Што радуе, а што засмучае на ўборцы галоўнага агранома саўгаса “Падольскі” Дзмітрыя Малючэка
19:00 / 05.08.2024
Чым адметная гэта жніўная кампанія для РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», якія культуры парадавалі галоўнага агранома, як у вадзіцеля гэтай гаспадаркі атрымалася хутчэй за астатніх перавезці тысячу тон, што б змянілі ў жніўным спаборніцтве камбайнеры – даведалася з першых вуснаў.
Дзмітрый Малючак, галоўны аграном:
– Чалавек мяркуе, а бог выракуе – здаецца, так? Гэтымі словамі цалкам можна ахарактарызаваць сёлетнюю ўборку. Набегі невялікіх ліпеньскіх дажджоў моцна не шкодзілі масавай уборцы, а апошні лівень, які, думаю, папсаваў нервы не мне аднаму, спыніў жніво на некалькі дзён. Спатрэбілася яшчэ некалькі сутак, каб саспелыя пасевы прасохлі. Паклала месцамі не толькі збожжавыя, але і кукурузу. Адзіная культура, якой на карысць пайшлі дажджы, – цукровыя буракі.
Збожжавы клін сёлета складае 2 370 гектараў, з якіх каля 70% ужо абмалацілі. Прызнаюся, ураджай парадваў. На круг хлопцы бяруць без малога 40 цэнтнераў, што на 10 больш за мінулы год. Гібрыднае жыта ўвогуле сыплецца за 60 цэнтнераў.
Пад азімым ячменем было ажно 500 гектараў – найбольшая плошча ў раёне сярод гаспадарак. Гэта культура летась добра сябе зарэкамендавала, а сёлета сыпалася горш за яравую. Зярняты дробныя, шчуплыя – нават не скажу, з чым гэта звязана, бо і ўгнаенні, і хімію ўносілі ў поўных аб’ёмах і своечасова.
У вырошчванні крыжакветкавага цалкам перайшлі на гібрыды: сарты ўжо не сеем, таму што розніца па ўраджайнасці істотная. Намалацілі крыху больш за 1 400 тон рапсу ўраджайнасцю 35,6 цэнтнераў з гектара.
Сёлета купілі «Фьюжэн», на прэсаванні саломы задзейнічаны яшчэ 2 «Тарнада». Запускалі іх, лічы, пасля камбайнаў, таму салома прэсавалася своечасова. Звыш тысячы гектараў ад яе вызвалены, каб можна было хутчэй рыхтаваць палі да сяўбы рапсу, а потым і азімых збожжавых.
Але найбольш мяне радуюць людзі. Трэба да 11-ці вечара папрацаваць – значыць трэба, ніякіх пытанняў не ўзнікае. Хлебаробы, як ніхто, разумеюць кошт хлеба. Працаўнікоў стараемся не крыўдзіць: звёны тасуем па палях. У нас няма такога, каб кагосьці ставілі выключна на ўраджайныя ўчасткі, таму і намалоты ў экіпажаў прыблізна на аднолькавым узроўні.
…На якую адзнаку ацэньваю сёлетняе жніво? Да навальнічнага фронту сказаў бы, што на «пяцёрку»: і травы, і збожжа, і іншыя культуры цешылі вока. Цяпер не да адзнак, галоўнае – убраць ураджай.