Балючая адзінота: аўтарскі ракурс Ніны Рыбік

13:00 / 01.08.2024
…У той магазін заскочыла выпадкова, ён далёка ад майго дома, я там амаль не бываю. А тут нібы нешта пацягнула…



І сустрэла на ганку даўнюю знаёмую: перасякаліся па рабоце, калі яна яшчэ працавала. Сяргееўна выходзіла з кра­мы, цяжка абапіраючыся адной рукой на кавеньку; сумка на калёсіках, нагружаная пра­дук­тамі, адначасова служыла апорай для другой.
Звычайна скупая на эмо­цыі, на гэты раз знаёмая ўзрадавалася мне, як роднай.
– Можа, вы праводзіце мяне крышку? – як звычайна, адмо­віўшыся ад дапамогі («Я сама, ужо прызвычаілася»), нечакана прапанавала яна.
І мы паціху пайшлі па вуліцы…
…Ад агульных знаёмых я ведала, што жыццё ў гэтай немаладой жанчыны няпростае. Але, баючыся закрануць балючае, задала дзяжурнае пытанне:
– Як вы?
– Як? – яна спынілася, па­гля­дзела празрыста-блакітнымі, як неба ў той веснавы дзень, вачыма і ўздыхнула:
 – Ведаеце, часта думаю: хай бы лепей я не нарадзілася…
Я, як ні старалася, не змагла стрымаць слёз… Гэтая жанчына для мяне заўсёды была ўзорам інтэлігентнасці, пра­фе­сіяналізму, тактоўнасці, унут­­­ранай культуры, высака­род­­­­насці. На яе рахунку – дзя­сят­­кі, калі не сотні ўра­таваных жыццяў.
(Адзін толькі прыклад. Пакуль мы паволі, ціха размаўляючы, ішлі па вуліцы, нас, кіўнуўшы ў знак прывітання, абагнала жанчына на веласіпедзе. Пра­ехаўшы наперад, развярнулася, параўняўшыся, спынілася: «Сяргееўна, гэта вы?! Як жа я рада вас бачыць! Маме скажу – таксама ўзрадуецца! Памятаеце, гэта ж вы мяне, маленькую, уратавалі? Мама мне сто разоў пра тое расказвала!») 
З мужам яны пражылі доўгае жыццё – не ведаю, наколькі шчаслівае, але саюз іх быў прыкладам добрапрыстойнасці.  Выгадавалі дваіх сыноў.
І вось цяпер, на схіле гадоў, – «лепей бы я не нарадзілася»!
…Абодва сыны раслі добрымі паслухмянымі хлопцамі. Паспяхова закончылі школу, атрымалі вышэйшую адукацыю.
А далей іх дарогі пайшлі ў дыяметральна супрацьлег­лых накірунках. Старэйшы хутка рухаўся па службовай лесвіцы, калі ў 90-х усё абвалілася, пера­будаваўся, асвоіў новую спецыяльнасць і тэхналогіі. Цяпер працуе за мяжой. Часта тэле­­фануе маці, час ад часу праведвае, прапануе забраць да сябе. Яна не пагаджаецца: позна ўжо старую яблыню ад зямлі адрываць, не прыжывецца на новым месцы…
Малодшы гэтак жа імкліва, як брат уздымаўся ўгору, каціўся ўніз: мяняў работы, жонак, сяброў… І ўрэшце апы­нуўся ў адзіным месцы, адкуль не прагоняць, дзе накормяць і абмыюць, – у матчынай кватэры. Разам са сваёй апошняй «спадарожніцай», апалагеткай такога ж ладу жыцця, дзе галоўная каштоўнасць – бутэлька. Ці трэба казаць, што абое нідзе не працуюць, перабіваючыся выпадковымі за­роб­камі, якія ідуць на выпіўку, а іх утрыманне цалкам легла на плечы пажылой жанчыны.
Але не гэта самае страшнае – яна іх утрымлівае даўно. Ды раней двое бэйбусаў жылі асобна, а цяпер пасяліліся ў яе кватэры. І маленькі ўтульны свет Сяргееўны, які яна так клапатліва і карпатліва, не шкадуючы сваіх невялікіх сіл і магчымасцей, стварала і аберагала, – разбіўся, як крыштальная ваза…
– Не, яны не зневажаюць мяне ні маральна, ні фізічна, – папя­рэджвае маё пытанне жанчына. – Але жыццё ператвары­лася ў пекла. Як гэта ні цяжка прызнаваць, але мой сын – поўная фізічная і маральная нікчэмнасць…
Бачыць і ўсведамляць гэта, мусіць, і ёсць самае балючае для маці…
…Здаецца, Ганне Ахматавай належаць словы: «Нават самыя таленавітыя вершы не могуць сагрэць ноччу ў халодным ложку». Сотні ўратаваных і вылечаных пацыентаў, стосы грамат, аўтарытэт і павага – што яны азначаюць, калі свой век жанчына з празрыста-блакітнымі вачыма дажывае, не могучы ноччу заснуць ад п’яных оргій сына, а днём, абапіраючыся на кавеньку, паволі брыдзе ў бліжэйшы магазін, каб купіць што-кольвечы з прадуктаў і згатаваць яму абед.
…Скурай адчуваю абурэнне многіх чытачоў: чаму ж яна дазваляе вялікаўзроставаму лайдаку так з сабой абыходзіцца? Чаму ўтрымлівае яго? Няўжо няма на яго ўправы? Ёсць жа міліцыя, сацыяльныя службы – хай звяртаецца!
Каюся – і я дала жанчыне няпрошаную параду:
– Мо, вы б у Падольцы, у дом сумеснага пражывання, папрасіліся? Хоць бы ў спакоі апошнія дні дажывалі…
– Што вы! – жанчына горка ўсміх­нулася. – Ён жа за ты­­дзень кватэру разнясе… Не, хай ужо будзе як ёсць… За нешта ж Бог даў мне гэтае пакаранне. Ці для нечага?
Я не знайшла, што адказаць, што параіць. 
А вы?

Фото istockphoto.com/ru

Текст: Нина Рыбик