Дзеці бегаюць і крычаць: гэта добра ці дрэнна?
09:00 / 07.08.2024
Вось і я перш не хацела браць трубку; затым, калі ўсё ж рашылася і пачула, што званок з міліцыі, – працягваць размову: адкуль я ведаю, што са мной сапраўды размаўляе ўчастковы інспектар, а не тэлефонны махляр? Мне ўжо неяк тэлефанаваў «следчы па асоба важных справах» з Туніса і «супрацоўнік» Беларусбанка з Нідэрландаў. Ну і што, што на гэты раз тэлефон з беларускім кодам? Калега расказвала, што ёй таксама нядаўна патэлефанавалі з беларускага нумара і прапанавалі перааформіць дагавор, які яна ніколі не заключала… І я ў абодвух выпадках, і калега своечасова палічылі за лепшае даць адбой размове, бо тэлефонныя махляры, расказваюць, тыя яшчэ псіхолагі і гіпнатызёры: не паспееш апамятацца, як грошы з рахунка знікнуць…
Але мужчынскі голас быў прыемны, ніякімі грашовымі катаклізмамі мяне не палохаў і пашпартных дадзеных не патрабаваў. І я прадоўжыла размову…
…Суразмоўца насамрэч аказаўся нашым участковым інспектарам. Ён прасіў, каб я пацвердзіла ці абвергла скаргу, што паступіла ў міліцыю ад жыхароў нашага двара. Хто скардзіўся, не сказаў, а вось на што… Нізавошта не здагадаецеся! Я б, да прыкладу, да такога не дадумалася… Аказваецца, дзеці ў двары – у іх жа цяпер канікулы! – бегаюць, крычаць і перашкаджаюць адпачываць пажылам людзям! Не больш і не менш…
...Я, што называецца, выпала ў асадак… На кожным кроку бацькі, настаўнікі і іншыя дарослыя скардзяцца, што дзяцей цяпер не выцягнуць з гаджэтаў, не выгнаць на вуліцу, што яны анемічныя, не ўмеюць бегаць, лазіць па дрэвах, баяцца нават катоў і ўвогуле – «няма таго, што раньш было». І вось на табе: адлажылі тэлефоны, выйшлі ў двор, сталі гуляць у вайнушку, жмуркі ці што яшчэ яны там прыдумалі, дык дарослым зноў дрэнна: адпачываць ім, ці бачыце, перашкаджаюць, сон іх абедзенны парушаюць!
…Так, мяне таксама многае абурае ў паводзінах дзяцей і падлеткаў. Да прыкладу, калі яны ідуць, гучна размаўляючы, – і палова слоў, што лёгка вылятаюць з іх вуснаў, з паметкай «не для друку». Рызыкуючы «нарвацца», я ў такіх выпадках звычайна цікаўлюся, у якой школе яны вучацца і хто іх бацькі, каб падзякаваць за выхаванне… Не заўсёды і не ўпэўнена, што надоўга, але часам дзейнічае. Ці калі дзеўчынёха, вусначкі якой яшчэ не страцілі дзіцячай прыпухласці, горда, напаказ цягне да іх запаленую цыгарэту, маўляў, глядзіце, якая я дарослая, крутая, і мне пляваць, што вы пра мяне думаеце. Так і хочацца сказаць: дурнічка ты маленькая, прыйдзе час – і сто разоў пашкадуеш, што так рана стала «дарослай» і «крутой».
А дзеці, якія пад маім балконам «гуляюць у дом» і гучна высвятляюць, хто ў сям’і галоўны; навыперадкі носяцца па дарожках, рызыкуючы збіць мяне з ног ці разбіцца самім; гушкаюцца на арэлях, перабіваючы іх гучнае рыпенне яшчэ гучнейшым смехам, – не, не раздаражняюць.
…Я так і адказала ўчастковаму: мне дзеці не перашкаджаюць. Найперш таму, што я ў гэты час на рабоце і не магу дазволіць сабе абедзенны сон (хоць, калі па праўдзе, часам зайздрошчу японцам і фінам, дзе ён уведзены ў абавязковы расклад дня, і нават спецыяльныя памяшканні для гэтага абсталяваны – кажуць, моцна павышае прадукцыйнасць працы).
І параіла міліцыянеру растлумачыць той жанчыне (унутраны голас мне падказвае, што скардзілася менавіта жанчына), што дзеці – на тое і дзеці, каб бегаць, скакаць, крычаць, куляцца, насіцца, біцца і мірыцца, рабіць шкоду і прасіць за гэта прабачэння – рабіць усё тое, што ў сваім басаногім дзяцінстве рабіла я сама і, упэўнена, тая самая скаржніца і яе ўжо дарослыя дзеці. Якія, цалкам магчыма, былі тымі самымі падлеткамі з нашага двара, якія некалі па ўласнай ініцыятыве пасадзілі тут дрэвы, у ценю якіх сёння хаваюцца ад спёкі і ладзяць імправізаваныя «пікнікі» ўжо іх дзеці. А яшчэ зрабілі альтанку (не прасілі, не патрабавалі «Дайце нам» – самі пабудавалі!) і спявалі там вечарамі песні пад гітару. Так, на іх таксама касавурыліся, маўляў, яшчэ невядома, чым яны ў той альтанцы займаюцца, і ўвогуле – іх песні перашкаджаюць дарослым людзям адпачываць. А падлеткі тыя, між тым, амаль усе выраслі харошымі людзьмі.
Хочацца спадзявацца, што такімі ж стануць і іх сапраўдныя ці ўмоўныя дзеці, якія цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, бегаюць у мяне пад вокнамі, смяюцца і крычаць.
Хай бегаюць – і спазнаюць увесь смак сапраўднага дзяцінства!