Моладзь Астравеччыны разважае пра тое, што нас аб’ядноўвае
16:00 / 17.09.2024
…БЕЛАРУСАЎ
Аксана Савіцкая, цэнтр культуры і народнай творчасці (30 гадоў):
Што аб’ядноўвае беларусаў? Адказ, здаецца, павінен быць вельмі простым, але ў гэтай прастаце і схавана асноўнае багацце кожнага беларуса.
У першую чаргу варта адзначыць маральныя якасці, якія на генетычным узроўні закладзены ў кожным беларусе: спагадлівасць, шчодрасць, талерантнасць, добразычлівасць.
Немагчыма знайсці такога земляка, які не будзе рады госцю на парозе сваёй хаты, які не будзе ветлівым гаспадаром. Як пісаў Пятрусь Броўка ў адным з маіх любімых вершаў «Калі ласка!»:
Не паспелі сесці пры сустрэчы,
Як патэльня засквірчэла ў печы.
<…>
Бульба, смажаніна і каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калі ласка!
Неабходна асобна адзначыць ключавую якасць кожнага беларуса – працавітасць. Спакон вякоў дадзеная жылка перадаецца з пакалення ў пакаленне. Няхай сучасная моладзь і імкнецца да гарадскога жыцця і не заўсёды ведае, што такое праца на зямлі, але кожны беларус з задавальненнем праводзіць свой адпачынак далёка ад горада. Каб папрацаваць фізічна і дзякуючы гэтаму адпачыць маральна. Зараз многія пакідаюць сабе бацькоўскія вясковыя хаткі, каб захаваць сямейную спадчыну, свае карані і мець маленькі куток для душэўнага і фізічнага адпачынку.
Я пераканана, што ва ўсім свеце не існуе такога беларуса, які не назаве хоць адну традыцыю сваёй сям’і ці хоць адну гістарычную каштоўнасць родных мясцовасці ці рэгіёну. Беларуская культура не мае межаў. Пра яе ведаюць і гавораць ва ўсіх куточках зямнога шара. Памяць, шанаванне і павага да гісторыі і культуры Беларусі – моманты, якія аб’ядноўваюць нас у адзіны магутны беларускі народ.
Кожны беларускі дворык – месца гістарычных падзей. Кожны яго жыхар – сведка, удзельнік і стваральнік беларускай гісторыі і культуры. Кожны беларус – дзіця бацькоўскай зямлі. Як вынік – усе мы пакідаем адзіны гістарычны і культурны след. Пакідаем галоўны дар сваёй краіне – народнае багатае адзінства.
…АСТРАЎЧАН
Дзяніс Юцкевіч, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі (23 гады):
Беларуская атамная электрастанцыя. Дзякуючы яе будаўніцтву з правінцыйнага гарадка Астравец стаў сталіцай энергетыкаў, з’явіліся новыя школы, спартыўныя аб’екты, гандлёвыя кропкі.
Вера. Мне здаецца, што ў астраўчан моцныя духоўныя традыцыі, якія засталіся ім у спадчыну ад дзядоў. У нас многія людзі ходзяць у касцёл і царкву, у тым ліку моладзь. Гэта здорава!
Спагадлівасць, дабрыня, чуласць. Гэтыя рысы характэрны не толькі для астраўчан, але і для ўсіх беларусаў. Людзей шмат, і яны, безумоўна, розныя, але кожны, як зорка, са сваім унутраным святлом. Важна толькі яго разгледзець.
Родны кут і спадчына. Астраўчане – не толькі гараджане, але жыхары нашага раёна. А ён без перабольшвання ўнікальны. Маляўнічая прырода, рэкі і азёры, гістарычныя помнікі прыроды – нам ёсць чым ганарыцца!
…МОЛАДЗЬ
Яўгеній Трафімчык, Міхалішкаўская СШ (16 гадоў):
– Першае – гэта падабенства інтарэсаў. У любым калектыве, у тым ліку ў класе, – гэта адзін з немалаважных фактараў для самарэалізацыі, развіцця і руху наперад усёй групы.
Другое – гэта агульная справа. Нічога так не згуртоўвае і не з’ядноўвае, калі людзі сумесна нешта робяць, гэта можа быць вырашэнне інтэлектуальнай задачы ці практычнай праблемы.
Асобна выдзелю спорт і здаровы лад жыцця. Дзякуючы лёгкай атлетыцы і спаборніцтвам у мяне з’явіліся добрыя знаёмыя ў розных гарадах Беларусі, больш таго – у кожнай вобласці. На бегавой дарожцы мы супернікі, а ў жыцці – сябры. (Усміхаецца.) Здаровая канкурэнцыя стымулюе развівацца і быць лепшым.
Да катэгорыі агульнай справы аднясу і алімпіядны рух, які назваў бы інтэлектуальным спортам. (Усміхаецца.) Гэты накірунак для мяне не новы, хоць у алімпіядзе па беларускай мове я з мінулага года, але неверагодна цікавы і пазнавальны ў першую чаргу не з-за прадмета, а з-за новых знаёмстваў. Летась атрымаў Дыплом ІІ ступені па беларускай мове. Летам усіх пераможцаў і прызёраў запрасілі ў аграгарадок Парэчча ў лагер «Навука», дзе сабраліся лепшыя школьнікі вобласці – інтэлектуальная эліта. Акрамя беларусаведаў, там былі біёлагі, гісторыкі, матэматыкі і фізікі. Два тыдні былі насычанымі не толькі на вучобу, мерапрыемствы і іншыя заняткі, але сумеснае баўленне часу. Разам мы думалі, пераадольвалі цяжкасці, перамагалі. Атрад нагадваў адзін жывы механізм, у якім былі больш важныя і другасныя дэтамі, але яго паспяховая работа залежала ад кожнага.
Моладзь адначасова аб’ядноўвае і раз’ядноўвае імкненне да перамогі. Мы ставім мэты і дасягаем іх, але тут важную ролю адыгрываюць працаздольнасць, планаванне і дысцыпліна.
Імкненне да самаразвіцця, здаровы эгаізм – гэта ўсё пра нас. (Усміхаецца.)
Увогуле моладзь – гэта самая прагрэсіўная частка грамадства, ініцыятыўная, актыўная, думаючая, але ў кожнага яе прадстаўніка ёсць сваё ўнікальнае аблічча.
…ВЯСКОЎЦАЎ
Аксана Масойць, КСУП «Гудагай» (22 гады):
У горадзе, на жаль, часта бывае, што людзі не ведаюць сваіх суседзяў не тое, што па доме, а па лесвічнай пляцоўцы. У вёсцы зусім іншая сітуацыя.
Лес – гэта ўвогуле асобная для мяне тэма. З маленства з татам мы хадзілі ў ягады, робім гэта і цяпер, праўда, збіраем больш грыбы. (Усміхаецца.)
Захаванне традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне – таксама адметная рыса вяскоўцаў. Хоць, канешне, з часам нешта страчваецца – але асноўнае застаецца. Дарэчы, не толькі ў нашай сям’і, але і ў многіх іншых святое – збірацца на вялікія ўрачыстасці разам.
Увогуле родная вёска Петраполь для мяне – усё. Хоць жыву і працую ў аграгарадку Малі, тым не менш, кожная сустрэча з маленькай радзімай – гэта глыток свежага паветра, успаміны пра басаногае дзяцінства, нарэшце, стасункі з блізкімі, не па тэлефоне, а ў рэале. Там усё такое роднае, знаёмае да дрэўца і сцежкі. Магчыма, тое ж адчуваюць і іншыя выхадцы з вёскі, а нас шмат. (Усміхаецца.)
А калі адкінуць усе сантыменты, то, канешне, шкада, што вёскі выміраюць. Урбанізацыя, павелічэнне гарадскога насельніцтва, імкненне моладзі да лепшага – рэаліі сучаснага жыцця, і іх трэба прымаць.
Думаю, варта захаваць самыя адметныя і станоўчыя якасці вяскоўцаў – нашых папярэднікаў: людскасць, любоў да прыроды, зямлі, жывёл, традыцыі, працалюбства, веру. Гэтыя рысы і надалей будуць яднаць беларусаў!
…ПРАЦОЎНЫ КАЛЕКТЫЎ
Вольга Юралевіч, дзіцячы сад №5 (23 гады):
У любым калектыве, у тым ліку нашым, шмат залежыць ад асобы кіраўніка. Нам у гэтым сэнсе пашчасціла. (Усміхаецца.)
Мы дружная каманда аднадумцаў. Упэўнена, што для кожнага з маіх калег, самае важнае – гэта ўзаемавыручка, падтрымка, разуменне, дапамога. А яшчэ – сумеснае баўленне часу. З многімі дзяўчатамі я не проста працую, а сябрую.
Важнае месца ў аб’яднанні калектыва адыгрывае прафсаюзная арганізацыя. Гэта экскурсіі, паездкі, паходы ў кіно… Яны вельмі згуртоўваюць.
Што тычыцца непасрэдна нашага дзіцячага садка, то, безумоўна, аб’ядноўваюць выхаванцы – нашы хлопчыкі і дзяўчынкі. Гарэзлівыя, часам смешныя – яны самыя цудоўныя ў свеце дзеці і ў іх можна павучыцца сапраўднаму сяброўству і непасрэднасці.
Залог здаровай атмасферы ў калектыве – узаемадапамога, узаемаразуменне і давер адзін да аднаго. Калі людзі аб’яднаны аднымі мэтамі, каштоўнасцямі, прынцыпамі ў рабоце, поспех абавязкова прыйдзе.