Островец глазами жителей: жить здесь в кайф!
Георгій Труханаў, астраўчанін з 10-гадовым «стажам», прыехаў у Астравец у 2014-м – спецыялістам на БелАЭС. Можна сказаць, атрымалася неспадзявана: пасля заканчэння ўніверсітэта планаваў іншае месца работы, але не склалася. І, упэўнены мужчына, да лепшага.
– Уладкаваўся на атамную станцыю адным з «першых» – 227-м! І пра гэта мне кожны дзень нагадвае пропуск, – смяецца Георгій. – Прайшло ўжо 10 гадоў, а я памятаю, як мы з вуліцы Усходняй хадзілі ў адзіны тады вялікі магазін «Гермес» – не так далёка, але і не блізка. Жылі спачатку ў трохпакаёўцы-інтэрнаце ў першым мікрараёне, дзе «прадуктаў» не было. Ды і кропак з іншымі таварамі таксама.
Чакаў, што Астравец будзе большым, чым аказалася: невялікі, ціхі пасёлак. Але аднёсся да гэтага спакойна: сам з Печаў, гэта своеасаблівы раён Барысава, там таксама дамы-аднапавярхоўкі, падобныя да астравецкіх вуліцы…
Адзінае, што было дзіўна: у барысаўскіх магазінах было самаабслугоўванне, а ў тутэйшых – стаіш і чакаеш, пакуль прадавец сходзіць за адным таварам, потым за другім… І пакупнікоў – натоўпы, у асноўным з прыезджых.
Але гэта ўсё было другасным: я прыехаў працаваць, таму бытавыя моманты не хвалявалі. Размеркавалі мяне ў Астравец разам з аднагрупніцай – мабыць, каб весялей было. (Смяецца.)
Па першым часе, прызнаюся, падумваў змяніць месца жыхарства, калі прапануюць іншае месца работы. А потым сюды прыехала жонка, уладкавалася ў ЦРКБ – яна ўрач лабараторнай дыягностыкі, – вырашылі застацца. І нікуды ўжо не паедзем: нам тут добра.
Калі пажаніліся, пераехалі ў арэндную кватэру ў другім мікрараёне. Гэтая частка горада падабалася заўсёды, а цяпер люблю яе больш за ўсё. Тут проста цудоўна! Прыгожа разрасліся кусты і дрэвы – вуліцы азеляніліся. І ўсё пад рукой: гандлёвы дом з рознымі магазінамі, месцы адпачынку, більярд і спарткомплекс…
Тры гады таму – з нараджэннем сына – атрымалі «двушку» ў трэцім мікрараёне. Таксама прыгожы раён, ён яшчэ расце, будуецца.
Дарэчы, сёння Астравец – ціхі і ўтульны горад з дагледжанымі дамамі і адміністрацыйнымі будынкамі, дзіцячымі садамі і пляцоўкамі ў дварах, школамі, гандлёвымі аб’ектамі, месцамі для адпачынку, чыстымі і шырокімі вуліцамі. Адным словам, жыць тут у кайф!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.