Развітальным акордам з летам у чарадзе святкаванняў дзён вёскі стала ўрачыстасць у Варнянах

08:45 / 05.09.2024


Святам вёскі скончыўся шэраг урачыстасцей, якія на працягу лета радавалі жыхароў розных населеных пунктаў Астравеччыны доўгачаканымі сустрэчамі, звонкімі песнямі і разнастайнымі забаўкамі.

Свята вёскі ў аграгарадку Варняны супала з сімвалічнымі “Дажынкамі” мясцовай гаспадаркі. На ўрачыстасці адзначылі не толькі працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, але і работнікаў іншых сфер, якія сваёй галіне прысвяцілі не адзін дзясятак гадоў.

З прывітальнымі словамі да землякоў звярнуліся старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч і пробашч мясцовай парафіі Віктар Захарэўскі.

Па традыцыі адзначылі самага старэйшага жыхара аграгарадка Марыю Эдвардаўну Кавалеўскую, якая, на жаль, не змагла завітаць на свята, і самага малодшага – Аміну Недалтоўскую, якая нарадзілася ў маі.

А таксама падвялі вынікі жніва, назвалі пераможцаў і прызёраў працоўнага спаборніцтва. Першае месца сярод камбайнераў заняўлі Уладзіслаў і Казімір Млынкоўскія, якія, дарэчы, сёлета другія на Астравеччыне намалацілі тысячу тон збожжа. На другой прыступцы размясціўся Раман Мураўскі, на трэцяй – Аляксандр Міхайлоўскі і Уладзімір Радзевіч. Сярод вадзіцеляў перамогу святкаваў Эдуард Дзенюш, крыху яму саступіў Аляксандр Кіндзер, тройку лепшых шафёраў замкнуў Уладзімір Грынцэвіч.



Каб хлеб дайшоў да нашых сталоў, кожнае зярнятка трэба старанна высушыць і дапрацаваць. Гэтым падчас уборкі старанна займаліся аператары зернесушыльнай устаноўкі Часлаў Кіндзер, Іван Калпак, Іван Янкойць і Віталь Казлоўскі.

З вясны да восені ў цені хлебаробаў звычайна застаюцца жывёлаводы. На ўрачыстасці гэта выправілі – і запрасілі на сцэну загадчыка МТК “Варняны” Іну Кузміцкую, аператараў машыннага даення МТФ “Карвэлі” Валянціну Калпак і МТФ “Варона” Галіну Вашкевіч, жывёлаводаў МТК “Беразоўка” Алега Цэйку і фермы “Быстрыца” Дзяніса Іванцэвіча. Лепшым работнікам раслінаводства і жывёлагадоўлі падарункі ўручыў дырэктар КСУП “Варняны” Андрэй Стаповіч.

Не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў лясной галіне, адукацыі, сферы аховы здароўя працуюць шмат адданых сваёй справе варнянцаў.


Так, Яніна Навашынская 34 гады была бухгалтарам у Варнянскім лясніцтве. Звыш 40 гадоў любоў да роднай мовы і літаратуры дзецям прывівае Валянціна Боўша. Фаіна Юкша з 25 гадоў работы ў школе 8 прысвяціла дзецям – яна памочнік выхавацеля, больш таго – ганаровы донар. З 1992 года ў школе і Алена Рогач. А ўсім калектывам тэхработнікаў установы нязменна кіруе Ніна Юркойць.

Варнянская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі – яскравы прыклад сплаву маладосці і вопыту. Усё свядомае жыццё ў медыцынскай установе працуюць Галіна Фурс, Ніна Мацкела і Марыя Недалтоўская.

Галоўным арганізатарам свята стала раённая бібліятэка і яе філіял у Варнянах, таму адзначылі і лепшага чытача. Ім стала Люся Міхна, якая вядзе дзённік прачытаных кніг з 2007 года. За гэты час жанчына прачытала 673 асобнікі!

Музычныя нумары ў выкананні аднавяскоўцаў і лепшых артыстаў раёна, падарункі ад спонсараў, у якасці якіх выступілі многія мясцовыя прадпрымальнікі, аздобілі свята Варнян. 


Фота Таццяны ЯНУЛЬ.


Текст: Алёна Ганулич