Па схеме махляроў: атрымайце падарунак на пошце
Некалі, яшчэ ў верасні 2021 года, я расказвала на старонках “Астравецкай праўды”, як махляры ашукалі маю прыяцельку: даслалі ёй “сертыфікат” на 350 рублёў, за атрыманне якога трэба было заплаціць 39.90. За той сертыфікат можна было набыць тавары з “каталога” – раздрукаванага на чорна-белым прынтары спісу тавараў сумніўнай якасці па завышаным кошце. Мала таго, што такі “дэфіцыт” і дарма нікому не патрэбен, дык за перасылку кожнага “падарунка” трэба было заплаціць амаль 20 рублёў.
Жыццё, кажуць, ідзе па спіралі... Ці па крузе?
Не так даўно падобны “падарунак” прыляцеў і да мяне... Нават не ведаю, чым я заслужыла такое шчасце, але аднойчы прыемны жаночы голас з незнаёмага тэлефоннага нумара паведаміў, што мне належыць падарунак: банкаўская картка на 2100 рублёў. І аплаціць ёй можна што заўгодна: прадукты, прамысловыя тавары, бытавую тэхніку, навучанне. Спакусліва, праўда? А яшчэ за кіламетр махлярствам патыхае, прама водар спакусы перабівае...
Звычайна, калі мне прапануюць падобныя “падарункі”, адмаўляюся з парога, памятаючы пра бясплатны сыр і мышалоўку. А тут задумалася: цікава, а з банкаўскай карткай як можна махляваць? Журналісцкая цікаўнасць узяла верх – і я махнула рукой: так і быць, высылайце сваю картку, праверым на сабе, што яшчэ вы там прыдумалі…
Літаральна праз дзень мне з таго ж тэлефоннага нумара паведамілі – яшчэ хутчэй чым пошта прыслала паведамленне, – што на маё імя прыйшла пасылка (для перасылкі пластыкавай карткі спатрэбілася цэлая пасылка!). За яе ўпакоўку і перасылку трэба заплаціць наложаным плацяжом 64 рублі. Калі ўлічыць, што перасылка пасылкі вагой да 1 кілаграма ў межах Беларусі – а тэлефанавалі з нашай краіны – з нядаўняга часу каштуе 3 рублі, а раней было і таго менш, то ўзнікае пытанне: у што ж тую картку ўпакавалі? Ці не ў залатую паперу?
...Была ў мяне спакуса ахвяраваць 64 рублі – не самыя вялікія грошы – і даведацца, як працуе чарговая схема махлярскага “разводу на грошы”. Але начальнік аддзела эканомікі райвыканкама і па сумяшчальніцтве старшыня раённага таварыства абароны спажыўцоў Вольга Сілюк, да якой я звярнулася за кансультацыяй, параіла не рабіць гэтага. І падзялілася спасылкай на артыкул, дзе ўсё ў дэталях і слязах апісалі тыя, хто ўжо трапіў у прыгожую пастку, захацеўшы пакаштаваць бясплатнага сыру.
Аказалася, што схема тая ж, на якую у свой час “клюнула” мая прыяцелька (ёсць падазрэнне, што і махляры тыя ж: фармальна яны нічога не парушаюць і, відаць, працвітаюць да гэтага часу. Так што чакайце – маагчмыа і вас хутка “ашчаслівяць”). Падарункавай карткай на 2100 можна разічыцца не за ўсё. Што вам захочацца, і не ўсюды, а толькі за тавары і паслугі, указаныя ў “каталогу” (на гэты раз не адзін, а цэлых тры аркушы усё з тым жа чорна-белым невыразным тэкстам), і купіць нешта з разраду “на табе, божа, што нам нягожа”. Да прыкладу, жаночы набор “пяць у адным”, у які ўваходзіць кітайская цуда-мазь, якая лечыць літаральна ўсё, кулон, бранзалет, завушніцы і брошка са стразамі. “Каталог” ацэньвае гэты набор у 2280 рублёў – і ў дадатак да грошай з “падарункавай” банкаўскай карткі за яго трэба даплаціць 180 рублёў з уласнага кашалька. Ды яшчэ і за перасылку 19.90! Як вам лахатрон?
Дзякуй Вользе Сілюк за параду.Пправодзіць эксперыменты са сваім бюджэтам я не стала: і без таго ва ўсім разабралася.
Але тут пачалося самае цікавае!
Штодня той самы жаночы голас, які з кожным разам станавіўся ўсё менш прыемным, цікавіўся, ці забрала я пасылку. Калі ж адказала, што забіраць не збіраюся, пачаліся пагрозы. Вось якое sms-паведамленне я неўзабаве атрымала (цытую з асаблівасцямі правапісу):
“Просим забрать Вашу посылку на Вашей почте. Обращаем Ваше внимание, что сейчас действуют новые правила, если вы не забираете посылку, неоплаченная сумма доставки, оплаты госпошлины и другие вытекающие расходы могут быть взысканы через суд. На основании Вашего согласия, на отправление карты, отправитель оплачивает почтовые расходы не по Вашей предоплате за данную услугу почте, а из своих личных средств. Без Вашего согласия посылка не была бы отправлена. Также если Ваша посылка вернётся за не востребованием, отправителю придётся оплачивать сумму за возврат данной посылки. Т.к. посылка, имеет ценное вложение – сумма за доставку карты составляет более чем за обычное, бесценное отправление. Оплачивать картой можно обучение с такими подарочными товарами как: продукты, промтовары, технику и др., на своё усмотрение, с доставкой в своём городе или за его пределами. Данная информация является досудебным решением вопроса по поводу неуплаты Вашей посылки. Просим Вас забрать посылку в течение трёх рабочих дней, чтобы исключить дополнительные юридические и судебные издержки”.
Канешне, слова “суд” палохае нашых людзей нават больш, чым магчымасць пазбавіцца 64 рублёў. Мне таксама не вельмі хацелася туды ісці ў якасці адказчыка. Але вырашыла давесці эксперымент да канца...
...Я хацела напісаць гэты артыкул раней, па гарачых слядах, але ўсё чакала, калі ж на мяне пададуць у суд. Не дачакалася...
Выходзіць, што я сама махляроў абдурыла? Заплацілі за перасылку пасылкі туды і назад, за яе захоўванне на працягу месяца – а жаданага даходу не атрымалі?
Так ім і трэба!