Пайшла з жыцця ветэран журналістыкі Таіса Сямёнаўна. Развітанне адбудзецца 16 жніўня.

11:22 / 15.08.2024




15 жніўня на 71-м годзе жыцця пайшла з жыцця былы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Астравецкая праўда”, таленавіты журналіст, добры, светлы і адкрыты чалавек Таіса Сямёнаўна Сямёнава (Бушык).

Таіса Сямёнаўна нарадзілася 16 мая 1954 года ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці. Яшчэ ў дзяцінстве яна вырашыла стаць журналісткай і мэтанакіравана ішла да ажыццяўлення сваёй мары: школьніцай пісала заметкі ў зэльвенскую і ваўкавыскую раённыя газеты, займалася ў школе рабселькораў. Нягледзячы на першыя няўдачы,  настойліва штурмавала факультэт журналістыкі – і з трэцяга разу ён скарыўся перад таленавітай дзяўчынай.

Таіса Бушык працавала ў рэдакцыях воранаўскай і лідскай раённай газет, у “раёнках” Шальчынінкая у Літве і Шосткі ва Украіне.

У 1988 годзе яе накіравалі на работу ў Астравец намеснікам рэдактара газеты “Астравецкая праўда”.

З таго часу і да апошняга дня жыцця Таіса Сямёнаўна – астраўчанка. Наш горад стаў родным для яе, а яна – добрым сябрам і мудрым дарадцам для многіх яго жыхароў. Не злічыць усе артыкулы, напісаныя ёй за гэты час, не ўзгадаць усіх герояў яе публікацый, многія з якіх сталі яе асабістымі сябрамі.

Неацэнны ўклад Таіса Сямёнава ўнесла ў напісанне раённай кнігі “Памяць”.

На Астравеччыне раскрыўся яе пісьменніцкі і паэтычны талент. Яе вершы і апавяданні часта друкаваліся на старонках раённай газеты, а затым увайшлі ў зборнік “Давясёлкі”, які выдала рэдакцыя “Астравецкай праўды” ў 2017 годзе.

Тут сустрэла яна і сваё асабістае шчасце: з мужам Дзіанізіем Сямёнавічам яны пражылі не вельмі доўгае, але шчаслівае жыццё ў любові і згодзе.

Пасля выхаду на пенсію Таіса Сямёнава не парывала сувязей з рэдакцыяй: часта заходзіла да нас, прыносіла свае артыкулы і заметкі, была аўтарам праекта “Залаты ўзрост”.

Яна вяла насчанае грамадскае жыццё: спявала ў ансамблі “Аксаміткі” ТЦСАН і ў хоры ветэранаў, з’яўлялася актыўнай прыхаджанкай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла.

І вось яе не стала… Цяжка ўявіць рэдакцыю без яе візітаў, газеты – без яе матэрыялаў. Нібы часцінку душы забралі ў нашых супрацоўнікаў, у яе шматлікіх рэальных і віртуальных сяброў.

І ўсё ж мы верым, што яна – па ранейшаму з намі. Бо чалавек жыве, пакуль яго помніць.

Светлая памяць вам, шаноўная Таіса Сямёнаўна! Вы назаўжды застанецеся ў нашых малітвах і нашай памяці.

Развітанне з Таісай Сямёнаўнай Сямёнаўнай адбудзецца у царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла 16 жніўня ў 13.00.


Калектыў рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”