У гасцёўні “АП” –першыя маладыя камбайнеры-“тысячнікі” раёна Іван Бародка і Алег Бразевіч
Прыклад першых сярод маладзёжных экіпажаў-«тысячнікаў» – старшага камбайнера Івана Бародкі (на фота справа) і яго памочніка Алега Бразевіча з КСУП «Гудагай» можна лічыць узорным. Маладыя людзі мэтанакіравана выбралі спецыяльнасць аграпрамысловага накірунку, не першы год летам становяцца камбайнерамі, перамагаюць у працоўным прафсаюзным спаборніцтве і знаходзяцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі.
Ведаю, што ў полі камбайнераў не разгаворыш: у хлебаробаў кожны пагодлівы дзень на асаблівым рахунку, як і кожная намалочаная тона. Таму наведалася ў механічныя майстэрні ў Малі на наступны дзень пасля дажджу, дзе хлопцы з калегамі па жніве чакалі, пакуль прасохне збажына і можна будзе ўбіраць саспелы хлеб.
Камбайнер камбайнеру – сябар ці вораг, што можна купіць на жніўны заробак і чаму пшаніца б’е ўсе рэкорды па папулярнасці ў механізатараў – пра гэта і іншае пагутарыла з першымі маладымі «тысячнікамі» раёна.
– Цяпер вы працуеце на камбайне, а чым займаецеся ў жыцці? І якая па ліку для вас гэтая ўборка?
Іван:
– У КСУП «Гудагай» я загадчык майстэрняў у Малях. Таму як выдавалася вольная хвіліна, быў ля камбайна. Замянілі няшмат дэталей, але давялося папрацаваць. Зазначу, што ўсе механізатары нашай гаспадаркі без спешкі, па толку і прадумана, а галоўнае – своечасова падрыхтавалі свае камбайны да мас-старта.
У маім жыцці гэта 12-я ўборка, прычым у якасці старшага камбайнера. На 2-м курсе Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа – вучыўся па мэтавым накіраванні ад КСУП «Гудагай» – была магчымасць атрымаць правы на камбайн, чым і скарыстаўся. Летнія канікулы хацеў правесці не ўпустую, а падзарабіць. З просьбай звярнуўся ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, адтуль мяне накіравалі ў КСУП «Гудагай». Думаў, што буду памочнікам і падвучуся ў больш вопытнага хлебароба. Павел Парфёнавіч (Гваздоў, галоўны інжынер. – Заўв. А.Г.) размеркаваў па-свойму і паставіў мяне старшым камбайнерам. Першы сезон, не ведаў, што і да чаго, не да канца разумеў спецыфіку работы… Пашчасціла, што памочнікам у мяне быў вопытны механізатар, за плячыма якога не адна ўборка, – Іван Рамуальдавіч Герасім. Удзячны яму за дапамогу, парады, падказкі – ён, як настаўнік, усяму навучыў на практыцы. Потым я ўзяў новы камбайн «Палессе», на ім і жну 7-мы сезон.
Алег:
– Памочнікам у Вані 4-ты сезон. А так працую даглядчыкам на малочна-таварным комплексе «Смілгі». Захацеў падзарабіць грошай, ды і падабаецца на камбайне.
– Саперніцтва паміж экіпажамі – міф ці праўда?
Іван:
– Невялікае ёсць, але з году ў год дух спаборніцтва знікае.
Алег:
– Зразумела, не толькі мы ў нашай гаспадарцы хацелі ўзяць «тысячу».
– Да перамогі ў працоўным спаборніцтве ішлі мэтанакіравана ці, як кажуць, так зоркі сышліся? Што адчулі, калі зразумелі што вы першыя сярод моладзі?
Алег:
– Адразу настрой узняўся!
Іван:
– Прызнацца, не думаў, што будзем першымі сярод маладых камбайнераў. Ды і дужаліся з іншым экіпажам: хто – каго…
– З Сяргеем Семянцовым?
Іван:
– Так. (Усміхаецца). Хоць напачатку ўборкі нават не цікавіўся, колькі мы набіваем за дзень і якое месца займаем у рэйтынгу КСУПа і раёна. Калі мелі 700 тон, стаў штодзень маніторыць сайт Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Здорава, што яны пастаянна абнаўляюць інфармацыю па кожным удзельніку жніва сярод камбайнераў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў.
Сяргей з напарнікам некалькі дзён запар апярэджваў нас на некалькі дзясяткаў тон, а да тысячы заставалася рукой падаць. Я 12 сезонаў за старшага, а Семянцоў быў памочнікам, толькі сёлета за галоўнага. Не саступіць для мяне ўжо была справа, можна сказаць, камбайнерскага гонару. Калі з Алегам намалацілі 950 тон, дакладна ведалі, колькі нам засталося набіць да запаветнай тысячы. На 9-м бункеры віншавалі адзін аднаго, усведамляючы, што мы малайцы – зрабілі гэта.
Калі набіваеш тысячу, выдыхаеш і з палёгкай, і з такім задавальненнем, што словамі не перадаць, а потым працуеш далей.
– Якую культуру любіце найбольш і чаму?
Іван:
– Упэўнены, кожны камбайнер адкажа, што пшаніцу. Па-першае, яна лёгка вымалочваецца, па-другое, зерне больш цяжкае ў адрозненне ад іншых збожжавых.
Алег:
– Цяпер убіраем рапс, але я таксама люблю пшаніцу. Добры танаж дае! Мала таго, што крыжакветкавы складаней вымалаціць, дык яшчэ ён горш сыплецца за збожжавыя.
– Чым адметная гэтая ўборка?
Іван:
– Тэрмінамі. Не толькі я, але і старэйшыя механізатары не прыгадаюць, каб калісьці так рана жалі. На календары яшчэ ліпень, а мы ўжо «тысячу» маем. (Усміхаецца.) Можа, і другую возьмем? Але зазіраць і загадваць наперад не буду. Найбольш за ўсе сезоны набіваў звыш 2-х тысяч тон, праўда, некалькі соцен намалаціў на варнянскіх нівах – мы ім дапамагалі пасля заканчэння ўборкі ў нашай гаспадарцы.
Алег:
– Перамогай. Радасна, што мы першыя.
– На што плануеце патраціць заробленыя падчас уборкі грошы?
Іван:
– За грошы, якія зарабіў на ўборках, купіў кватэру. Давялося, канешне, дадаваць, але асноўную частку пакрылі менавіта жніўныя зарплаты.
Алег:
– Жыву ў прыватным доме, таму хачу зрабіць рамонт ці набыць штосьці з бытавой тэхнікі.
– Малайцы, хлопцы. Віншую з перамогай. Вы сапраўдныя героі!