Да Дня работнікаў лесу расказваем пра грані якасці Астравецкага вопытнага лясгаса

12:00 / 15.09.2024
Як кляновы лісток нагадвае далонь, так лесагаспадарчая ўстанова раёна – пяціграннік. На працягу многіх гадоў лясгас не толькі захоўвае лепшыя традыцыі, але і ўкараняе перадавыя тэхналогіі, дбае не толькі пра вытворчасць і асваенне новых накірункаў работы, такіх як будаўніцтва сучасных  драўляных дамоў «пад ключ», але і па-ранейшаму клапоціцца пра аднаўленне лясоў...
Словам, гарманічна спалучае ў сваёй дзейнасці пяць граняў-арыенціраў, якія агучыў Аляксандр Лукашэнка, аб’яўляючы 2024-ты Годам якасці. 

ІНАВАЦЫЙНАСЦЬ

Дрэваапрацоўчы цэх, калі не браць у разлік такога гіганта, як Беларуская атамная электрастанцыя, смела можна лічыць адным з прамысловых флагманаў Астравеччыны.

Створанае на базе былога беларуска-польскага прадпрыемства яно развіваецца сямімільнымі крокамі: абнаўляецца лесапільнае абсталяванне і лінейка выпускаемай прадукцыі, укараняюцца новыя камп’ютарныя тэхналогіі. І нават з сітуацыі санкцыйнага ціску цэх і яго каманда знайшлі выгаднае для сябе выйсце.

Начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч:

– Перш чым перайсці да інавацый, зраблю невялікі экскурс у гісторыю развіцця нашага аб’екта. Першапачаткова тут было арганізавана круглае, рамнае пілаванне і вытворчасць ацыліндраваных вырабаў. У 2007 годзе пачала працаваць сушыльная гаспадарка і лінія «Лармет». З 10 гадоў назад набылі стужкапілавальны станок, пазней яшчэ адну лінію «Лармет». У 2019 годзе запусцілі лінію сарціроўкі драўніны, што дазволіла павысіць эфектыўнасць работы цэха, павялічыць выхад гатовых піламатэрыялаў і зменшыць колькасць браку. Здавалася, працуй у сваё задавальненне і нарошчвай аб’ёмы… Але не тут было! Пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да нашай краіны давялося цалкам «абнуляцца» і пераарыентавацца з еўрапейскага на ўсходні рынак – у асноўным гэта Кітай і іншыя азіяцкія краіны. 

Калі раней мы ўхіл рабілі  на вытворчасць абразных піламатэрыялаў рознай кандыцыі, то са змяненнем сітуацыі давялося шмат увагі надаваць сушыльнаму працэсу.

Ва ўсіх лясгасах, у тым ліку і нашым, узнікалі праблемы менавіта з тым, як граматна высушыць драўніну. У камеру загружаецца дастаткова вялікі аб’ём дошкі, а на выхадзе атрымліваецца вялікая разбежка па вільготнасці. Патрэбна было выйсці на вузкі дыяпазон па гэтым паказчыку. Мы кансультаваліся са спецыялістамі-тэхнолагамі іншых лясгасаў. Наш майстар Аляксандр
Субач стаў працаваць над вырашэннем праблемы, агульнымі намаганнямі справіліся.  Паспяховае адольванне перашкоды дазволіла зрабіць значны скачок у развіцці. 


Акрамя гэтага, мы налаўчыліся мераць вільготнасць дошкі незалежна ад яе таўшчыні – не толькі паверхневыя слаі, але і глубінныя. Каб вы разумелі, спецыяльныя прыборы не зусім спраўляюцца з гэтай задачай. 

Стараемся не спыняцца на дасягнутым і па меры неабходнасці і магчымасцей набываць патрэбнае абсталяванне. З апошніх «абновак» – гэта станок лёжказарэзны «Тубарт-2.0», які мы набылі ў Расіі. З яго дапамогай можна рабіць вуглавыя злучэнні для бруса. Таксама набылі з падтрымкай Мінлясгаса стругальны чатырохстаронні станок – дастаткова сур’ёзны і нятанны агрэгат – для вырабу профільных элементаў. Акрамя гэтага, з’явіліся тарцовачная піла і свідравальны станок. 

Адно з ноўхаў, якім можа пахваліцца наш цэх, – гэта вытворчасць зрубаў з прафіляванага бруса, прычым як разнастайных дробных архітэктурных форм, так і паўнавартаснага жылля, што называецца, пад ключ. Такі накірунак мы асвоілі адны з першых у Беларусі. 

Што ўяўляе з сябе такі дом? Па-першае, гэта цалкам драўляная двухслойная канструкцыя з габляванымі сценамі. Такі зруб не «ўсядае», мае высокае энергазберажэнне, а таўшчыня сцен супаставіма з цаглянымі. Зазначу, што дэталі будучага дома робім з сухой драўніны. Усе элементы пранумараваны: пасля зборкі канструкцыі лічбы не будуць бачны. 

З улікам таго, што ў нас ёсць патрэбны матэрыял, на выраб аднаго домакамплекта ў сярэднім трацім 2 тыдні. Уявіце сабе: для таго, каб перавезці ўсе дэталі такога зрубу, патрэбны дзве фуры. Гэта абумоўлена тым, што акрамя сцен, мы яшчэ робім падлогу і дах без пакрыцця. 

Распрацаваны тыповыя праекты дамоў плошчай 60 і 100 квадратных метраў. Зазначу, што мы гатовы ісці насустрач нашым кліентам – і працаваць па індывідуальных заказах. Тым больш усё неабходнае для гэтага ў нас ёсць. Асаблівы гонар – спецыяльная камп’ютарная праграма. Інжынеру па цэнтралізацыі і метралогіі Аляксандру Назараву пад яе набылі ноўтбук. Яна дазваляе любую задумку чалавека апрацаваць і вывесці гатовыя чарцяжы для далейшай работы на станку. 

Раней мы карысталіся паслугамі праектантаў, але гэта было не вельмі зручна, дастаткова дорага, здараліся хібы. Любую недакладнасць нават у міліметр выпраўлялі з дапамогай лінейкі і алоўка прама ў цэху. Праграма значна спрашчае работу, эканоміць час і мінімізуе колькасць выпадковых памылак. Цяпер мы дапамагаем іншым лясгасам, і не толькі кансультацыямі.

Напрыклад, Уздзенскаму лясгасу запускалі гэтую праграму і наладжвалі абсталяванне для першаснага выпуску элементаў дома. 

Наколькі ведаю, з лясгасаў нашага Гродзенскага вытворчага аб’яднання гэтай праграмай карыстаемся толькі мы і калегі з Навагрудчыны.

Думаю, што ў хуткім часе яе асвояць і астатнія, а драўляныя зрубы стануць брэндам нашай галіны.

ТЭХНАЛАГІЧНАСЦЬ

У параўнанні з іншымі падраздзяленнямі лесапункт самы малады. Ільвіная доля драўніны  на Астравеччыне нарыхтоўваецца менавіта тут. Аказваецца сучасныя лесанарыхтоўчыя комплексы замяняюць работу 8-10 чалавек! 

Начальнік лесапункта Руслан Герман:

– Наша структурнае падраздзяленне, створанае напачатку 2015 года, займаецца лесанарыхтоўкай. У штаце без малога 40 чалавек, у тым ліку 7 вальшчыкаў лесу. Але большасць драўніны здабываецца механізавана, за год гэта каля 110 тысяч кубаметраў. Лесапункт выкарыстоўвае ў рабоце айчынныя і імпартныя шматаперацыйныя машыны: 4 харвэстары і 5 фарвардараў. 

Неаспрэчная перавага сучаснай тэхнікі ў тым, што пры механізацыі працэсу работа на дзялянках стала  менш траўманебяспечнай і ў параўнанні з ручной працай, у сотні разоў вырасла яе прадукцыйнасць. Так,  харвэстары, аснашчаны спецыяльнай камп’ютарнай сістэмай, якая дакладна і без хібаў вызначае памер, асартымент, колькасць драўніны. А фарвадар выконвае яе дасарціроўку, збор, пагрузку лесаматэрыялаў і транспарціроўку на прамежкавыя склады.

Самая актуальная тэма для лясной гаспадаркі краіны апошняга часу – ліквідацыя наступстваў стыхіі, якая моцна пашкодзіла лясы на Гомельшчыне. Камандная работа ў гэтых рэаліях іграе ключавую ролю. Справіцца самастойна з ліквідацыяй бураломаў, улічваючы аб’ёмы пашкоджанага лесу, лясгасам не пад сілу. У сітуацыі, якая склалася, варта як мага хучэй распрацаваць іх, вывезці драўніну, каб на вызваленых участках пасадзіць новы лес. Таму ўсе сілы нашай галіны кінуты на дапамогу калегам з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Не першы месяц на лесасеках у Калінкавіцкім і Мазырскім лясгасах працуюць нашы людзі і тэхніка – агулам 13 чалавек і 7  шматаперацыйных машын, – прычым пазменна на працягу сутак. Астраўчане ўжо нарыхтавалі звыш 15-ці тысяч кубаметраў драўніны.

Наколькі ведаю, на распрацоўцы бураломаў на Гомельшчыне задзейнічана 64 лясгасы Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. І такая салідарнасць, узае­мадапамога і выручка дарагога каштуюць і сведчаць, што лясное брацтва існуе не на словах, а на справе. 

ЭСТЭТЫЧНАСЦЬ

Атрымаць асалоду ад сузірання хуткаплыннай Віліі, якая, здаецца, падступае да самых ног, адпачыць на ўлонні першазданнай прыроды ў «Панскай сядзібе», убачыць зблізку высакародных аленяў, цыбатых ланяў і прыземістых заморскіх муфлонаў, прайсціся шляхам Альбекаў – гэта і не толькі прапаноўвае лясгас.

Інжынер па паляўнічай гаспадарцы Віктар Урбановіч:

– Паляўнічая гаспадарка Астравецкага вопытнага лясгаса лічыцца адной з перадавых не толькі на Гродзеншчыне, але і ў рэспубліцы. Яна закладвалася напачатку 70-х гадоў і набыла папулярнасць не толькі ў айчынных і замежных паляўнічых, але і ў турыстаў, дзякуючы многім прагрэсіўным навінкам і прапановам. 

Кампактнасцю, прыгажосцю пейзажаў вылучаецца паляўнічы комплекс «Панская сядзіба». Ён створаны на месцы былога панскага двара роду Блажэвічаў і размяшчаецца на мяжы двух вёсак – Задворнікаў і Дравянікаў.

Драўляны двухпавярховы дом узвышаецца над незвычайным ландшафтам, дзе ўсё прадумана да дробязяў для камфортнага і спакойнага адпачынку гасцей. 

Упрыгожваюць сядзібу два адноўленыя штучныя вадаёмы, векавыя дрэвы і незвычайныя драўляныя скульптуры, створаныя лепшымі разьбярамі Беларусі на пленэрах у гэтым маляўнічым куточку Астравеччыны. 

Ахвочыя могуць папарыцца ў лазні ці патрэніраваць руку і вока ў ціры па «бягучым кабане» і «лятаючых талерках». У сядзібе ёсць  уся неабходная бытавая і іншая тэхніка і абсталяванне.

Знутры яна аздоб­лена трафеямі, скурамі жывёл і карцінамі на паляўнічую тэматыку. 

Аматары актыўнага адпачынку могуць скарыстацца экалагічным турам і прайсціся па сцяжыне «У Альбекаў». Асаблівую цікаваць для турыстаў прадстаўляе насыпны курган, які, калі верыць леген­дзе, хавае скарб Напалеона. 

Даведацца пра разнастайнасць дэкаратыўных дрэў і кустоў можна, зазірнуўшы ў дэндрапарк, які знаходзіцца літаральна за агаро­джай сядзібы. Гэты ўнікальны аб’ект работнікі лясгаса заклалі ў гонар былога першага ляснічага Астравецкага лясніцтва, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера двух ордэнаў Славы, заслужанага лесавода БССР Мікалая Пятровіча Кажамякіна. На трох гектарах гарманічна суіснуюць звыш 1 200 раслін амаль 60-ці відаў. Акрамя звыклых для нас туй і ядлаўцоў, тут можна адшукаць рэдкія арэх маньчжурскі, ціс, «сібірку» і кедр. 

У кіламетры ад «Панскай сядзібы» на 220 гектарах раскінулася вальерная гаспадарка. Наш лясгас адзін з першых у Беларусі стаў развіваць гэты накірунак і, як паказала практыка, паспяхова. Акрамя плямістых аленяў, мы вырошчваем і высакародных, якіх завезлі з Белавежскай пушчы для  стварэння новай папуляцыі. У той час у раёне налічвалася мала прадстаўнікоў гэтага каштоўнага віду. Праз некаторы час 30 высакародных аленяў мы выпусцілі ў натуральнае асяроддзе, і цяпер можна сустрэць іх памножаныя статкі ў нашых лясах. 

Крыху больш за 10 гадоў назад новымі жыхарамі вальераў сталі муфлоны. У гэтым сэнсе наш лясгас стаў першым сярод лесагас­падарчых устаноў краіны, дзе пачалі разводзіць гэты від горных баранаў. 

Дарэчы, у спецыяльным назіральным вальеры можна пакарміць з рук ланяў. 

Для тых, хто стаміўся ад горада і вірлівага тлуму, ідэальным месцам адпачынку і еднасці з прыродай стане паляўнічы комплекс «На Віліі» ў Быстрыцы, які  размешчаны на беразе аднайменнай ракі.

ЭКАЛАГІЧНАСЦЬ

Упэўнена, што не толькі ў многіх астраўчан, але і ў беларусаў у цэлым на генетычным узроўні закладзены любоў да прыроды і лесу. Трапіўшы ў бярозавы гай ці сасновы бор, дзе немагчыма надыхацца свежым гаючым паветрам, прыходзіць дакладнае ўсведамленне, чаму нашы лясы называюць лёгкімі Еўропы…

Інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Анастасія Кандратовіч:

– На працягу многіх гадоў галоўная задача лесавода застаецца нязменнай – гэта лесааднаўленне. Па вялікім рахунку, пры правільным падыходзе лесакарыстанне можа быць бясконцым, асноўнае – штогод і ў патрэбнай колькасці памнажаць зялёнае багацце нашай краіны і раёна. 

Калыскай лесу смела можна лічыць наш гадавальнік, які за непрацяглую гісторыю свайго існавання (нагадаю, у сувязі з павелічэннем Астраўца яго перанеслі за межы горада і заклалі з нуля) некалькі разоў атрымліваў статус узорнага. 

Лесагадавальнік, як і сам горад, за гэты час разросся і папрыгажэў: на 12-ці гектарах раскінуліся пасяўное, школьнае аддзяленні, школкі для вырошчвання драўнінна-хмызняковых парод, матачнікі, цяпліцы, халадзільныя камеры для захоўвання пасадачнага матэрыялу, кропельны паліў… Усё гэта памножанае на старанне работнікаў дае свой плён: сеянцаў і саджанцаў хапае не толькі пад уласныя патрэбы, але і на рэалізацыю іншым лясгасам краіны і ў Расійскую Федэрацыю.


Сёлета сеянцы і саджанцы пасадзілі на плошчы 262,6 гектара. У асноўным гэта елкі, сосны і бярозы. Штосьці вырошчвалася ў цяпліцах, а штосьці – у адкрытым грунце.

У наступным годзе плануем пасадзіць 300 гектараў лесу, таму што высечак суцэльных і санітарных сёлета больш. Дарэчы, каля 8,4 гектара зроб­лена механізавана – праўда, для работы машыны патрэбны спецыфічныя ўчасткі, без пнёў. Таму ў нашай справе па-ранейшаму не абысціся без чалавека і, канешне ж, незаменнага мяча Колесава…

Будучае дрэва мала правільна прыкапаць у глебу, за ім яшчэ, як і за дзіцем, трэба старанна даглядаць. Асвятленні, праполкі, дапаўненні – далёка не ўвесь пералік неабходнага, каб дрэўцы ўкараняліся, набіраліся сіл і раслі. Толькі пасля 7-гадовага ўзросту пасадкі пры спрыяльнай сітуацыі пераво­дзяцца ў пакрытую лесам плошчу. Для гэтага праводзіцца інвентарызацыя. 

Прыжываемасць залежыць не толькі ад самога сеянца-саджанца, але і надвор’я, і нават таго, хто яго садзіў. 

Радуе, што кожны год працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні і школьнікі дапамагаюць нам у аднаўленні лясоў. Думаецца, што многія неаднойчы бралі ўдзел у добраахвотных акцыях «Тыдзень лесу», «Адновім лясы разам» і зробяць гэта яшчэ неаднойчы.

Асабліва радуюся, калі старшакласнікі адказна ставяцца да задачы і гэтак жа старанна, як і дарослыя, працуюць на дзялянцы. Праз дзясятак гадоў яны з гонарам змогуць сказаць: «Гэта лес, пасаджаны маімі рукамі!»

БЯСПЕКА

Лес трэба не толькі вырасціць, але зберагчы ад пажараў і шкоднікаў. Першыя, па статыстыцы і як паказвае жыццё, часцей за ўсё ўзнікаюць па віне чалавека… Канулі ў лету тыя часы, калі на спецыяльных пажарных вышках варту неслі людзі. Цяпер на ўзбраенні лесапажарных дружын сучасныя тэхніка, абсталяванне і камп’ютарныя праграмы.

Начальнік лесагаспадарчага аддзела Юрый Касцюкевіч:


– З ранняй вясны і да позняй восені лясная пажарная ахова пераходзіць у рэжым актыўнага дзяжурства: папярэдзіць, свое­часова выявіць і патушыць узгаранне ў лесе – адна з галоўных задач работнікаў нашай галіны ў гэты перыяд. 

З 2021 года лясгас аб’яднаў у дыстанцыйную сістэму па выяўленні і прадухіленні  пажараў «Лесной страж» чатыры вышкі з камерамі ў Астраўцы, Валэйкішках, Гервятах і Белай Вадзе. Яны на 100% ахопліваюць лясны фонд раёна. Акрамя гэтага, мы можам назіраць за камерамі ў Ашмянах, Жодзішках і Лынтупах, каб можна было адсачыць перасячэнне з двух аб’ектаў і больш дакладна вызначыць месца патэнцыйнага ўзгарання. У аўтаматычным рэжыме гэтая праграма выяўляе ачагі і задымленне: фатаграфуе месца і адлюстроўвае анлайн яго прыблізныя каардынаты. Сігнал імгненна паступае на адзіны пульт, а  аператар разбіраецца ў сітуацыі – гэта дазваляе ў самыя сціснутыя тэрміны выявіць узгаранне ў лесе і патушыць яго. За сістэмай «Лесной страж» назіраюць ва ўсіх лясніцтвах, у лясгасе для гэтых мэт ёсць спецыяльны дзяжурны. Пры патрэбе нашы лесапажарныя брыгады, якія створаны ва ўсіх 9-ці лясніцтвах, выязджаюць у так званую разведку. 

Таксама патэнцыйныя ўзгаранні адсочваюцца з дапамогай спадарожнікаў: на інтэрнэт-карце фіксуюцца цеплавыя анамаліі. 

Для барацьбы з вогненнай стыхіяй ёсць 3 пажарныя аўтамабілі, гусенічны ўсюдыход і іншы неабходны інвентар. 


Хоць і надвор’е сёлета ўстойліва спякотнае і дастаткова сухое, у лясным фон­дзе не зафіксавана ніводнага ўзгарання. Значыць, прымаюцца дзейсныя меры па ахове лесу ад пажараў. Радуе, што і насельніцтва адэкватна і сумленна ставіцца да абмежаванняў ці забарон на наведванне лесу і прытрымліваецца іх. 

Дарэчы, пра гэта, а таксама пра клас пажарнай небяспекі можна даведацца з дапамогай інтэрактыўнай карты, якая размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. 

Для выяўлення парушальнікаў выкарыстоўваем так званыя фотапасткі (па дзве ў кожным лясніцтве і яшчэ такая ж колькасць ёсць у інжынера па ахове і абароне лесу), патрулюем фонд.

Для лепшай каардынацыі работы па ліквідацыі лясных пажараў у мінулым годзе ўкаранілі кароткахвалёвую радыё­сувязь. Новая сістэма дазваляе быць на сувязі ў самых зацішных куточках, дзе не цягнуць мабільныя тэлефоны. Ды і калі аператыўна трэба разварочваць пажарныя рукавы, карыстацца ранцамі, лапатамі, радыёстанцыі куды больш зручныя. 

Аднак, асабліва ў апошнія гады, лесу пагражае не толькі агонь, але і шкоднікі-насякомыя, хваробы і іншае. Самая актуальная для цяперашняга часу небяспека – гэта пашкоджанне ельнікаў караедам-тыпографам. На жаль, у нас таксама выяўлена некалькі ўчасткаў з лакалізацыяй гэтых шкоднікаў. Зазначу, што адзіная і самая эфектыўная барацьба з імі – гэта высечка пашкоджаных дрэў у максімальна кароткія тэрміны і вываз драўніны. Для адсочвання сітуацыі з караедам на пацярпелых тэрыторыях на месцах высечкі ўстанаўліваем ферамонныя пасткі і кожныя 10 дзён правяраем колькасць насякомых, якія туды трапілі…Словам, абараняем і ахоўваем лес. 

…Пяць асноўных граняў-арыенціраў работы Астравецкага вопытнага лясгаса служаць красамоўным падмацаваннем таго, што людзі тут працуюць якасна не толькі ў Год якасці. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива лесхоза