда Станіславаўна Співак, Ала Паўлаўна Леўшын

Настаўнікі Міхалішкаўскай школы

(Злева направа.)

Першы рад: Ганарата Іванаўна Пешка, Альфрэда Станіславаўна Кляцоўская, Яніна Максімаўна Рынкевіч, Станіслава Генрыхаўна Корань, повар Вольга Пятроўна Салагуб, Людміла Францаўна Субаткевіч.

У дргугім радзе: Святлана Аляксандраўна Зотава, Вера Пятроўна Чыркова, двое невядомых, Ванда Станіславаўна Співак, Ала Паўлаўна Леўшын

Але і ў новай прасторнай школе было цесна: у кожнай паралелі было як мінімум два класы, у адзін збіралі міхалішкаўскіх дзяцей, у другі – тых, хто прыязджаў з навакольных вёсак. Арганізаванага падвозу, як сёння, не было, вучні ездзілі рэйсавымі аўтобусамі, якія часта ішлі перапоўненыя і не хацелі (а калі і не маглі) забіраць на прыпынках дзяцей. Таму неўзабаве пры школе пабудавалі дзіцячы садок – ён размясціўся на першым паверсе і інтэрнат – ён быў на другім. З позняй восені да ранняй вясны вучні жылі тут увесь тыдзень, прыязджаючы дахаты толькі на выхадныя. Так вучыўся і сённяшні дырэктар Міхалішкаўскай школы і яе выпускнік, ураджэнец Газы Віктар Казак.

Пяць дырэктараў Міхалішкаўскай школы (злева направа): Ігар Усціменка, Іван Свірыд, Віктар Казак, Эдуард Свірыд, Якаў Чыркоў

Пяць дырэктараў Міхалішкаўскай школы (злева направа): 

Ігар Усціменка, Іван Свірыд, Віктар Казак, Эдуард Свірыд, Якаў Чыркоў

Бальніца

– У гэтым вось будынку некалі была бальніца, тут я і з’явіўся на свет, – паказвае Іосіф Іосіфавіч. – Да вайны гэта быў маёнтак пана Завішы, а ў 1944 годзе ў ім адкрылі ўчастковую бальніцу.


На другі паверх вяла адмысловая лесвіца – драўляная, шырокая. Памятаю, я, малы, вельмі баяўся па ёй хадзіць… Дарэчы, за маёнткам, на беразе Віліі, пан Завіша пабудаваў жылы дом для сваіх слуг. Расказваюць, у гады вайны дом гэты служыў сігналам для партызан. Бераг тады быў чысты, гэта цяпер ён парос лесам. І стаяў на ўзгорку. І калі на акне дома з’яўлялася кветка, гэта было сігналам: у мястэчку немцы. 


– Амбулаторыя знаходзілася ў іншым доме, яго потым урачу Ларысе Мікалаеўне Часнойць аддалі, – працягвае расповед наш добраахвотны экскурсавод. 

Калі ў 1978 годзе здалі ў эксплуатацыю новую двухпавярховую бальніцу, дом пана Завішы перадалі пад жыллё медыцынскім работнікам.


Цяпер будынак пустуе.  


О, Вілія, жыцця майго  рака…

 Гэтак жа, як без касцёла, немагчыма ўявіць Міхалішкі без Віліі і доўгага шырокага маста праз раку. Мост праз Вілію знітоўваў По­лац­кі тракт, быў га­лоў­най артэрыяй, якая звяз­вала «давілейскую» і «за­ві­лейскую» зо­ны Аст­ра­веч­чыны. «За­ві­лей­с­кая», да слова, была і ў са­міх Міхалішках: Іосіф Раў­дановіч успамінае, як ма­ці выпраўляла яго ў так зва­ны маладзечанскі ма­га­зін, які знаходзіўся за мастом; на левым беразе ракі тро­хі зводдаль ад дарогі зна­ходзілася «млячарня» – сепаратнае аддзяленне, куды звозілі малако, і смалярня, дзе здабывалі шкі­пі­нар.

Будаўнікі ўмацоўваюць насып пад драўляным мастом (прыкладна 1937 год)

Будаўнікі ўмацоўваюць насып пад драўляным мастом (прыкладна 1937 год)

З Міхалішак у Вільнюс хадзіў прагулачны параход

З Міхалішак у Вільнюс хадзіў прагулачны параход

 З гадамі і рака, і мост мяняліся. 

 На даўнейшых здымках захаваўся яшчэ стары драўляны мост – ён знаходзіўся крыху бліжэй да касцёла.

Мост быў яшчэ і месцам адпачынку.

Мост быў яшчэ і месцам адпачынку.


Затым пабудавалі дыхтоўны бетонны – калі забівалі сваі для яго, з зямлі стаў біць моцны фантан, які доўга не маглі засыпаць.

 У 2000-х гадах мост перабудавалі – цяпер гэта сучасная транспартная артэрыя з пешаходнымі тратуарамі. 

 Калі мост з гадамі станавіўся больш магутным і прыгожым, то Вілія мялее і драбнее. Цяпер гэта далёка не тая хуткаплынная небяспечная рака, па якой некалі хадзілі турыстычныя судны да Вільні і па якой сплаўлялі лес. 

 – Цяпер раку ў некаторых месцах можна ўброд перайсці, – гаворыць мясцовы рыбак Станіслаў Бернюковіч. – Пяском заносіць, травой зарастае русла. І рыбы, калі перакрылі яе сеткай на мяжы з Літвой, амаль не засталося. А раней жа ад рыбакоў не было дзе прысесці на беразе. Адусюль прыязджалі: з Астраўца, са Смаргоні, з Ашмян, з Мінска. Няма таго, што раньш было…

 – Раней, – успамінае Іосіф Раўдановіч, – на Віліі было два пляжы: мужчынскі і жаночы. Так званы мужчынскі – на востраве, туды яшчэ трэба было мець сілы даплыць. Там зрабілі вышку, каб даваць нырца. А жаночы быў бліжэй да маста, на мелкаводдзі. І рыбы ў рэчцы хапала, а здаўшы дзве пустыя бутэлькі, купіш рыбалоўны наборчык за 20 капеек і за паўгадзіны столькі нацягаеш, што дахаты ледзь валачэш…

Мясцовыя жыхары рады, што сёлета адрадзілі любімае месца адпачынку вяскоўцаў на беразе Віліі і правялі тут свята вёскі. Некалі тут ладзілі ўсе летнія местачковыя імпрэзы. А фестываль «Зоры над Віліяй», калі тут у 1978 годзе сустракаліся байцы 16-й Смаленскай партызанскай брыгады, якія вызвалілі

Міхалішкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стаў падзеяй не толькі раённага, а рэспубліканскага маштабу і сабраў сотні людзей. 

Калгас імя Кірава

Міхалішкі заўсёды былі “шматпрофільным” мястэчкам: пасля вайны, як і да яе пачатку, тут дзейнічалі многія арганізацыі і ўстановы: школа, дзіцячы садок, бальніца, ветлячэбніца, смалакурня, сепаратарнае аддзяленне, сельскае спажыўтаварыства, шматлікія магазіны, пошта, лясніцтва, ашчадная каса, майстэрня камбіната бытавога абслугоўвання. З той толькі розніцай, што раней яны былі прыватныя, найчасцей – яўрэйскія, а цяпер сталі дзяржаўнымі.

Каля пасляваеннага магазіна: Алюня Чайкоўская, Іосіф Чайкоўскі, Надзея Байкун

Каля пасляваеннага магазіна: Алюня Чайкоўская, Іосіф Чайкоўскі, Надзея Байкун

Кравецкай справе мужчын і жанчын навучаў Марцін Лось (у цэнтры)

Кравецкай справе мужчын і жанчын навучаў Марцін Лось (у цэнтры)

І ўсё ж галоўным сярод іх заставаўся мясцовы калгас. Адметнасцю яго з’яўлялася тое, што ён заўсёды, да перайменавання ў СПК, а затым – у КСУП “Міхалішкі”, насіў імя Кірава: шматлікія рэарганізацыі і ўзбуйненні азначалі толькі, што да яго далучалі драбнейшыя гаспадаркі.

Пасляваенная піларама. Крайні справа Браніслаў Бразевіч, другі - Часлаў Штура

Пасляваенная піларама.

Крайні справа Браніслаў Бразевіч, другі - Часлаў Штура


Калгасная паляводчая брыгада. Ззаду ў цэнтры - брыгадзір Раймунд Чаховіч

Калгасная паляводчая брыгада.

Ззаду ў цэнтры - брыгадзір Раймунд Чаховіч

– Двухпавярховую калгасную кантору пабудавалі шмат пазней, -- расказвае Іосіф Раўдановіч. – Пасля вайны яна знаходзілася ў драўляным будынку, які стаяў на месцы сённяшняга сельвыканкама. 

Машына старшыні калгаса Франчанкі

Машына старшыні калгаса Франчанкі


Адразу за канторай, там, дзе цяпер пустка, і ажно да яўрэйскіх могілак размяшчаўся калгасны мехдвор. Хоць там было шмат гаспадарчых пабудоў, не толькі гаражы і механічныя майстэрні: памяшканне, дзе рабілі дранку – гэта быў асноўны матэрыял для пакрыцця даху, далей – кузня, піларама, млын, склады. І вялікі склеп, які застаўся, мусіць, ад яўрэйскіх пабудоў.

У калгасе імя Кірава пачынаў працоўную дзейнасць і сам Іосіф Раўдановіч: атрымаўшы вадзіцельскія правы ў аўташколе, быў вадзіцелем  грузавых “газонаў”, затым – аўтобуса…


Калгасная моладзь на камуністычным суботніку

Калгасная моладзь на камуністычным суботніку

З цягам часу Іосіф Раўдановіч пакінуў калгас і заняўся бізнесам: перабраўся ў Астравец, адкрыў некалькі магазінаў…

Сучасны будынак КСУП "Міхалішкі"

Сучасны будынак КСУП "Міхалішкі"

Цяпер ён адышоў ад камерцыйных спраў. І асноўнай справай, якой прысвячае час і на якую не шкадуе грошай, – збор матэрыялаў і дакументаў пра гісторыю роднага краю. Найперш – пра Міхалішкі, якія для яго назаўсёды застануцца самым дарагім месцам на зямлі.

– Хочацца, каб моладзь ведала, што тут было раней, як жылі нашы продкі, – так тлумачыць ён сваё не вельмі рацыянальнае з эканамічнай кропкі гледжання захапленне.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива Иосифа Равдановича