Каким был островецкий смолзавод, вспоминают Иосиф Гавановский и Бронислав Видуто

11:00 / 07.09.2024

Прапануем чытачам пазнаёміцца з Астраўцом сярэдзіны мінулага стагоддзя, «зазірнуўшы» на смалакурню, якая знаходзілася на цэнтральнай вуліцы – Ленінскай. Правядуць завочную экскурсію астраўчане Браніслаў Іосіфавіч Відута і Іосіф Станіслававіч Гаваноўскі.  

Па словах астраўчаніна Іосіфа Гаваноўскага і жыхара аг. Малі Браніслава Відуты смалакурня, ці як яе назвалі – смолзавод, знаходзілася прыкладна на тэрыторыі сённяшняй пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1.

Іосіф Гаваноўскі

Відута прыйшоў зборшчыкам смалы ў 1970-х, а Гаваноўскі працаваў шафёрам у 1950-х. 

– Я вазіў дырэктара смалакурні  Палуніна, – расказвае Іосіф Станіслававіч. – У Астраўцы стаяла невялікая канторка хімлясгаса. Калі не памыляюся, Люба Ковель там працавала бухгалтарам і касірам. Акрамя канторскіх былі ў штаце падрыўнікі, смалакуры, падсочнікі, шафёры, вартаўнікі. Галаўная кантора знаходзілася ў Вілейцы. На тэрыторыі смолзавода меўся і невялікі прадуктовы магазінчык, а побач стаялі дамы для працаўнікоў, у адным з іх жыў і Палунін. 

Нарыхтоўвалі сыравіну падрыўнікі з дапамогай аманіту: узрыўчатку закладвалі пад сасновы пень, працягвалі кнот і падпальвалі – карчы, кажуць мужчыны, выскоквалі з зямлі, бы коркі. Для захоўвання ўзрыўчаткі меўся асобны склад, які ахоўвалі сабакі.

Па ўспамінах Браніслава Відуты, асноўную частку завода займала пляцоўка для карчоў, куды іх звозілі і распілоўвалі. 

Браніслаў Відута

Галоўны працэс – смалакурэнне – адбываўся ў абкладзеным цэглай вялікім, метры ў 3 вышынёй, жалезным катле з адведзенай убок трубой, па якой з бочкі выцякала «варыва». 

– Загружалі карчы ў бочку зверху – насілі іх па лесвіцы. Пад катлом гарэла вогнішча. Дні 3-4 адну партыю «варылі», – прыгадвае Гаваноўскі. – На смалакурні рабілі шкіпінар, дзёгаць, паташ, смалу. Вугаль, які заставаўся пасля курэння, забіралі кавалі на кузню.
Здабывалі смалу і з дапамогай падсочкі – такая называлася жывіцай. 

Жывіца

– У падсочку прыходзіў двойчы: у пачатку 1970-х крыху парабіў (тады мы былі працаўнікамі смалакурні) і ў 1990-х вярнуўся (смолзавод ужо быў даўно ліквідаваны, а падсочнікі «перайшлі» ў падпарадкаванне лясгаса), – расказвае Браніслаў Іосіфавіч. – Калі ўладкоўваўся на работу, будучай прафесіі ўжо быў навучаны: брат там працаваў, а я яму дапамагаў смалу выбіраць з «кубачкаў» – нялёгка.

Падсочнікі

– Кожнаму зборшчыку быў вызначаны квадрат – участкі для падсочкі выдзяляў лясгас. На аднаго выходзіла дзесьці 4-5 тысяч дрэў. Такога паняцця, як рабочы час, у нас не было – у тваіх жа інтарэсах сабраць як мага больш, каб капейку зарабіць. Летам мы атрымлівалі добра – вядома, той, хто хацеў, то стараўся, – працягвае мужчына. – Зімой слаба плацілі: мы займаліся акорваннем сосен, рыхтуючы іх да будучай падсочкі. Для гэтага мелі спецыяльныя прылады – рэзчыкі, з дапамогай якіх здымалі кару.

Рэзчык

Сезон падсочкі пачынаўся з красавіка і доўжыўся да першых прымаразкаў – звычайна да кастрычніка. Тады зборшчыкі пераходзілі да акорвання – рыхтавалі дрэвы да наступнага сезону смалазбору.

– На падсочанае дрэва прычаплялі конусную ёмістасць – каля месяца трэба было чакаць, каб нацякла поўная. Сасна сасне – розніца: з якой і 2 стаканчыкі збярэш, а з іншай, хоць і дрэва добрае, – ледзь палова конуса атрымаецца. А да ценькіх ствалоў нават не браліся – якая там смала! – дзеліцца былы падсочнік. – Смалу са стаканчыкаў сабіралі ў 200-літровыя бочкі, якія адвозілі на базу ў Вілейку, а адтуль ужо адпраўлялі на заводы. Ведаю дакладна, што ў Барысаў здавалі жывіцу. З яе рабілі шкіпінар і медыцынскі, і для фарбы, каніфоль…

Стаканчык

Са знікненнем смалакурні работа зборшчыкаў заставалася яшчэ працяглы час запатрабаванай. Адно адрозненне: сабраную жывіцу цяпер вазілі ў астравецкі лясгас.

Текст: Рита Дремо
Фото: Рыта Дрэма, з архіва Б. Відуты